E tu m’amavi per le mie sventure, ed io t’amavo per la tua pietà... 5 лютага 1885 году ў мілянскім тэатры La Scala публіка ўскоквае зь месцаў і робіць такую авацыю, што яе чуваць ажно ў нямецкім Байройце. Толькі што адбылася прэм’ера новай опэры Вэрдзі — «Атэла». Сямідзесяцічатырохгадовы майстар даказаў, што мае яшчэ порах у парахаўніцах і запрашаць у лібрэтысты Альцгаймэра пакуль не зьбіраецца. Знаёмая нават чалавеку, які ніколі не душыўся ў чэргах у тэатральны гардэроб, шэксьпіраўская гісторыя пра няшчаснага маўра Атэла і ягоную ня менш няшчасную жонку набыла ўрэшце і музычнае аблічча — смуглявае і жарснае, як chili con carne.
Гэтая опэра сапраўды апякае — сваімі характарамі і галасамі, якім настолькі цесна ў гэтым сьвеце, што яны самаўзгараюцца ад найменшай іскры і ўрэшце выбухаюць. Густая, цяжкая і разам з тым на дзіва лірычная музыка, якую слухаеш, нібы слуга, які схаваўся за парцьерай гаспадарскай спальні. Пасьля такога ўласныя праблемкі падаюцца нейкімі драбнаватымі: ну, сусьвет недасканалы, ну, грошыкаў мала, ну, сьпіна баліць, ну, выклікі сучаснасьці ціснуць, як атмасфэрны слуп — а ў іх вось як усё прыгожа; так кахаць, так раўнаваць, так спагадаць і так інтрыгаваць ніхто ўжо ня зможа — лібрэта ня тое. Мы па-за дзеяй. Застаецца падглядваць, як схапіліся ў сьмяротным паядынку чужыя дух і цела — і плакаць, і затойваць дых, і пляскаць. То целу, то духу, то самому Вэрдзі. Галоўнае, не жаваць пры гэтым, а то можна незнарок падавіцца і памерці, як Дэздэмона, ад асьфіксіі.
Зрэшты, больш за паўстагодзьдзя перад тым «Атэла» ўжо перакладалі на мову опэры, і зрабіў гэта Расіні. Але на долю Вэрдзі выпаў куды большы і, мусіць, цалкам заслужаны посьпех — які ён з радасьцю падзяліў з выканаўцамі. Кажуць, асабліва атрымаўся Яга — мой любімы герой гэтага твору, што ў Шэксьпіра, што ў Вэрдзі, Яга са сваім Dio crudel, «жорсткім богам» — разумны, насьмешлівы і абаяльны, як усе вялікія ліхадзеі. Вось жа трагедыя Шэксьпіра! Гэта вам не праславутая «трагедыя Дастаеўскага»: там што ні ліхадзей, дык нейкая «балбатня і каша», і калі любога зь ягоных нягоднікаў уявіць на сцэне — пачуеш толькі агідны фальцэт і мармытаньне. А вось Яга адзін перакрычыць тысячу Сьвідрыгайлавых.
Вэрдзі ў «Атэла» доўга запрагае, але хутка едзе. Першая дзея опэры нясьпешная, з расстаноўкай, грунтоўная... А потым пачынаецца сапраўдны трылер. Абсалютна правакатыўны, яшчэ ад часоў Шэксьпіра, здольны выклікаць алергію ў любога расіста: гэта ж трэба, чорны мужык душыць белую арыйскую кабету — і глядач чамусьці спачувае чорнаму мужыку ня менш, чым замучанай ім ахвяры. Дэздэмона — сымбаль згвалтаванай Эўропы, гэтай засунутай у плястыкавы мех Эўразьвязу ахвяры талерантнасьці і лібэралізму, скажуць сучасныя аматары кансьпіралягічнага фэнтэзі. Не хадзі замуж за граніцу, за бусурманіна — вось і ўся мараль, скажуць бабкі ля пад’езду. А пайшла — дык сама вінаватая. І будуць, дарэчы, у нечым мець рацыю.
І толькі тыя, хто мае вушы, пачуюць музыку.