Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО ВЫПЛАЦІЦЬ КАМПЭНСАЦЫЮ БЫЛЫМ ВЯЗЬНЯМ СТАЛІНСКІХ ЛЯГЕРАЎ?


Ганна Соусь, Менск

У Беларусі жыве каля 120 тысяч людзей, якія падчас другой усясьветнай вайны знаходзіліся ў канцлягерах, прымусова працавалі на нямецкіх прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах. Усе яны атрымліваюць грашовую кампэнсацыю, якую выдаткоўвае ўрад Нямеччыны. Гаворыць старшыня фонду “Ўзаемапаразуменьне і прымірэньне” Валянцін Герасімаў:

(Герасімаў: ) “Асвоілі мы 237 мільёнаў эўра. Усяго трэба выплаціць 354 мільёны. Мы выплацілі ўсім 65% ад належнай сумы. Цалкам атрымалі кампэнсацыю канцлягернікі групы “А” і завяршаюцца выплаты групе “В” — остарбайтэрам, грошы будуць выплачаныя да 1 чэрвеня. Цяпер пачынаем апрацоўваць дакумэнты групы “С” — гэта сельгасрабочыя і вязьні лягераў на тэрыторыі Беларусі. Фэдэральны канцлер Нямеччыны Герхард Шродэр прасіў завершыць выплаты да 8 траўня 2005 году. Мы да канца сакавіка 2005 году цалкам усе выплаты зробім”.

Сотні тысяч беларусаў былі вязьнямі ня толькі фашыстоўскіх, але і сталінскіх лягераў. Але тая кампэнсацыя, якую частка зь іх атрымала на пачатку 1990-х гадоў, непараўнальна меншая за кампэнсацыю нямецкага ўраду, які дарэчы, ня мае нічога агульнага з гітлераўскім рэжымам. Прыкладам, Мая Кляшторная за 12 гадоў зьняволеньня ў ГУЛАГу атрымала суму, якой не хапіла на тое, каб набыць 100 даляраў ЗША. Прыкладна столькі ж атрымаў за 8 гадоў ГУЛАГу Павал Жук з Горадні. Я запыталася ў спадара Паўла, ці спадзяецца ён на тое, што калі-небудзь яму кампэнсуюць пакуты ГУЛАГу і прынясуць прабачэньні.

(Жук: ) “Я мяркую, што такога ніколі ня будзе. Камуністычная навала і цяпер кіруе Расеяй, а пра Беларусь няма чаго й казаць. Можа, празь некалькі дзясяткаў гадоў, а можа, празь пяцьдзясят гадоў, калі нас ужо ня будзе...”

Павал Жук з Горадні, як былы вязень ГУЛАГу, атрымлівае цяпер штомесяц дадаткова 50% ад мінімальнай пэнсіі. Я запыталася ў старшыні фонду “Ўзаемапаразуменьне і прымірэньне” Валянціна Герасімава пра ягонае стаўленьне да выплаты кампэнсацыі вязьням сталінскіх лягераў.

(Герасімаў: ) “Сытуацыя са сталінскімі лягерамі складаная. Але гэта справа не нямецкай дзяржавы, гэта справа нашай дзяржавы. Але калі бы нам даверылі, то мы б справіліся”.

Вось што мяркуе на гэты конт актывіст грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Вацлаў Арэшка:

(Арэшка: ) “Нямецкі ўрад, як дэмакратычны і гуманны ўрад, разумее, што на ім ляжыць адказнасьць і за гістарычныя памылкі краіны. Паколькі наш урад недэмакратычны і негуманны, то зь яго патрабаваць на сёньняшні момант вельмі цяжка. Але найперш за гэта павінен адказваць урад. Тым больш, што больш за ўсіх падкрэсьлівае сваю пераемнасьць з савецкім рэжымам менавіта Лукашэнка. Абавязак ураду — і помнік паставіць, прынамсі, заплаціць за яго. Урад павінен і выплаціць кампэнсацыю тым людзям, якія яшчэ могуць яе атрымаць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG