Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі часова спыніла імпарт расейскай прадукцыі, якая падлягае вэтэрынарнаму кантролю — гэта мясная і малочная прадукцыя, а таксама воўна. Забарона не распаўсюджваецца на кармы, кармавыя дабаўкі й лекавыя сродкі. Сытуацыю тлумачыць намесьнік начальніка галоўнага ўпраўленьня вэтэрынарыі Мінсельгасхарчу Іван Буш:
(Буш: ) “Маюцца на ўвазе тыя харчы, якія тэрмічна не апрацоўваюцца. Малочная прадукцыя цалкам, а таксама мяса і мясапрадукты, апроч кансэрваў. Тэрмічную апрацоўку праходзяць толькі кансэрвы, астатняе ж — не. У нас хапае свайго”.
Паводле прадстаўніка Мінсельгасхарчу Івана Буша, апошні выпадак яшчура ў Беларусі быў зарэгістраваны ў 1982 годзе. Былы кіраўнік прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук бачыць у забароне на імпарт расейскага мяса і малака ня толькі засьцярогу ад эпідэміі, але і жаданьне ўладаў скараціць колькасьць расейскіх харчоў у Беларусі:
(Ярашук: ) “Насамрэч гэта проста была прычына, каб увесьці гэтыя меры ў абмежаваньні ўвозу прадукцыі. Маючы на ўвазе, што Амурская вобласьць знаходзіцца за 11 тысяч кілямэтраў ад Беларусі, разглядаць гэта як сур’ёзную падставу, што можа нейкім чынам трапіць прадукцыя жывёлагадоўлі на беларускі рынак… Аб верагоднасьці гэтага ўсур’ёз гаварыць не прыходзіцца. Насамрэч нашая сельская гаспадарка, аграпрамысловы комплекс страчвае канкурэнтаздольнасьць з той прычыны, што дагэтуль ніякага рэфармаваньня гэтай галіны не адбывалася. І замест таго, каб нейкія адказныя захады рабіць, прымаюцца такія адміністрацыйныя рашэньні”.
Прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук адзначае, што паводле розных падлікаў, расейскае харчаваньне займае ад 20 да 30% беларускага рынку, і ёсьць тэндэнцыя да павелічэньня гэтай долі.
(Ярашук: ) “За савецкім часам, асабліва пры канцы 1980-х гадоў, нашая краіна якраз была найбольш разьвітай у сельскай гаспадарцы. А апошнія пяць гадоў сельская гаспадарка зьяўляецца стратнай. Яе рэнтабэльнасьць, нават згодна зь беларускай статыстыкай, стала адмоўнай. Мы паступова страчваем канкурэнтаздольнасьць, і адпаведна з гэтым доля расейскай прадукцыі на ўнутраным рынку ўзрастае. Гэтак ніколі не было за савецкім часам. Больш за тое, мы дзесьці 30% мяса і малака экспартавалі на расейскія рынкі, а цяпер маем адваротную тэндэнцыю”, — мяркуе былы кіраўнік прафсаюзу работнікаў аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук.
Нагадаю, што ў 2000 годзе Беларусь ужо ўводзіла часовую забарону на імпарт расейскай прадукцыі з прычыны пагрозы распаўсюду яшчура.