Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АТАМНАЯ ЭЛЕКТРАСТАНЦЫЯ Ў БЕЛАРУСІ: ЭКАНАМІЧНАЯ ВЫГАДА ЦІ ЯДЗЕРНАЯ НЕБЯСЬПЕКА?


Галіна Абакунчык, Менск

Маратор на будаўніцтва поўнай забароны АЭС не прадугледжвае, а спрэчкі вакол пэрспэктывы атамнай энэргетыкі ў Беларусі не сьціхалі ўвогуле. Літаральна два гады таму Аляксандр Лукашэнка заклікаў навукоўцаў вызначыцца ў гэтым пытаньні, а нядаўні беларуска-расейскі газавы канфлікт дыскусіі толькі распаліў мацней. Навуковец інстытуту энэргетычных і ядзерных дасьледаваньняў Нацыянальнай акадэміі навук Алі Валыхін быў заўсёдным прыхільнікам АЭС.

(Валыхін: ) “Цяпер гаворку вядуць пра 50 даляраў за тысячу кубамэтраў па газу – калі ў нас усё энэргаспажываньне трымаецца на газе – 93% у энэргетыцы й 68% па цяплу. А пасьля спажываньня запасаў, расейскіх газ вы будзеце купляць прыкладна па 200 даляраў – уявіце што гэта для эканомікі Беларусі. Акрамя таго, атамная станцыя, да прыкладу, каштуе прыкладна тысячу даляраў за ўсталяваны кіляват, а на той ТЭЦ, што цяпер праектуюць у Берасьці гэты ж кіляват будзе каштаваць 2400 даляраў. Газавыя станцыі крыху таньнейшыя, але ў іх і тэрмін эксплюатацыі крыху меншы: калі АЭС разьлічаная на 50 гадоў, то на іншых увесь час неабходна мяняць абсталяваньне. Акрамя таго, атамная станцыя – яна ж і кісларод не паглынае, і выкідаў ня мае, а мае толькі чыстае паліва. Я, канечне, не супакоюся й мае таварышы па працы не супакояцца й мы будзем пісаць, што без атамнай энэргетыкі Беларусь ня выжыве.”

Асноўныя аргумэнты так званага атамнага лобі палягаюць у тым, што да 2010 году 90 % асноўных магутнасьцяў беларускага энэргетычнага комплексу запатрабуе рэканструкцыі. А сучаснае тэхнічнае пераўзбраеньне – капіталаўкладаньняў, раўназначных будаўніцтву АЭС. Гэтаксама эканамічна не рацыянальнае, экалягічна небясьпечнае разьвіцьцё альтэрнатыўнай энэргетыкі. А менавіта: гідраэлектрастанцыі маюць патрэбу ў вялікай колькасьці вады, якая выводзіць з ужытку значныя пасяўныя плошчы. ТЭЦ – асабліва малатурбінныя – выкідвае у паветра тоны попелу й сажы.

Каб ператварыць у энэргію вецер, запатрабуюцца буйныя выдаткі на набыцьцё імпартных паветраных установак, а яны здольныя выклікаць пылавыя буры й эрозію глебы. Тым часам штогод Беларусь выдаткоўвае па 2 мільярды даляраў на набыцьцё энэрганосьбітаў і па-ранейшаму застаецца амаль цалкам энэргазалежнай ад Расеі.

Іншага меркаваньня трымаецца Дырэктар Інстытуту радыяцыйнай бясьпекі “Белрад” Васіль Несьцярэнка, які сьцьвярджае што ўяўная энэргетычная свабода краіны пасьля будаўніцтва АЭС абернецца яшчэ большай залежнасьцю. Гаворыць Васіль Несьцярэнка.

(Несьцярэнка: ) “Ну, якая розьніца – уран мы таксама будзем набываць у Расеі – у чым тут нашая незалежнасьць праяўляецца? І я лічу, што Чарнобыль яскрава прадэманстраваў, што калі здараецца аварыя, то абараніць сваіх людзей нашымі рэсурсамі мы ня можам. Дык хіба ж тады можна разьвіваць гэткія праграмы, у выніку якіх людзі могуць заставацца сам-насам зь бядой. Гэта могуць сабе дазволіць толькі такія краіны, як, да прыкладу, ЗША. І тое, я лічу вялікай памылкай, што там гэтыя тэхналёгіі разьвіваюцца, асабліва пасьля таго, як зьявіліся тэрарысты. Вось ня дай Бог гэтыя самалёты яны не на гандлёвыя будынкі скіравалі бы, а на станцыю, то дзесяткі мільёнаў было б загінулых.”

“Мазут, дровы й апілкі – вось і ўся АЭС” – гэтак жартуюць прыхільнікі безьядзернай Беларусі. А сваіх апанэнтаў называюць “атамнымі салаўямі”, якія “ня супраць пагрэць рукі каля ядзернага цяпельца” – то бок – уладкаваць свой дабрабыт у часе будаўніцтва й эксплюатацыі станцыі. Яны гэтаксама папракаюць калегаў-навукоўцаў, што тыя замоўчваюць праблему ўтылізацыі ядзерных выкідаў, вялікіх выдаткаў на ўзьвядзеньне станцыі: 200 мільёнаў даляраў за кожны з 5-7 год будаўніцтва. Паводле неафіцыйных падлiкаў кошт станцыi складзе больш за 6 мiльярдаў даляраў, альбо 6 гадавых дзяржаўных бюджэтаў Беларусi. Новы эканамічны цяжар у выніку ляжа на плечы ня толькі сёньняшніх жыхароў Беларусі, але й наступных пакаленьняў. Гэтага меркаваньня трымаецца й колішні сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі, навуковец-фізык Станіслаў Шушкевіч.

(Шушкевіч: ) “АЭС патрабуе такіх інвэстыцыяў, якія апраўдваюцца даволі доўгім часам, што мы проста не ў стане дазволіць сабе такую раскошу. Гэта могуць дазволіць сабе багатыя краіны, такія, як ЗША, Францыя, Бэльгія, і яны гэта робяць. Гэта проста жах, калі краіна кіне грошы на будаўніцтва атамнай станцыі й забудзецца на тых людзей, якія жывуць сёньня па 62-64 гады. Таму на сёньняшні дзень, я лічу, Беларусь павінна клапаціцца аб сваіх людзях і гаварыць пра будаўніцтва ў Беларусі АЭС – проста не сур’ёзна.”

Але самы галоўны аргумэнт праціўнікаў будаўніцтва айчыннай АЭС – адсутнасьць цалкам бясьпечны ядзерных рэактараў і ўсебаковай мэдычнай гатовасьці да магчымых выпадкаў новых аварыяў. Айчынныя мэдыкі гэтага не хаваюць. Вось што ў прыватнасьці адказала на пытаньне радыё Свабода намесьніца дырэктара Рэспубліканскага цэнтру радыяцыйнай мэдыцыны й экалёгіі Алена Сасноўская.

(Карэспандэнтка: ) “Захворваньні, зьвязаныя з радыяцыяй, – яны ад малых дозаў залежаць ці не, ці малыя дозы ўсё-ткі не ўплываюць на стан здароўя?”

(Сасноўская: ) “Вы ставіце вельмі сакрамэнтальнае пытаньне: уся навуковая міжнародная супольнасьць б’ецца над тым, ці ўплываюць малыя дозы радыяцыі на паказчык захворваньняў. На сёньняшні дзень вам ніводзін навуковец, ніводзін акадэмік ні станоўчага, ні адмоўнага адказу ня дасьць, бо гэтая праблема яшчэ патрабуе далейшага вывучэньня. Уплываюць яны, не ўплываюць яны – гэта праблема з праблемаў”.

Такія заявы тым ня менш гучаць на тле скандальнага зьняволеньня прафэсара Гомельскага мэдычнага ўнівэрсытэту Юрыя Бандажэўскага, які – паводле адмыслоўцаў – якраз і пацярпеў за тое, што навукова абгрунтаваў шкоднае ўзьдзеяньне на арганізм чалавека нават малых дозаў апраменьваньня. Пры гэтым усялякую спробу грамадзкасьці ўзьняць праблему Чарнобыля ўладныя чыноўнікі называюць радыяфобіяй. Вось як гэта камэнтуе доктар мэдычных навук, старшыня грамадзкай арганізацыі “Чарнобыльскае ліхалецьце” Валеры Дзядзічкін.

(Дзядзічкін: ) “Я не сказаў бы, што радыяфобія сярод беларусаў вельмі распаўсюджаная. Наадварот, я лічу, што шкодны ўплыў на здароўе нашага насельніцтва ад наступстваў Чарнобылю апошнімі гадамі прыніжаны – тут ніякіх сумневаў. І ў мяне ў арганізацыі штогод вельмі шмат людзей памірае й гэта відавочна зьвязана з уплывам радыяцыі. Мы цяпер расхлёбваем і яшчэ доўга будзем расхлёбваць гэтую бяду. Прыніжаная шкода, бо гэта выгадна чыноўнікам.”

Паводле афіцыйнай статыстыкі, цяпер на забруджанай радыенуклідамі тэрыторыі пражываюць 1,5 мільёна чалавек і траціна сярод іх – дзеці.

Колькасьць здаровых сярод апошніх зьнізілася да 20%, пабольшала паталёгіяў сярод немаўлятаў, а дарослыя людзі ў пасьлячарнобыльскі пэрыяд тут хварэюць у 4-10 разоў часьцей. Сьмяротнасьць даўно перавышае нараджальнасьць.

Акрамя гэтага, спадар Дзядзічкін заяўляе, што паводле ягоных уласных дасьледаваньняў, радыяцыя таксама адмоўна ўплывае на псыхічныя функцыі чалавека: памяць, увагу, мысьленьне. Праўдзівую інфармацыю пра гэта ўлады хаваюць, каб лягчэй было прапагандаваць ідэю рэабілітацыі забруджаных земляў ды распаўсюджваць сельгаспрадукцыю з забруджаных палёў па ўсёй Беларусі, пры гэтым пазбаўляючы тамтэйшых жыхароў і без таго мізэрных грашовых выплатаў ды льготаў. Пэўны вынік гэта мае: да прыкладу, людзі маладога веку ўжо ня так баяцца будаўніцтва й магчымых нэгатыўных наступстваў ад атамнай АЭС ў Беларусі. Вось якія меркаваньні, яны выказвалі ў інтэрвію радыё Свабода на вуліцах Менску.

(Карэспандэнтка: ) “Як вы ставіцеся да ідэі будаўніцтва ў Беларусі АЭС?”

(Юнак: ) “Думаю, што гэта ня варта рабіць, памятаючы Чарнобыль. Лепш разьвіваць альтэрнатыўныя крыніцы энэргіі.”

(Юнак: ) “Пасьля чарнобыльскай катастрофы людзі вельмі нэгатыўна ставяцца да ідэі будаўніцтва АЭС. Але я лічу, што без гэтага Беларусі не абысьціся”.

(Юначка: ) “Ведаеце, навука сёньня шмат пайшла ўперад і, напэўна, ужо ёсьць больш бясьпечныя тэхналёгіі. Але згадваючы Чарнобыль, усё ж страшнавата.”

Так, праз 18 гадоў пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС адносіны да пэрспэктываў будаўніцтва ў Беларусі атамнай АЭС у грамадзтве падзяліліся. Таксама неадназначным ёсьць стаўленьне да наcтупстваў ядзернага выбуху. Па-ранейшаму нязьменнай застаецца толькі абыяквасьць уладных чыноўнікаў да здароўя й лёсу народу краіны – кажа Станіслаў Шушкевіч.

(Шушкевіч: ) “Я быў сярод тых, хто тлумачыў нашаму дзяржаўнаму й партыйнаму кіраўніцтву, як і што трэба рабіць. Тады было так: мы тлумачым, а яны прымаюць нейкія захады, але ніякіх захадаў мы так і не дачакаліся, бо ўлады былі падпарадкаваныя Маскве. На жаль, з тае пары нічога не памянялася, а мэнтальнасьць уладаў у справе Чарнобылю вярнулася на ўзровень тагачасных чыноўнікаў сярэдняй рукі.”

Высокія ўрадавыя чыноўнікі тым ня менш час ад часу заяўляюць, што ў Беларусі разглядаецца магчымасьць будаўніцтва АЭС. А ў нядаўняй прамове да парлямэнту Аляксандр Лукашэнка заявіў літаральна наступнае: “Так, Чарнобыль ў нас ёсьць, але мы ў гэтым не вінаватыя”. Аднак хто вінаваты ў зварочваньні праграмаў ліквідацыі чарнобыльскіх наступстваў? Ці не таму вэртыкаль замоўчвае праблему, што верыць: ідэя ўласнай атамнай станцыі ўсе ж пачне некалі ажыцьцяўляцца?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG