Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АКТЫВІСТЫ КХП БНФ ПРАТЭСТУЮЦЬ СУПРАЦЬ БУДАЎНІЦТВА КАТЭДЖАЎ БЛІЗУ КУРАПАТАЎ


Ганна Соусь, Менск

Уздоўж курапацкага лесу адразу за праваслаўнай капліцай узвышаецца бэтонная агароджа — увосень тут спрабавала распачаць будаўніцтва катэджаў фірма “Вігэўрабуд”. Тады Камітэт аховы гісторыка-культурнай спадчыны й рэстаўрацыі спыніў будаўніцтва. Але пагроза забудовы ў ахоўнай зоне засталася. Гаворыць сакратар управы Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Алесь Чахольскі:

(Чахольскі: ) “Калі ў 2001–2002 годзе грамадзкасьць змагалася за тое, каб не было пашырэньня кальцавой дарогі, у гэты час патаемна пачаўся паход на Курапаты зь іншага боку. З боку поля жальбы, па якім вазілі на расстрэл сюды ахвяраў сталінскага рэжыму. Было заплянавана з дазволу менскага райвыканкаму (падпісаў старшыня Русак) распачаць будаўніцтва пасёлку “Сонечны”. Будаўніцтва ладзіць фірма “Вігэўрабуд”, дырэктар — Асіпчук.

Побач з нэкропалем, самыя вялікім магільнікам у Беларусі пабудаваць пасёлак “Сонечны”, катэджы!.. І ня ведаць, побач з чым ён будзе знаходзіцца… За 80–100 мэтраў будуць разьмешчаныя аб’екты сацкультбыту. І сюды будуць прыходзіць са сваімі сабакамі, на шашлыкі. Гэта нонсэнс”.

Алесь Чахольскі запэўнівае, што сбяры Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ усімі сродкамі будуць перашкаджаць забудове ля Курапатаў.

(Чахольскі: ) “Наша задача — не дапусьціць пабудовы гэтых катэджаў. Будзе масавы супраціў, мы не дамо разгарнуць тут гэтую будоўлю. Хай прыцягваюць АМОН, КГБ… За гэтае месца будзе ісьці змаганьне ўсімі сродкамі. Мы працягнем усталёўваць крыжы. Сыдзе сьнег, і штосуботы тут будуць ладзіцца талокі, я дарэчы запрашаю ўсіх на іх. А па-другое, мы канечне будзем зьвяртацца ў розныя інстанцыі з патрабаваньнем вызначэньня ахоўнай зоны мэмарыялу Курапаты. Праект ахоўных зонаў фактычна ёсьць, засталося толькі зацьвердзіць яго”.

Праект ахоўных зонаў курапацкага мэмарыялу, які распрацавалі спэцыялісты інстытуту “Праектрэстаўрацыя”, дагэтуль не зацьверджаны Камітэтам аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Дагэтуль ня вырашанае пытаньне й з уключэньнем урочышча ў межы гораду.

Як паведаміла Радыё Свабода навуковая кіраўніца курапацкага мэмарыялу Мая Кляшторная, пакуль не зацьверджаны праект ахоўнай зоны, ніхто не выключае хуткай забудовы тэрыторыі, прылеглай да мэмарыялу, якая можа пачацца акурат з надыходам вясны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG