Ужо трэці год 30 кастрычніка актывісты грамадзкай ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” ўскладаюць кветкі й запальваюць сьвечкі ў памяць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў. Сёньня першым месцам ўшанаваньня стаўся парк Чалюскінцаў, былы лес, дзе ў 20-ыя і 30-ыя гады мінулага стагодзьдзя карнікі НКВД расстрэльвалі нявінных людзей.
Валянціна Трыгубовіч запальвае сьвечкі ля драўлянага крыжу-капліцы.
(Трыгубовіч: ) “Мы ў гэты дзень кожны раз думаем пра тое, каб больш такое не паўтаралася на нашай зямлі й наагул нідзе ў сьвеце. Каб бязьвінных людзей не каралі сьмерцю, каб не было бязьвінных ахвяраў, каб паводле палітычных матываў не рэпрэсавалі людзей, і тым больш без суду і сьледзтва не расстрэльвалі.”
Думку Валянціны Трыгубовіч працягвае сябра партыі БНФ Аляксей Януковіч.
(Януковіч: ) “У Беларусі сёньня таксама адбываюцца палітычныя рэпрэсіі, і мы бачым, калі судовая сыстэма не працуе, і фактычна суды сёньня падпарадкаваныя выканаўчай ўладзе, падпарадкаваныя сёньняшняму рэжыму, і могуць прымаць рашэньні на карысьць улады, якія яны толькі захочуць. Трэба памятаць аб тым, чым гэта можа скончыцца, і што менавіта з гэтага пачынаецца шлях да расстрэлаў без суду і без сьледзтва. Гэта вельмі насьцярожвае.”
З парку Чалюскінцаў актывісты грамадзскай ініцыятвы і партыі БНФ накіраваліся ў Курапаты. Гісторыя палітычных рэпрэсіяў складаецца з трагічных лёсаў асобных людзей. Гэтак сёньня ў Курапатах была ўшанаваная памяць Івана Яршова, якога растралялі ў студзені 1938 году ў Слуцку. Ягоная ўнучка Дыяна Мікульская падрыхтавала табічку зь ягоным імём, і актывісты ініцыятывы прымацавалі яе на адзін з курапацкіх крыжоў.
(Мікульская: ) “Летась памерла мая маці, і разбіраючы сямейны архіў, я знайшла слуцкую газэту, якую яна захоўвала шмат гадоў. Там было напісана, што яе бацька, мой дзед Яршоў Іван Фёдаравіч быў расстраляны. Там было нават напісана, якой тэрарыстычнай арганізацыі ён быў быццам бы ўдзельнік. Натуральна ніхто ня ведае, дзе ягоная магіла. І маці вельмі хацела, каб гэтая сямейная памяць захавалася. Таму я замовіла таблічку з надпісам і хачу сёньня ў гэты дзень прыбіць на які-небудзь вольны крыж, які ёсьць у Курапатах.”
Сярод тых, хто быў сёньня ў Курапатах – старшыня менскай гарадзской рады партыі БНФ Уладзімер Кішкурна. Некалькі гадоў таму ён усталяваў на курапацкім пагорку крыж па сваіх рэпрэсаваных дзядзьках.
(Кішкурна: ) “Сябры нашай партыі прыйшлі ў парк Чалюскінцаў, у Курапаты, у Лошыцу, каб памянуць тыя ахвяры. Я думаю, што прыйдзе час, калі тут будзе многа народу, і каты панясуць заслужанае пакараньне.”
Уладзімер Кішкурна паведаміў для радыё Свабода, што ў блізкім часе будзе створаная так званая народная дружына зь сябраў партыі БНФ, якія будуць несьці дзяжурства ў Курапатах. У Бараўлянскую адміністрацыю ўжо пададзены сьпіс удзельнікаў дружыны. Працягвае кіраўнік Койданаўскай рады Маскоўскага раёну Менску партыі БНФ Сяргей Міхноў.
(Міхноў: ) “Прыйдзе час, і гэтае сьвятое месца Курапаты будзе ўшанаванае, і тут будзе ўсталяваная агароджа, і будзе ўзаконеная ахоўная зона, і гэтае месца сапраўды будзе сьвятым для кожнага беларуса й будзе шанавацца дзяржавай.”
Што да стаўленьня ўладаў да Курапатаў цяпер, то сёньня актывісты ініцыятывы выказалі занепакоеннасьць у сувязі зь нядаўняй публікацыяй у газэце “7 дней” ліста сябраў гэтак званай грамадзскай камісіі ў справе незалежнага дасьледваньня масавай гібелі людзей у Курапатах. Яны заклікаюць нацыянальны сход Беларусі разгледзець пытаньне аб ліквідацыі ўсіх крыжоў і памятных знакаў, усталяваных у месцах зьнішэчэньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій.
Актывіст ініцыятывы “За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты” Вацлаў Арэшка лічыць, што гэтыя захады выкліканыя новай ідэалягічнай хваляй у Беларусі.