Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пролы ўсіх краін


Гэтая кніга — не раман і ня зборнік вершаў, і тым ня менш ужо больш за паўтары сотні гадоў яна не пакідае абыякавым нікога, хто падазрае ў сабе здольнасьці ашчасьлівіць чалавецтва. Яна не пра любоў і не пра вайну і немцаў, хоць напісаў яе якраз-такі немец. Яна наогул не належыць да бэлетрыстыкі, хоць пачатак яе шматабяцальны: у ім вядзецца пра аднаго беспрытульнага прывіда... Яе ўносілі ў чорныя сьпісы, за яе перахоўваньне пагражала сьмерць, у трыццатых яна гарэла на гёбэльсаўскіх вогнішчах, а потым, пасьля вайны, трапляла ў агонь разам з сачыненьнямі самога Гёбэльса. Яна з аднолькавым посьпехам магла б мець назву «Мая барацьба» ці «Што рабіць?» — але гэтыя інтрыгоўныя назвы чамусьці дасталіся іншым. Да яе ставіліся як да новай Бібліі, ёй карысталіся як кішэнным цытатнікам, яе вывучалі нават на прыродазнаўчых факультэтах і перакладалі на ўсе асноўныя мовы сьвету. Цытаты зь яе траплялі нават на дзяржаўныя гербы, што здараецца зусім ня з кожнай кнігай. Пра яе чулі ўсе, а ўважліва чыталі адзінкі, яна дагэтуль хвалюе розумы тых маргіналаў, хто ўяўляе сабе гісторыю як татамі, на якім мільгаюць рознакаляровыя паясы. 6 лютага 1848 года ў Брытаніі выдавецтвам Камуністычнай лігі быў выпушчаны першы наклад «Маніфэсту Камуністычнай партыі» Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса.

Узяць — і ўсё падзяліць. А што застанецца, аддаць новай камуністычнай дзяржаве. Маніфэст прапанаваў свайго кшталту дзесяць запаведзяў, прытрымлівацца якіх мусіла грамадзтва новага тыпу, вызначыў мэты камуністычнай рэвалюцыі, дзеля якой усё і задумвалася. Ніякай прыватнай уласнасьці — апрача той, што нажытая ўласнымі крывёю і потам. Сьмерць буржуям. Экспрапрыяцыя зямлі, адмена права спадкаемства, серп прыпаяць да молата і запрэгчы ў гэтую канструкцыю кожнага, незалежна ад ступені ягонага падабенства да каня. А самога каня, то бок транспарт, таксама аддаць дзяржаве. Незадаволеныя могуць ісьці лесам у накірунку дзяржаўнай мяжы. Гарэлку, морфій і жанчын падзяліць па справядлівасьці — не, да гэтага «Маніфэст» не заклікаў, але натхнёныя ім сьвядомыя пралетарыі пазьней спрабавалі і такім прыемным чынам інтэрпрэтаваць дадзенае ім у Лёндане сьвятое пісаньне. Дзяцей выхоўваць і даглядаць за грамадзкі кошт — усіх. Дазвольце, як гэта: усіх? І гэтых мурзацікаў? Мурзацікаў перш за ўсё, горда адказвае «Маніфэст», бярэ ў рукі мыла і рашуча аддае яго тоўстаму буржую — разам зь вяроўкай.

Маладой буржуазнай гідры было ад чаго прыйсьці ў роспач. Хто не працуе, той ня толькі ня есьць, але і ня ёсьць. Хто быў нічым, той зробіцца ўсім: вось гэтае ваяўнічае нішто пужала грамадзтва, бадай, больш за самі ідэі, выкладзеныя ў маніхвэсьце. Ідэі, некаторыя зь якіх былі прынятыя праз стагодзьдзе буржуазнай гідрай на ўзбраеньне і якія шчасьліва дажылі да нашых дзён акурат у тых краінах, дзе маніфэст быў па-за законам. Ідэі, якія абяцалі шчасьце адразу і са зьніжкай. Ідэі, якія значна пазьней выклікалі да жыцьця найвялікшыя мары і найвялікшых марнатраўцаў, найлюцейшы маразм і найстражэйшы маральны кодэкс, бэрлінскі мур і менскі мэмарыял, мардаваньне і морак, усеагульнае памарачэньне і акадэміка Мара... ну, і марксізм, ад якога, дарэчы, сам Маркс адхрышчваўся рукамі і нагамі, а іх у яго было, як вядома, па дзьве — зусім як у якога-небудзь буржуя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG