Гаворыць актывіст Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Юхо:
(Юхо: ) “Людзі па аб’яве ў “Народнай волі” прыйшлі на талаку, але ж у сувязі з такім надвор’ем, у лесе па калена сьнегу, мы ад імя кіраўніцтва Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ просім прабачэньня і адпраўляем людзей, каб яны не прастудзіліся і каб прыйшлі на Дзяды. Усе ведаюць, што 2 лістапада ў 11.30 ад гадзіньнікавага заводу з дазволу ўладаў пачнецца традыцыйнае шэсьце на Курапаты”.
Тым ня менш нягледзячы на сьнег, талака ў Курапатах адбылася — людзі высякалі хмызьняк ва ўрочышчы. Гаворыць актывіст КХП БНФ Аляксей Лапенка:
(Лапенка: ) “Мы прыйшлі сюды, таму што яшчэ не закончылі работу, якую вядзем ужо не адзін год па ўпарадкаваньню Курапатаў. Набліжаюцца Дзяды — нашае агульнанацыянальнае сьвята. Мы прыйдзем сюды вялікім шэсьцем. І хочам, каб тут быў парадак”.
Разам Аляксеям Лапенкам працавалі й актывісткі Партыі БНФ.
(Ядвіга: ) “Мы з Зояй Міхайлаўнай з Койданаўскай рады. Сёньня такое надвор’е — сьнег трохі падае, мне на галаву звалілася глыба, але ж павінны папрацаваць перад Дзядамі”.
(Зоя: ) “Аддаць даніну павагі тым, хто ахвяраваў дзеля нашай Беларусі”.
Сярод удзельнікаў талакі быў і актывіст КХП БНФ Аляксандар Заноўскі:
(Заноўскі: ) “Калі ў мяне выходны — свабодны час, я заўсёды імкнуся прыйсьці сюды дапамагчы нешта зрабіць такое, каб памяталі гэтае вялікае сьвятое месца, каб тут крыжы паставілі. Я з самага пачатку тут ставіў крыжы, і заўсёды сюды прыходжу і вельмі гэтым ганаруся, што я сваю частку ўношу ў гэтую вялікую справу”.
Удзельнікі талакі выказвалі занепакоенасьць тым, што пляцоўка ля крыжа “Пакутнікам Беларусі” ўся разрытая будаўнічай тэхнікай і моцна забалочаная. Калі на Дзяды сюды прыйдзе шмат людзей, то ім будзе вельмі складана прайсьці праз гэтае месца. Але, як адзначыў Уладзімер Юхо, тады ўсе пабачаць, якія нэгатыўныя наступствы мела для нацыянальнага нэкропалю будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі.