Як паведаміў лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец, актывісты ягонай арганізацыі будуць выкарыстоўваць усе магчымасьці, каб ня даць распачаць будаўніцтва катэджнага пасёлку “Сонечны” ля Курапатаў. Паводле Севярынца, маладафронтаўцы абралі “партызанскую тактыку”.
(Севярынец: ) “Там была зробленая разьметка ўчасткаў, нацягнутыя вяроўкі, пастаўленыя тычкі, нават высаджаныя саджанцы бярозы, каб адгарадзіць гэтае будаўніцтва ад Курапатаў. Ні дзяржава, ні міліцыя, ні пракуратура ня робяць ніякіх захадаў, каб спыніць гэтае незаконнае будаўніцтва. Калі ў дзяржавы няма сілаў на гэта, то Малады Фронт у стане будзе забясьпечыць ахову. Малады Фронт парупіўся, каб ні гэтых тычак, ні саджанцаў, нічога іншага там не было. Застаўся хіба што бэтонны плот, але калі “Вігэўрабуд” будзе паводзіць сябе гэтак жа нахабна, як і дагэтуль, то, думаю, і бэтоннага плота тут хутка ня будзе”.
Сёньня ў Курапатах я на свае вочы пабачыла вырваныя бярозкі й яліны ў стомэтровай мяжы ад Курапатаў. Тут жа я сустрэла й генэральнага дырэктара “Вігэўрабуду” Ўладзімера Асіповіча. Паводле яго, саджанцы яны тут высадзілі да рэспубліканскага суботніку.
(Асіповіч: ) “Яны сёньня выкапалі мае дрэвы, дык я заўтра заганю трактар і павыкопваю ўсе гэтыя крыжы. Адназначна. Чаму? Таму што гэта адмарожаныя ўсталявалі іх. Гэта ідзе палітычная гульня. Той жа БНФ, маладзёжная, ахоўная структура — гэта адмарожаныя людзі. Калі б яны былі сапраўды тыя, хто шануе памяць непасрэдна гэтага месца, яны б ніколі такога не рабілі й ня ставілі гэтых крыжоў. А прыйшлі б да нас ды сказалі: “Хлопцы, давайце мы падумаем, як сапраўды ўпарадкаваць, зрабіць прыемнае тым нябожчыкам, якія тут ляжаць”.
(Карэспрандэнтка: ) “Ці будзеце вы пачынаць будаўніцтва?”
(Асіповіч: ) “Будзем, адназначна будзем”.
(Карэспандэнтка: ) “Калі? І ці будзеце чакаць зацьверджаньня праекту ахоўных зонаў?”
(Асіповіч: ) “Праекту гэтага ніхто ня зробіць. Зараз мы самі будзем рабіць праект. Будзем шукаць выхады ды ўваходы, пакуль ня будзе вырашанае пытаньне”.
Сёньня ж я зьвязалася па тэлефоне з намесьнікам старшыні Дэпартамэнту гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Ігарам Чарняўскім. Паводле яго, высадка саджанцаў ля Курапатаў была незаконная, і з гэтай прычыны дэпартамэнт даслаў “Вігэўрабуду” чарговае распараджэньне. Што тычыцца праекту ахоўных зонаў, то Ігар Чарняўскі паведаміў Радыё Свабода, што будзе распрацоўвацца новы праект ахоўных зонаў, і гэтым разам заказчыкам будзе не “Асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсіяў”, а “Вігэўрабуд”.
(Чарняўскі: ) “Трэба рабіць новы праект ахоўных зонаў з улікам папярэдніх заўвагаў. Мы адразу прапаноўвалі, што гэтая тэрыторыя павінна быць нейкім чынам комплексна выкарыстаная. Я раіў назваць яе зонай рэгуляванай забудовы ды падзяліць на дзьве часткі — зону мэмарыялізацыі й зону магчымага новага будаўніцтва”.
Навуковая кіраўніца курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная катэгарычна ня згодная з тым, каб распрацоўваўся новы праект ахоўных зонаў на замову “Вігэўрабуду”.