Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Просьба на 2 мільярды: «Іншых надзей, акрамя Расеі, няма»


Сьвятлана Калінкіна
Сьвятлана Калінкіна
Афіцыйны Менск мае намер папрасіць у Расеі крэдыт памерам 2 мільярды даляраў на мадэрнізацыю эканомікі з магчымасьцю яго пагашэньня да 2027 году. Ці дасьць Масква гэтыя грошы і на якіх умовах? Чаму беларускае кіраўніцтва зноў вымушанае зьвяртацца па крэдыты і колькі грошай патрэбна беларускай эканоміцы? На гэтыя пытаньні адказвае намесьнік галоўнага рэдактара газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна.

Цыганкоў: «Наколькі абгрунтавана гучыць такая фармулёўка — „на мадэрнізацыю эканомікі“? Ці дасьць Масква гэтыя грошы адразу альбо будзе выстаўляць пэўныя ўмовы?»

Калінкіна: «Фармулёўка гучыць даволі дыпляматычна і неканкрэтна. Раней мы прасілі крэдыты на больш канкрэтныя мэты — падтрыманьне беларускага рубля, увядзеньне адзінай валюты. Цяпер „на мадэрнізацыю“ — гэта не абавязвае Беларусь ні да чога канкрэтнага.

Але зразумела, што грошы патрэбныя. Бо ў краіны вялізныя даўгі, іх трэба выплачваць, эканоміка бяз новых крэдытаў не пратрымаецца. Мяркую, менавіта гэтым беларускі бок і будзе абгрунтоўваць сваю просьбу.

Іншых надзей, акрамя Расеі, цяпер няма. Кітайскія крэдыты — зьвязаныя, пад канкрэтныя праекты і кітайскае абсталяваньне, якое не заўсёды працуе ў беларускіх умовах. Напрыклад, цэмэнтныя заводы ніяк ня могуць запусьціць. Крэдыты ад міжнародных фінансавых арганізацыяў у Беларусь не ідуць і ў найбліжэйшыя гады не прадбачацца.

Таму адна надзея — зноў на Расею, і Беларусь будзе шантажаваць Маскву тым, што калі не дадуць грошы, то ўсё тут разваліцца і будуць сур’ёзныя праблемы ня толькі ў Беларусі, але і на расейскіх заводах, якія карпаратыўнымі сувязямі зьвязаныя з нашымі».

Цыганкоў: «Існуе пэўная заканамернасьць, што Расея становіцца больш шчодрай і добрай напярэдадні важных палітычных падзеяў у Беларусі, калі Масква ідзе насустрач Лукашэнку. Да выбараў у Беларусі яшчэ два гады. Ці будзе Масква зацягваць час з выдзяленьнем гэтага крэдыту альбо адразу запатрабуе пэўных палітычных і эканамічных саступак у абмен на гэтыя два мільярды?»
Беларускі бок будзе абяцаць усё што заўгодна

Калінкіна: «Я б не сказала, што Расея прывязвае выдзяленьне грошай менавіта да палітычных падзеяў. Напрыклад, апошнія прэзыдэнцкія выбары праходзілі „на грошы“ МВФ — і ўмоваў таго крэдыту Беларусь ня выканала.

Апошнім часам Расея дае грошы пад канкрэтныя эканамічныя праекты, і найчасьцей — пад прыватызацыю прадпрыемстваў. Альбо купляючы „Белтрансгаз“, альбо — як крэдыты фонду ЭўрАзЭС — пад абяцаньні прыватызацыі нашых прадпрыемстваў, каб пакупнікамі былі расейскія бізнэсмэны.

Гэтыя ўмовы не былі выкананыя, таму, я думаю, перамовы пра новы крэдыт будуць ісьці досыць складана. І, відаць, беларускі бок будзе абяцаць усё што заўгодна — МАЗ, нафтаперапрацоўчыя заводы, „Дружбу“. Але як пойдуць перамовы — гэта вялікае пытаньне».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG