Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ ЗАМЕЖНЫЯ ПЕРАВОЗЧЫКІ СТАРАЮЦЦА АБ’ЯЖДЖАЦЬ БЕЛАРУСЬ?


Уладзімер Глод, Менск

Асноўныя прэтэнзіі перавозчыкі прад’яўляюць не да транспартнікаў, а да мытнікаў.

На іх дзеяньні наракаюць ня толькі замежныя перавозчыкі, але і беларускія, якія бяруць грузавыя аўтамабілі ў арэнду ў Францыі, Нямеччыне, Польшчы ды некаторых іншых краінах, а потым вымушаныя ехаць аб’язным шляхам, не празь Беларусь.

Пагроза канфіскацыі тавараў з прычыны нават нязначных парушэньняў, высокія падаткі ды зборы вымушалі многіх бізнэсоўцаў толькі цягам апошняга часу шукаць падтрымкі ў амбасадах Казахстану, Расеі, Украіны…

Юрыст Беларускай асацыяцыі міжнародных перавозчыкаў Пётар Хлусевіч таксама абураецца дзеяньнямі беларускіх уладаў:

(Хлусевіч: ) “76 паўпрычэпаў, якія належаць замежным кампаніям, сканфіскаваныя ў прыбытак дзяржавы. Гэта ж шкодзіць і іміджу Беларусі. Гэта ў сваю чаргу прывяло да таго, што шматлікія экспэдытарскія замежныя кампаніі, грузаадпраўнікі пачалі патрабаваць ад перавозчыкаў аб’яжджаць Рэспубліку Беларусь. Аб’яжджаць!”

Вось як на просьбу Радыё Свабода камэнтуе гэтую праблему першы намесьнік міністра транспарту і камунікацыяў Мікалай Верхавец:

(Верхавец: ) “Прыкрая памылка была выпраўленая, у тым ліку і мытным камітэтам Беларусі, калі з выхадам 4 траўня ўказу кіраўніка дзяржавы дазволена і з паўпрычэпамі замежнай вытворчасьці працаваць нашым беларускім перавозчыкам, і знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі ня больш за 30 дзён, каб забясьпечыць пагрузку, выгрузку і дастаўку тавараў”.

У Беларускай асацыяцыі міжнародных перавозак лічаць, што выпраўленьне толькі адной памылкі праблемы не вырашае. Я таксама спытаўся ў міністра транспарту Міхаіла Баравога пра яго стаўленьне да прапановы Паўла Барадзіна пабудаваць новую дарогу ад Парыжу да Токіё. Падтрымкі гэтая прапанова ў міністра ня мае:

(Баравы: ) “Два гады таму мы разглядалі гэтае пытаньне. Сёньня лічыцца, што Крыцкі транспартны калідор №2 на нашым участку мяжа Польшчы — мяжа Расейскай Фэдэрацыі на 602 кілямэтры — найлепшы. Будаваць побач яшчэ адну шасьціпалосную дарогу няма сэнсу, паколькі гэтая загружаная толькі на 30%. Карацей, мы можам яшчэ ўтрая павялічваць прапускную магчымасьць гэтай дарогі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG