Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЫСТЫЯН ВЭРКМАЙСТЭР: “ВЕЛЬМІ НЕБЯСЬПЕЧНА, КАЛІ НЯ ВЕДАЕШ ГІСТОРЫІ”


Ганна Соусь, Менск

У курапацкім лесе ў некаторых месцах яшчэ ляжыць сьнег; халодна, і на некалькіх бярозах бачны заледзянелы сок, як сьцякаў з-пад сякерных надрэзаў. Плянавалася, што ва ўрочышчы адбудзецца талака, першая сёлета, але чамусьці ў прызначаны час ніхто не прыйшоў, каб прыбраць тэрыторыю могільніку. І я сустрэла ва ўрочышчы зьбіральнікаў бярозавага соку літаральна за дзесяць мэтраў ад ямаў-магілаў.

(Карэспандэнтка: ) “Бярозавы сок зьбіраеце?”

(Спадар: ) “Так”.

(Карэспандэнтка: ) “А ведаеце, што гэта за месца?”

(Спадар: ) “Так, Курапаты”.

(Карэспандэнтка: ) “Тут зусім блізка людзі пахаваныя”.

(Спадарыня: ) “Што мы дрэннага зрабілі? Гэта ж бярозы. Тут нічога дрэннага няма”.

Зусім блізка ад месца, дзе людзі зьбіралі бярозавы сок, нядаўна быў усталяваны новы крыж . На ім надпіс: “Наркевіч Адам Іванавіч, 1866 году нараджэньня. Арыштаваны 21 жніўня 1938 году Бабруйскім НКВД паводле пастановы асабовай тройкі НКВД БССР ад 11 лістапада 1938 году. Прыгавораны да расстрэлу. Расстраляны ў Менску ў Курапатах 29 лістапада 1938 году”.

Спускаючыся з курапацкага пагорку, сустракаю ля крыжа “Пакутнікам Беларусі” некалькі чалавек. Гэта Крыстыян Вэркмайстэр і ягоныя бацькі зь Нямеччыны. Крыстыян праходзіць альтэрнатыўную службу ў войску, працуючы валанцёрам у дзіцячым аддзяленьні ў шпіталі ў Навінках. У Курапатах ён ужо не ўпершыню. Ён вырашыў распавесьці пра месца масавых расстрэлаў беларусаў сваім бацькам, якія прыехалі наведаць яго зь Нямеччыны. Раней яны былі ў Трасьцянцы і ля мэмарыялу “Яма”. Гаворыць Крыстыян Вэркмайстэр:

(Вэркмайстэр: ) “Таму што мы немцы, і гэта зусім іншая гісторыя. Мы ведаем нямецкую гісторыю, і мы хочам ведаць савецкую гісторыю”.

К.Вэркмайстар кажа, што вельмі важна вывучаць і асэнсоўваць трагічныя старонкі гісторыі кожнага народу:

(Вэркмайстэр: ) “У Нямеччыне вядуцца вялікія дыскусіі. У школах многае вывучаецца на ўроках гісторыі. Трэба ведаць усё, таму што гэта вельмі небясьпечна, калі ня ведаеш гісторыі. Памылкі могуць паўтарыцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG