Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДВА ГАДЫ ТАМУ 24 ВЕРАСЬНЯ Ў КУРАПАТАХ ПАЧАЛАСЯ ЎНІКАЛЬНАЯ ВАХТА ПАМЯЦІ, ЯКАЯ ДОЎЖЫЛАСЯ 250 ДЗЁН


Ганна Соусь, Менск

Ля крыжа “Пакутнікам Беларусі” распачалася сустрэча абаронцаў Курапатаў — актывістаў Маладога Фронту, Беларускай партыі свабоды ды ўсіх тых, хто бараніў урочышча ад разбурэньня ў часе будаўніцтва Менскай кальцавой дарогі праз Курапаты. Адметна, што апроч моладзі, у Курапаты прыйшлі людзі больш сталага веку. якія даведаліся пра акцыю з ранішняга эфіру Радыё Свабода. Лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец ўзгадвае падзеі двухгадовай даўніны:

(Севярынец: ) “24 верасьня, якраз у гэты самы час васьмёра маладых людзей з крыжамі сталі перад бульдозэрамі, якія спрабавалі зруйнаваць Курапаты й гэткім чынам быў пакладзены пачатак курапацкай абароне. Восем месяцаў цягнулася варта, затым ля Курапатаў было заплянаванае будаўніцтва катэджаў, але дзякуючы мужнасьці тых, хто абараняў Курапаты і ў 1988 годзе, і ў 2001 годзе, удалося адстаяць гэтае сьвятое месца для Беларусі. Сёлета спаўняецца 15 гадоў з таго самага шэсьця на Дзяды, зь якога і пачаўся, уласна кажучы, увесь нацыянальны рух. І менавіта сёлета было б вельмі важным і знакавым усім разам аб’яднацца і ўшанаваць гэтую гадавіну, зрабіць агульнае шэсьце на Курапаты”.

З гэтай прапановай Павал Севярынец зьбіраецца зьвярнуцца да прадстаўнікоў Партыі БНФ і Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ, а таксама да ўсіх тых, хто калісьці пакінуў шэрагі Беларускага Народнага Фронту. Вячаслаў Сіўчык падтрымаў прапанову Паўла Севярынца. Паводле яго, курапацкая вахта памяці ўжо стала здабыткам беларускай найноўшай гісторыі.

(Сіўчык: ) “Сапраўды, ужо прайшло два гады. Вы бачыце, што за гэты час Курапаты зьмяніліся. Вы бачыце, што акрамя гераізму моладзі, якая была здольная вытрымаць курапацкі чын, за гэты час ў асноўным высілкамі Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ удалося ўпарадкаваць Курапаты. Бачыце, што Алея Крыжоў, тое, пра што казалі ў БНФ яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў, нарэшце ў Курапатах ёсьць. Я думаю, што ў наступным годзе нам прыйдзецца бараніць Беларусь. І тое, што адбывалася ў Курапатах, і два гады таму, і 15 гадоў таму, і цяпер, я думаю, дапаможа нам. Бо Курапаты ёсьць сымбалем нашай нацыі”.

Думку Вячаслава Сіўчыка працягнуў лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) “Можа быць, гэта вельмі сымбалічна сапраўды, што на гэтым месцы масавых забойстваў беларускіх людзей расейскімі камуністамі, на гэтым месцы, дзе аднавіўся беларускі рух, і дзе апошнія гады была атрыманая першая сур’ёзная палітычная перамога беларускага руху, і якраз на гэтым месцы адбываецца абмен думкамі паміж БПС і Маладым Фронтам, галоўнымі арганізацыямі-ўдзельнікамі вядомага чыну”.

Каля сарака сьвечак гарэлі ля курапацкіх крыжоў. Калі імпрэза закончылася, іх было добра бачна з кальцавой дарогі. І на заканчэньне ў Курапатах гучаў “Магутны Божа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG