Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці зможа Беларусь праводзіць палітыку балянсаваньня паміж Расеяй і Захадам?


Аляксандар Лукашэнка паляцеў у Сочы на запрашэньне Ўладзімера Пуціна, а Ўладзімер Макей у Тбілісі ўдзельнічае ў міністэрскай сустрэчы праграмы «Ўсходняе партнэрства». Які актуальны парадак беларуска-расейскіх адносін? Ці зможа міністар замежных спраў Беларусі размарозіць дачыненьні з Эўразьвязам? Наколькі верагоднае вяртаньне афіцыйнага Менску да палітыкі лявіраваньня паміж Усходам і Захадам?

Удзельнікі: кіраўнік аналітычных праектаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч.


Які актуальны парадак беларуска-расейскіх адносін?


Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Старыкевіч
Аляксандар Старыкевіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч: «Усе назіральнікі зьвярнулі ўвагу на раптоўнасьць і тэрміновасьць паездкі Лукашэнкі ў Сочы. Чамусьці ніяк ня можа адбыцца паседжаньне дзяржсавету саюзнай дзяржавы, правядзеньне якога анансавалася яшчэ мінулым годам. Ці магчымы варыянт, што сустрэча і перамовы Пуціна і Лукашэнкі ўвогуле не адбудуцца? Такое здаралася падчас мінулых візытаў Лукашэнкі ў Сочы. Хто больш зацікаўлены ў магчымых перамовах? І які магчымы парадак дня гэтых перамоваў?»

Аляксандар Класкоўскі: «Думаю, што сустрэча Лукашэнкі з Пуціным усё ж адбудзецца. Бо інакш гэта было б ужо вельмі жорсткае стаўленьне да беларускага лідэра. Усё ж прэзыдэнт Расеі яго запрасіў у госьці. Хоць у прылазьніку могуць і патрымаць.

Сам факт, што Лукашэнка усё кінуў-рынуў і паляцеў у Сочы, — таксама яскравая дэталь, якая паказвае, наколькі сёньня Беларусь залежыць ад Расеі. Фактычна Пуцін сёньня вырашае, дыхаць ці ня дыхаць беларускай эканоміцы.

Цяпер РФ намацала новую тактыку адносна Беларусі, новае ноў-хаў. Раней Масква і Менск тузаліся за энэрганосьбіты раз на год. Цяпер РФ пачала „падвешваць“ Беларусь паквартальна, разьлічваючы, што ў такім стане Менск лепш разумее нейкія рэчы. Нафтавы балянс на год падвешаны ў паветры. Думаю, што гэта будзе адной з тэмаў перамоваў у Сочы.

Цікава, што паралельна ў аўторак у Менск прыехаў віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч. Ён будзе весьці перамовы з кіраўніцтвам беларускага ўраду пра прыватызацыю беларускіх актываў расейскімі кампаніямі.

Але ў Лукашэнкі таксама ёсьць козыры. Ён будзе гуляць на тым, што Пуцін зацікаўлены ў прасоўваньні праекту Эўразійскага зьвязу. Лукашэнка гуляе так, каб зацягнуць пэрыяд, калі ён атрымлівае перадаплату за ўдзел Беларусі ў гэтым праекце. А калі пашанцуе, то яшчэ выпрасіць грошы на мадэрнізацыю».

Аляксандар Старыкевіч: «Ці можна лічыць гэты візыт такім ужо раптоўным? Мы ня ведаем, можа, ён і плянаваўся. Нельга выключаць, што сустрэча з Пуціным проста маскіруе паездку Лукашэнкі на чарговы кароткатэрміновы адпачынак.

Што могуць абмяркоўваць? Відавочна, што нават тых шматмільярдных расейскіх субсыдыяў, якія Беларусь атрымлівае ад пачатку функцыянаваньня Мытнага зьвязу, не хапае. А новыя крэдыты, грошы няма дзе браць, акрамя Расеі».


Пэрспэктывы дачыненьняў Беларусі з ЭЗ


Карбалевіч: «Апошнім часам афіцыйны Менск робіць актыўныя захады дзеля нармалізацыі адносін з Эўразьвязам і ЗША. Прычым робіць гэта нават дэманстратыўна. Наколькі вялікая зацікаўленасьць беларускага кіраўніцтва ў размарожваньні дачыненьняў з Захадам? Ці гэта толькі рыторыка? І якая роля ў гэтым працэсе праграмы „Ўсходняе партнэрства“?»

Класкоўскі: «Менск зацікаўлены мець процівагу расейскаму ціску. Таму зноў спрабуе разгойдаць геапалітычныя арэлі. Па-свойму сымбалічна, што Лукашэнка будзе сустракацца з Пуціным у Сочы, а Макей у Тбілісі тым часам, пэўна, сустрэнецца з эўракамісарам Фюле. Пачынаецца вялікая гульня вакол восеньскага саміту праграмы „Ўсходняе партнэрства“ ў Вільні. Вялікае пытаньне, хто туды паедзе ад Беларусі. Бо і Лукашэнка, і Макей — у „чорным сьпісе“. Я маю канфідэнцыйную інфармацыю з Брусэлю, што ўсе краіны ЭЗ выступаюць за тое, каб Макея выключыць з гэтага сьпісу.
Менск хоча размарозіць дачыненьні з ЭЗ, але малой крывёю

Акрамя таго, Менск зацікаўлены атрымаць заходнія грошы, а таксама ўступіць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Таму ў Тбілісі будзе чарговы раўнд закуліснага торгу. Менск хоча размарозіць дачыненьні з ЭЗ, але малой крывёю. Магчыма, будзе нейкае пакетнае пагадненьне».

Старыкевіч: «Лукашэнка ня хоча ісьці на сур’ёзныя саступкі Захаду. Ён хоча размарозіць адносіны з ЭЗ і ЗША на сваіх умовах. А Макей, прыехаўшы ў Тбілісі, проста выконвае свае функцыі міністра замежных спраў. Было ўжо шмат сустрэчаў паміж кіраўніцтвам Беларусі і ЭЗ на высокім узроўні. Але гэта нічым ня скончылася. Пакуль што ўсё гэта — палітычныя жэсты. Пачакаем, калі пачнуцца дзеяньні. А цяпер мы маем не вялікую, а дробную гульню».


Ці верагоднае вяртаньне Беларусі да палітыкі лявіраваньня паміж Усходам і Захадам?


Карбалевіч: «У 2008–2010 годзе беларускія ўлады паказалі, што здольныя даволі ўдала гуляць на супярэчнасьцях паміж Расеяй і Эўропай, атрымліваючы палітычныя і эканамічныя дывідэнды з абодвух бакоў. Ці магчымае паўтарэньне той тактыкі? Ці гэта ўсё ўжо ўчарашні дзень і вярнуцца да палітыкі балянсаваньня немагчыма?

Вонкава выглядае, што беларускія ўлады маглі б вярнуцца да палітыкі балянсаваньня без асаблівых ахвяраў для сябе. Напрыклад, вызваленьне ўсіх палітвязьняў не паўплывала б на трываласьць рэжыму. Але Лукашэнка ўпарта супраціўляецца гэтаму. Чаму?»

Класкоўскі: «Думаю, Лукашэнка баіцца ў гэтым торгу прагадаць. А што тычыцца палітвязьняў, то тут ужо ўключаюцца нейкія псыхалягічныя комплексы.

Што да геапалітычнай гульні. Ужо шмат разоў экспэрты казалі, што ўсё, абшару для геапалітычнага манэўру ў Лукашэнкі няма. Але ўвесь час зьяўляюцца новыя фактары, якія Менск выкарыстоўвае. Вось, напрыклад, цяпер пачаў зьмяншацца ўплыў Масквы на Цэнтральную Азію. ЭЗ пачынае перацягваць Украіну з дапамогаю зоны вольнага гандлю і дамовы аб асацыяцыі. Але і Ўкраіна, і Беларусь — транзытныя дзяржавы, празь якія расейскія энэргарэсурсы ідуць у Эўропу. Таму Расеі трэба мацней сябраваць з Лукашэнкам.

Другі чыньнік. Абвастрыліся адносіны паміж РФ і ЗША і з-за пытаньня Магніцкага, і з-за плянаў Злучаных Штатаў разьмясьціць у Эўропе элемэнты супрацьракетнай абароны. На гэтым тле каштоўнасьць для Масквы Беларусі як геапалітычнага партнэра падвышаецца. І Лукашэнка як спрактыкаваны гулец паспрабуе скарыстаць гэтыя козыры».
Гульні з Захадам былі толькі інструмэнтам ціску на Маскву

Старыкевіч: «Справа ў тым, што палітыка Лукашэнкі на заходнім кірунку ніколі не была самадастатковай. Гульні з Захадам былі толькі інструмэнтам ціску на Маскву, каб такім чынам стымуляваць кіраўніцтва Расеі на павялічэньне субсыдыяў Беларусі.

Бо Лукашэнка разумее, што, па-першае, ён не атрымае ад Захаду такіх субсыдыяў, якія атрымлівае ад Расеі. Па-другое, Захад ставіць Менску такія ўмовы (дэмакратызацыя і інш.), якіх ён выконваць ня хоча, бо баіцца абмежаваньня сваёй улады. А ўмовы Расеі іншыя, і Лукашэнка лепш навучыўся адбіваць атакі з Усходу. Таму ўсе гэтыя жэсты на адрас Захаду не выцякаюць з жаданьня, як паэтычна казаў Лукашэнка, ляцець на двух крылах, а толькі з імкненьня выціснуць з Расеі больш грошай».

Класкоўскі: «Яшчэ адзін чыньнік, які спрабуе выкарыстаць Менск. Нядаўна былая дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан сказала, што мы не дапусьцім стварэньня новага СССР, маючы на ўвазе Эўразійскі зьвяз. Думаю, Менск паспрабуе скарыстаць гэта. Ён можа даць сыгнал Захаду: маўляў, мы будзем ціха сабатаваць стварэньне Эўразійскага зьвязу, а вы здыміце ці аслабце палітычныя патрабаваньні. А зь іншага боку — Масква спалохаецца і будзе шчадрэй праплачваць будаўніцтва Эўразійскага зьвязу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG