Праграма разьвіцьця піваварнай галіны прадугледжвае рост вытворчасьці гэтага напою да 60 мільёнаў дэкалітраў на год. Такіх паказьнікаў трэба дасягнуць да канца 2005 году. Але чыноўнікі канцэрну прапанавалі зьнізіць плянку ажно ў паўтара разу — да 40 мільёнаў дэкалітраў. Як паведаміла крыніца ў канцэрне “Белдзяржхарчпрам”, ёсьць засьцярогі, што беларускі рынак піва перанасыціцца, калі выканаць тыя пляны, на якіх настойвае ўрад.
Са словаў крыніцы, для Беларусі будзе цалкам дастаткова выпускаць да 40 мільёнаў дэкалітраў піва штогод, а іначай выйдзе тое ж, што і з цукрам — ягоную вытворчасьць павялічылі, а цяпер лішкі прадукцыі ляжаць на складох. Калі беларускія бровары пачнуць выпускаць да 60 мільёнаў дэкалітраў піва штогод, то сытуацыя можа паўтарыцца. Да таго ж у “Белдзяржхарчпраме” гавораць пра недахоп інвэстыцыяў у піваварную прамысловасьць.
Кіраўніцтва краіны заявіла летась, што беларускім броварам не патрэбныя вонкавыя замежныя інвэстыцыі. Рэканструяваць заводы вырашылі за кошт унутраных рэсурсаў — значную частку фінансаваньня ўзяў на сябе “Прыёрбанк”. Аднак для банку гэта аказалася ня проста: летась ён уклаў у мадэрнізацыю бровару “Крыніца” больш за 20 мільёнаў даляраў, цяпер абяцаецца ўкласьці яшчэ ў некалькі заводаў да 15 мільёнаў. У канцэрне “Белдзяржхарчпрам” усьведамляюць, што ў “Прыёрбанку” не бязьмежныя рэсурсы, таму, на думку прадстаўнікоў канцэрну, з гэтай прычыны таксама варта скарэктаваць пляны ў бок зьніжэньня.
Выканаўца абавязкаў генэральнага дырэктара бровару “Аліварыя” Ўладзімер Путрыч, зь якім я пагутарыла, лічыць, што насамрэч ёмістасьць беларускага піўнога рынку значна большая, чым гэта падаецца прадстаўнікам канцэрну “Белдзяржхарчпрам”. На ягоную думку, прадпрыемствы канцэрну могуць выпускаць піва болей.
(Путрыч: ) “Калі браць лічбы спажываньня на душу насельніцтва, то, натуральна, рэзэрвы ў нас яшчэ зусім неабсяжныя. Да Расеі, Украіны й Прыбалтыкі нам пакуль яшчэ далёка. У іх пазыцыя вельмі асьцярожная, я ня ведаю, на чым яна базуецца. Можа, яны баяцца праваліць гэтую праграму, таму стараюцца занадта не павялічваць”.
За першыя чатыры месяцы гэтага году “Аліварыя” прадала 775 тысяч дэкалітраў. У аналягічны пэрыяд мінулага году было 554 тысячы. То бок, рост продажаў склаў амаль 40%, што сьведчыць пра большую цікаўнасьць беларускіх спажыўцоў да піва. У той жа час спадар Путрыч заўважае, што гэтая сытуацыя можа ня быць агульнай для ўсіх беларускіх вытворцаў.