Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Папа Бэнэдыкт ХVI і Беларусь


Бэнэдыкт ХVI
Бэнэдыкт ХVI

Папа рымскі Бэнэдыкт ХVI абвясьціў пра сваё рашэньне скласьці зь сябе паўнамоцтвы наступніка сьвятога Пятра. Гэтае рашэньне ўступае ў сілу 28 лютага 2013 году ў 20.00 паводле рымскага часу. Ад гэтага моманту пасада вышэйшага кіраўніка каталіцкага касьцёлу ў сьвеце будзе вакантная. Як успрымаюць гэтую навіну каталіцкае духавенства, каталіцкія грамадзкія дзеячы і навукоўцы ў Беларусі? Які ўплыў на разьвіцьцё каталіцкага касьцёлу ў Беларусі меў Бэнэдыкт ХVI?

Сваё рашэньне пакінуць пасад папы рымскага Бэнэдыкт ХVI паведаміў на так званай кансысторыі кардыналаў 11 лютага. Пантыфік патлумачыў гэты крок сваім сталым векам і недахопам маральных і фізычных сіл, каб выконваць узятае на сябе служэньне.

З гэтай нагоды мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуўся да беларускага духавенства і вернікаў з заклікам «маліцца за яго служэньне Народу Божаму, якое стала дабраслаўленьнем для касьцёлу, у тым ліку і на Беларусі». Прэсавы сакратар Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі ксёндз Юры Санько дадаў:

«Вядома, што гэта было неспадзявана. Як сам мітрапаліт сказаў — нібыта гром сярод яснага неба. Але папа мае такое права — пайсьці ў адстаўку. А нашая справа — дзякаваць Богу за ягоную паслугу і маліцца за новаабранага Папу».

Беларускія каталікі таксама выказваюць пантыфіку падзяку за ягоную ўвагу да каталіцкага касьцёлу ў Беларусі і вернікаў і не хаваюць жалю, што ён пакідае пасад:

Спадарыня: «Ведаеце, учора расстроілася: было відаць, што ён нас, беларусаў, любіў. І яшчэ падумалася: няхай бы неяк, хоць паціху, прыехаў да нас у Беларусь. Шкада, вельмі шкада, але ж нічога ня зробіш».

Спадарыня: «Ягоны ўнёсак у разьвіцьцё веры, у тым ліку для беларускіх вернікаў, цяжка пераацаніць».

Спадарыня: «Тут у нас ёсьць амбасада Ватыкану, і ў Ватыкане ёсьць беларуская амбасада. І калі там слова Божае прамаўляецца на 65 мовах сьвету, у тым ліку па-беларуску, то гэта вялікая годнасьць, такое разуменьне. І тое, што ён зрабіў, з глыбокім разьлікам нямецкім, то я лічу, што ён зрабіў гэта вельмі, вельмі, вельмі годна».
Яшчэ падумалася: няхай бы неяк, хоць паціху, прыехаў да нас у Беларусь

Час пантыфікату Бэнэдыкта ХVI адзначыўся ажыўленьнем дыпляматычных і духоўных стасункаў паміж Беларусьсю і Ватыкана.

Гэтак, у сакавіку 2008 году адбыўся першы тэлемост «Менск-Ватыкан», падчас якога папа рымскі зьвярнуўся да моладзі ў Менску па-беларуску.

У тым жа годзе з афіцыйным візытам у Беларусі пабываў дзяржаўны сакратар Ватыкану, кардынал Тарчызыё Бэртонэ.

Тады ж упершыню ў касьцёле загаварылі пра падпісаньне канкардату — дамовы аб супрацоўніцтве паміж дзьвюма краінамі.

У 2011 годзе афіцыйны Менск наведаў старшыня Папскай рады па сродках масавай камунікацыі арцыбіскуп Кляўдыё Марыя Чэльлі, таксама ў розныя гады — старшыня Папскай рады ў справах разьвіцьця міжхрысьціянскага дыялёгу кардынал Курт Кох і старшыня Папскай рады ў справах дабрачыннасьці Робэрт Сара.

На пачатку гэтага году трое беларусаў — сьвецкіх вернікаў — упершыню былі ўганараваныя папскімі мэдалямі «Bene merenti» — «Заслужаным» — асобам, якія зрабілі вялікі ўклад у разьвіцьцё Касьцёла ў Беларусі. Сярод іншых гэты мэдаль атрымала пісьменьніца, галоўны рэдактар часопісаў «Ave Maria» і «Наша вера» Хрысьціна Лялько, якая з нагоды сыходу Бэнэдыкта ХVI сказала наступнае:

«Я думаю, што гэта надзвычайная падзея ў жыцьці касьцёлу і яна яшчэ доўга будзе асэнсоўвацца і абмяркоўвацца. У гісторыі папства такі прэцэдэнт быў, але 600 гадоў назад. Таму, не зважаючы на ўсе аргумэнтацыі, на ўсё разуменьне сытуацыі, ёсьць у душы вялікі боль і жаль».
Не зважаючы на ўсе аргумэнтацыі, на ўсё разуменьне сытуацыі, ёсьць у душы вялікі боль і жаль

Таксама падчас пантыфікату Бэнэдыкта ХVI, у 2011 годзе, Беларускі каталіцкі касьцёл адзначыў сваю прысутнасьць у сьвеце ўсталяваньнем мэмарыяльнай шыльды з тэкстам малітвы «Ойча наш» на беларускай мове ў кляштары Pater Noster у Ерусаліме, якая сталася 163-й сярод табліцаў на розных мовах сьвету.

Таксама сёлета ў Назарэце будзе ўсталяваная мазаіка з выявай Маці Божай Будслаўскай з нагоды 400-годзьдзя аб’яўленьня будслаўскай сьвятыні.

У 2009 годзе папа рымскі Бэнэдыкт ХVI прымаў у Ватыкане кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку.

А ў 2012 годзе апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь Кляўдыё Гуджэроці наведаў у месцах зьняволеньня беларускіх палітвязьняў: Міколу Статкевіча, Алеся Бяляцкага, Паўла Севярынца і перадаў ад іх словы прывітаньня і падзякі Бэнэдыкту ХVI.

Ці чакаюць у Ватыканскім прадстаўніцтве зьменаў у сувязі з адстаўкай цяперашняга пантыфіка?

Прадстаўнік нунцыятуры: «Я думаю, што нічога надзвычайнага ня здарыцца. Кожны будзе працаваць на сваім месцы, і калі будзе гэта рабіць добра, сумленна, то тады штосьці будзе рухацца наперад. Калі ж гэтага ня будзе, то ніякія перамены нічога ня вырашаць».

Якія зьмены могуць чакаць каталіцкі касьцёл у Беларусі, а разам зь ім і міждзяржаўную палітыку, мяркуе доктар тэалёгіі Ірына Дубянецкая:
Зьмены ў кожным разе адбудуцца, незалежна ад таго, хто будзе абраны новым папам

«Папа мае вельмі вялікую ўладу, і ён сапраўды можа шмат што зьмяніць. Калі абіралі Ёзэфа Ратцынгера на папу, то маладыя багасловы — прагрэсіўныя, з новымі ідэямі — вельмі асьцерагаліся зьменаў, якія ён можа прынесьці. І калі мы даведаліся, што абралі менавіта яго, то былі такія змрочныя прагнозы, што, маўляў — канец усяму. А выявілася, што тое, чаго асьцерагаліся — нейкіх адкатаў назад — іх і не адбылося, але адбыліся іншыя зьмены. Таму зьмены ў кожным разе адбудуцца, незалежна ад таго, хто будзе абраны новым папам».

Як паведамляюць каталіцкія СМІ са спасылкай на прэсавага сакратара Апостальскай сталіцы Фэдэрыка Лямбардзі, пасьля 28 лютага пантыфік будзе жыць у Кастэль-Гандольфа да часу абраньня новага папы рымскага, а пасьля накіруецца ў затворніцкі кляштар на тэрыторыі Ватыкану.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG