20 верасьня 2001 году, у дзень інаўгурацыі Лукашэнкі, у Курапатах пачалася высечка дрэваў. Уладзімер Юхо першым забіў трывогу. Сёньня ён згадвае падзеі тых часоў і гаворыць пра тое, як зьмяніліся Курапаты за два гады:
(Юхо: ) “Ёсьць Народны мэмарыял у Курапатах у памяць усіх ахвяраў рэпрэсіяў 1930–40 гадоў. Ёсьць шмат крыжоў, якія прыносілі людзі са ўсёй Беларусі. Праца людзей бачная ў тым, як прыбіраецца гэтая тэрыторыя, даглядаецца. Мы ведаем, што дарога прайшла праз Курапаты. Калі паглядзець, то яна ўжо цяпер развальваецца. На гэтым тыдні яе рамантавалі грэйдэры. Грэйдэры прайшлі па ўсёй алеі, хаця раней яны езьдзілі полем вакол Курапатаў. Зноў зьнявечылі плошчу ля Крыжа “Пакутнікам Беларусі”, дзе мы кветкі садзім, траву пасеялі. Зачапілі крыж, зламалі”.
Уладзімер Юхо паказвае на пляцоўку ля Крыжа “Пакутнікам Беларусі”, якая цяпер уся ў сьлядах грэйдэраў. Будаўнікі спрабавалі замацаваць адхілы кальцавой дарогі, якія моцна праселі пасьля дажджоў напачатку верасьня і паламалі некалькі крыжоў.
Навуковая кіраўніца Курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная лічыць гэтыя працы незаконнымі, бо ўсе работы на тэрыторыі мэмарыялу павінны былі ўзгадняцца зь ёй і Дэпартамэнтам аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
(Кляшторная: ) “Я лічу, што дарога нанесла Курапатам самае вялікае злачынства. Гэты шум… Чуеце?.. Ён не змаўкае. Парушаны пакой гэтых магілаў. Дарога насуперак і розуму, і маралі, і нарматывам прайшла вось так. Пра якасьць яе будаўніцтва і казаць няма чаго, таму як яна будавалася настолькі пасьпешліва, ня ўлічваўся грунт, які тут ёсьць. Тут яшчэ мы будзем мець праблемы. Трэба мне папярэджаньне зрабіць, каб у будучыні ніякія работы (рамонтныя ці якія) не вяліся без узгадненьня са мной і Дэпартамэнтам аховы гісторыка-культурнай спадчыны”.
Мая Кляшторная сёньня прышла ў Курапаты са сваім трохгадовым унукам Ільлём. Мяркуецца, што тут, ва ўрочышчы, быў расстраляны яе бацька — беларускі паэт Тодар Кляшторны, чые сотыя ўгодкі адзначаліся ў Беларусі сёлета.
Сёньня ў Курапатах актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ наладзілі чарговую талаку — яны апрацоўвалі крыжы адмысловай вадкасьцю і прыбіралі тэрыторыю ўрочышча. Разам зь сябрамі КХП БНФ сёньня працавала настаўніца спадарыня Ларыса, якая жыве ў суседнім мікрараёне.
(Ларыса: ) “Для мяне Курапаты — беларуская нацыянальная сьвятыня, якую трэба берагчы, як мага болей рабіць, каб Курапаты захаваліся, каб людзі
ведалі, што значыць для кожнага беларуса гэта месца”, — мяркуе спадарыня Ларыса.
Па часе актывісты Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ зьбіраюцца падаць у Менгарвыканкам заяўку на правядзеньне на Дзяды жалобнага шэсьця і мітынгу ў Курапатах. А пакуль што ў самім урочышчы ідзе падрыхтоўка да дня памінаньня продкаў — штосуботу тут ладзяць талокі, пачатак аб адзінаццатай гадзіне.