Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хімічная атака на вёску Мізгіры

абноўлена

На тэрыторыі Слонімскага раёну Гарадзенскай вобласьці паблізу вёскі Мізгіры зрабілі склад пэстыцыдаў, якія праляжалі ў сховішчах каля сарака гадоў.

Яшчэ летась іх адпраўлялі на перапрацоўку ў Нямеччыну, але цяпер адпраўку прыпынілі. Частка пэстыцыдаў у плястыкавых бочках стаіць проста на дварэ пад адкрытым небам. Людзі скардзяцца на смурод і на дрэннае самаадчуваньне.

У нядзелю, калі мне давялося наведаць вёску Мізгіры Слонімскага раёну, мароз трымаўся раніцай вышэй за 20 градусаў. На вуліцы бязьлюдна, але вось сустракаю жанчыну, якая дастае са студні ваду.

Пытаюся ў яе — дзе тое былое зернясховішча, у якім цяпер захоўваюць пэстыцыды? Жанчына адразу падхоплівае размову. Паказвае на будынак, які стаіць воддаль у полі, і дадае, што ядахімікаты вельмі напалохалі мясцовых людзей.

Спадарыня: «Ведаеце, хвалююцца людзі, бо тут недалёка ад вёскі, і хвалююцца ўсе. У нас то тут трохі далей ад іх, а на тым канцы вёскі — то кажуць, як толькі вецер задзьме, то ідзе гэты атрутны пах».

Спадарыня распавядае, што актыўна вазіць пэстыцыды пачалі мінулай восеньню, потым былі прыпыніліся, а на мінулым тыдні ізноў пачалі езьдзіць машыны з бочкамі.

Спадарыня: «Нават як цераз Грынкоўшчыну вазілі, то там адна бочка ўпала, зь яе ўсё вылілася. Чалавек хацеў падняць, але дзе яе там паднімеш. Казаў, што такі смурод ад яе — немагчыма. А што там у тых бочках — чорт яго ведае... Нешта вылівалася».

На другім канцы вёскі спадарыня Алена і спадар Мечыслаў кажуць, што як вецер задзьме, то ім пачынае вінуцца галава, дрэнна сябе адчуваюць. Асабліва гэтымі днямі, калі прывезьлі новыя бочкі з хімікатамі.

Спадарыня: «Я сама тэлефанавала ўсюды, скардзілася, але на нас ніхто ніякай увагі не зьвяртае...»

Карэспандэнт: «А калі трэба да лекара, ці далёка вам?»

Спадарыня: «Ну вось так і даем рады, сядзім тут. Сёньня трохі дарогу прачысьцілі, але ў суседняй Сасноўцы ўжо няма ніякага ФАПу, трэба дабірацца да Дзявяткавічаў, але там на нас увагі не зьвяртаюць, кажуць — трэба ў Слонім... ай...»

Гаспадар хаты спадар Мечыслаў скардзіцца, што іх ужо наагул хочуць тут патруціць. Кажа, што ўчора і сёньня моцна вінецца галава і ў роце гаркота.



«Прывезьлі нам атравы, каб скарэй уміралі»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:23 0:00
Наўпроставы лінк

Былое зернясховішча — ня больш як за кілямэтар ад вёскі. Дзьверы зачыненыя, але праз шчыліну відаць, што ўсё застаўлена плястыкавымі бочкамі. Стаяць бочкі і знадворку — пад паветкай і проста на зямлі побач з будынкам.

Усё гэта ахоўваецца. Вартаўнік пацьвердзіў, што на мінулым тыдні бочкі прывозілі ізноў, але ня ведае, ці будуць іх вазіць надалей.

Слонімскі краязнаўца і журналіст Сяргей Чыгрын, які разам са мною разглядае сховішча пэстыцыдаў, зьдзіўлены, што для іх захоўваньня абралі менавіта гэтае экалягічна чыстае месца.

Сяргей Чыгрын
Сяргей Чыгрын
Чыгрын: «Але ж каля самай вёскі Мізгіры пачынаецца біялягічны заказьнік Ружанскай пушчы. Чаму абралі менавіта гэты раён — дзіўна. Да самай Ружанскай пушчы возяць хімікаты... Гэта куды наагул нічога ня можна вазіць. А іх вязуць туды, дзе пачынаецца біялягічны заказьнік...»

У Гарадзенскім абласным камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя выканаўца абавязкаў старшыні Вадзім Палякоў патлумачыў «Свабодзе», што сёлета ўсе пэстыцыды зь Мізгіроў вывезуць на перапрацоўку. На маю заўвагу, што частка іх захоўваецца пад адкрытым небам, едкі смурод даносіцца да вёскі і людзі скардзяцца на здароўе, спадар Палякоў адказаў наступнае:

Палякоў: «Да нас такія скаргі на паступалі. А па-другое, выяжджала лябараторыя, рабілі там замеры і ніякіх перавышэньняў ня выявілі».

Пэстыцыды, якія праляжалі каля 40 гадоў у сховішчах на тэрыторыі Гарадзенскай вобласьці, актыўна пачалі вымаць адтуль і адпраўляць на перапрацоўку ў Нямеччыну ў 2011 годзе. Прычынай стала тое, што яды пачалі раскладацца і трапляць у грунтовыя воды. Трывогу забілі мясцовыя жыхары.

Паколькі Беларусь — удзельніца Стакгольмскай канвэнцыі, існуе і праграма захоўваньня і ліквідацыі ядахімікатаў, сродкі на якую выдзеліў Усясьветны банк. Тады было адпраўлена 950 тон ядахімікатаў, але летась справа спынілася.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у перавозчыка — нямецкай кампаніі — узьніклі праблемы з польскім бокам, бо палякі на права перавозу атруты праз сваю тэрыторыю запатрабавалі дадатковыя дакумэнты. Цяпер чыноўнікі запэўніваюць, што сёлета пэстыцыды будуць вывезеныя.



Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG