Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэатар паводле разнарадкі


Гарадзенскі абласны тэатар
Гарадзенскі абласны тэатар
Акторы Гарадзенскага аблдрамтэатру з-за непаважлівых паводзінаў гледачоў — гарадзенскіх школьнікаў, якія падчас пастаноўкі размаўлялі, сьмяяліся, уголас камэнтавалі — спынілі спэктакль, заявіўшы, што з больш нахабнымі паводзінамі гледачоў ім у тэатры сустракацца не даводзілася. З гэтае нагоды ў сацыяльных сетках разгарэлася дыскусія пра паводзіны як школьнікаў, так і актораў.

Сёньня ў тэатры не давялося сустрэцца ні з кім з актораў, хто быў задзейнічаны ў спэктаклі. Але супрацоўнікі тэатру наперабой казалі, што такіх паводзінаў гледачоў ніхто ня памятае.

У школах, вучні якіх прысутнічалі ў той вечар на спэктаклі, пэдагогі на гэтую тэму гавораць неахвотна. Так вось мне адказала завуч аднае з школаў:

Спадарыня: «Ведаеце, нічога камэнтаваць ня буду, прабачце…»

Завуч па выхаваўчай працы яшчэ аднае школы на маё пытаньне — як магло стацца, што дзеці павялі сябе так у тэатры — адказала, што яна ўпэўненая ў тым, што сьвісталі і крычалі падчас спэктаклю вучні не яе школы. Выказала яна і свае меркаваньні наконт таго, чаму так адбылося:

Спадарыня: «Прычыны дзьве. Па-першае, прысутнічала вялікая колькасьць дзяцей. А па-другое, адпачатку быў вельмі дрэнны гук, а калі дзецям не чуваць, яны пачынаюць паміж сабой размаўляць. А потым пачалася лявіна, якую спыніць было немагчыма. Вось і ўсё, вось дзьве прычыны».

Настаўніца з больш чым 30-гадовым досьведам Любоў Дзергачова зьвяртае ўвагу: цяпер сыстэма адукацыі збудаваная так, што школьнікі нават клясычную літаратуру вывучаюць, практычна не чытаючы саміх тэкстаў, але затое на кожным кроку — разнарадка:

«Нейкі чэмпіянат — калі ласка, на хакей, „стопроцентный охват питанием“, 1 траўня, усе гэтыя ўскладаньні кветак, нейкія піянэрскія сьвяты, нягледзячы на тое, што піянэраў няма. Паўсюль у школе існуе разнарадка, але ж гэтая разнарадка не распаўсюджваецца на душу. Памятаеце, як некалі памешчыкі, дваране сваіх дзяцей выхоўвалі…»
Паўсюль у школе існуе разнарадка, але ж гэтая разнарадка не распаўсюджваецца на душу

Я пацікавіўся ў настаўніцы аднае зь вясковых школаў — што яна думае пра інцыдэнт у тэатры? Выкладчыца літаратуры з 18-гадовым досьведам адказала, што іхнія дзеці так бы ніколі сябе не паводзілі, бо на вёсцы паміж настаўнікам і вучнем інакшая сувязь:

«Я, да прыкладу, жыву на вуліцы, дзе побач жывуць мае вучні. І настаўнікі ў нас усе мясцовыя. І гэтая сувязь паміж намі мацнейшая, бо, яшчэ ідучы на працу, можна з бацькамі пагаварыць, распавесьці, у іх запытацца. З аднаго боку хоць і кажуць, што мы вясковыя, але, з другога боку, праз гэтую сувязь у дзяцей нейкая большая адказнасьць існуе».

Маці аднаго з вучняў, які прысутнічаў на спэктаклі, спадарыня Галіна, апавяла, што такія паводзіны дзяцей сустракаюцца даволі часта. Яна кажа, што ані ў школе, ані наагул у грамадзтве ніхто ня лічыцца з думкамі і жаданьнямі дзяцей, ужываюцца толькі камандныя і адміністрацыйныя мэтады, творчага падыходу да дзяцей няма, і вось у выніку — такая рэакцыя:

«Ну вось яны прыйшлі ў тэатар, многіх прымусілі туды ісьці. Яны пайшлі, але самі сабе зрабілі тое, што ім хацелася — яны бавіліся, нягледзячы ні на што. А можа, ім нешта там і не спадабалася».

У той вечар у Гарадзенскім аблдрамтэатры ставілі камэдыю-фарс «Будзьце здаровыя» паводле п’есы францускага драматурга П’ера Шэно. У залі быў аншляг — каля 600 гледачоў, вучні 5–9 клясаў гарадзенскіх школаў і іх настаўнікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG