З 9 гадзінаў раніцы ў Курапатах працавалі каля 50 сябраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Гаворыць сакратар управы КХП БНФ Алесь Чахольскі:
(Чахольскі: ) “Сёньня мы прывезьлі ў Курапаты 60 крыжоў. Гэтыя крыжы вырабленыя на прыватныя ахвяраваньні. Нашыя людзі зьбіраюць сродкі. Хто дае 500 рублёў, хто 1 тысячу, а хто й 500 даляраў. Па ўсёй Беларусі праводзіцца збор ахвяраваньняў. Я заклікаю людзей прыносіць грошы на ўправу КХП БНФ. Ставарэньне мэмарыялу будзе працягвацца”.
Практычна ўсе людзі, што працавалі сёньня ў Курапатах, зьбіраецца заўтра ўзяць удзел у акцыі ля помніку Янкі Купалы. Працягвае Валер Буйвал:
(Буйвал: ) “Заўтра ўсе беларусы зьбіраюцца ў цэнтры нашай сталіцы ў сквэры Янкі Купалы перад помнікам вялікаму песьняру, каб выказаць свой пратэст супраць палітыкі Пуціна, заяваў расейскага прэзыдэнта, скіраваных на зьнішчэньне беларускай дзяржавы, на анэксію Расейскай імпэрыяй нашай Беларусі. Так што заклікаем усіх беларусаў выйсьці разам з намі а 12 гадзіне да помніку Янку Купалу”.
На пляцоўцы ля Крыжа Пакуты жанчыны высаджваюць кветкі і ельнікі. Плянуецца, што да Дзядоў тут будзе зробленая адмысловая кампазыцыя зь бел-чырвона-белых кветак. Тлумачыць спадарыня Ларыса:
(Ларыса: ) “Будзе такая кампазыцыя ў выглядзе герба каля галоўнага крыжа. А там мяркуем вышэй зрабіць кампазыцыю “бел-чырвона-белы сьцяг”. І ўся пляцоўка ля Крыжа Пакуты будзе засеяная дэкаратыўнай траўкай”.
Я рухаюся далей у лес. Спрыняюся ля крыжа, які некалькі месяцаў таму быў разбураны невядомымі вандаламі. Яго аднаўляе Эльяш Банэль.
(Банэль: ) “Цяпер рамантуем крыжы, якія зьнішчылі барбары. Улады не зацікаўленыя, каб у народу захавалася памяць аб тых мясьцінах, дзе нішчыўся гэты народ. Таму яны й зьнішчаюць і крыжы, і нашую працу, і нашую памяць”.
На Курапацкім пагорку працуе каля трыццаці чалавек. Адзін зь іх — актывіст КХП БНФ Мікола Капарыха.
(Капарыха: ) “Мы ўсталёўваем крыжы ў Курапацкім лесе. Гэтая праца ў нас ужо практычна год цягнецца. Тут пракладзены газаправод. Хоць ён ня дзейнічае, але ж трубы ўнізе ляжаць. Калі сёньня я капаў трэцюю яму пад крыж прыкладна ў 50 мэтрах адсюль, дык адкапаў скураны сапог ды косьці. Калі нехта гаворыць, што тут ніякіх пахаваньняў няма, то гэта зусім няпраўда”.
Уладзімер Хахлун адмыслова прыехаў сёньня ў Курапататы з Глыбокага.
(Хахлун: ) “А хто калі ня я сюды прыедзе? Можа, і мой хто са сваякоў тут пахаваны. Можа, які дзед. Таму я тут. Увогуле, могілкі — гэта сьвятое месца. Тым больш, колькі людзей тут нявінных забіта. Ня толькі тут, але і ў нашай мясцовасьці ды па ўсёй Беларусі трэба прыводзіць могілкі ў належны стан. Бо які ў нас стан могілак, такі і стан грамадзтва, такія й людзі”.
Гэтак мяркуе Уладзімер Хахлун з Глыбокага, які разам зь іншымі актывістамі Кансэрватыўна-хрысьцянскай партыі БНФ усталёўваў сёньня ў Курапатах крыжы. Усяго ва ўрочышчы дзякуючы сябрам партыі паўстала ўжо каля 300 крыжоў.