Сёньня ў Курапатах актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” і беларускага аддзяленьня арганізацыі “Мэмарыял” абмяркоўвалі плян далейшага ўпарадкаваньня ўрочышча. Напярэдадні Радаўніцы 17 красавіка ва ўрочышчы Курапаты плянуецца правесьці талаку. Мікола Крывальцэвіч паказаў сёньня тыя магілы, у якіх ён разам зь Зянонам Пазьняком і Алегам Іовам праводзіў эксгумацыю ў 1988 годзе.
(Крывальцэвіч: ) “Трэба большасьць магілаў ці амаль усе пазначыць крыжамі, асабліва тыя магілы, якія капаліся. Дакладна вядома, колькі чалавек магло быць тут растраляна. На гэтых магілах безумоўна трэба паставіць крыжы, знакі, колькі там ляжыць парэшткаў растраляных людзей. Найперш гэта тое, што мы некалі нумаравалі як першая, другая і пятая магіла. У адной зь іх ляжыць больш сарака чалавек паводле матэрыялаў эксгумацыі, у другой больш шасьцідзесяці чалавек, у трэцяй – 107, а можа і болей чалавек. Гэтыя магілы трэба абавязкова пазначыць”.
Апроч гэтай задачы, адзначае археоляг Мікола Крывальцэвіч, ёсьць шмат працы ў справе ўпарадкаваньня Курапатаў. І найперш трэба аднавіць крыжы, якія паламалі невядомыя вандалы. На гэтым тыдні было пашкоджана больш за дзесяць крыжоў ва ўрочышчы. Да таго ж пасьля зімы на тэрыторыі могільніка ляжыць шмат сьмецьця, у лясным масіве павалена некалькі дзясяткаў дрэваў.
Як паведаміў Радыё Свабода актывіст грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Вацлаў Арэшка, плянуецца, што ў талацэ 17 красавіка возьмуць удзел й актывісты палітычных партыяў, у тым ліку “Пяцёркі+”.
А вось што адзначыў для Радыё Свабода каардынатар беларускага аддзяленьня міжнароднага таварыства “Мэмарыял” Ігар Кузьняцоў.
(Кузьняцоў: ) “Калі 7 лістапада 2002 году было адкрыцьцё кальцавой дарогі, мы ўжо ўсталявалі таблічку на самым вялікім пахаваньні, дзе было 373 парэшткі. Цяпер мы працягнем гэтую традыцыю. На ўсіх пахаваньнях, якія былі эксгумаваныя падчас першага дасьледаваньня ў 1988-89 гадах і дасьледаваньня Ваеннай пракуратуры ў 1998 гаду, будуць усталяваныя памятныя знакі пра тое, што ў гэтых пахаваньнях ляжаць парэшткі пэўнай колькасьці людзей. Каб ня толькі крыжы стаялі, але й былі гэткія знакі. Тады будзе зусім іншае ўспрыманьне”.