Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЫ ПРАЦУЮЦЬ БОЛЕЙ ЗА НЕМЦАЎ


Марыя Усьціновіч, Магілёў

Беларусы працуюць болей за немцаў. Мы – 40 гадзінаў на тыдзень, а немцы – на паўтары гадзіны меней. Нямецкія прафсаюзы некалькі дзесяткаў гадоў таму дамагліся скасаваньня шасьцідзённага працоўнага тыдня. Цяпер у Нямеччыне не аспрэчваецца, што субота – гэта сямейны дзень, калі бацькі належаць сваім дзецям.

У нашага чалавека, які хоча дадатковага заробку, якраз субота – заўсёды працоўная. Мая знаёмая, якую скарацілі зь дзяржаўнага прадпрыемства, пайшла працаваць у камэрцыйны шапік. 12 гадзінаў 7 дзён на тыдзень, без аніякіх сямейных суботаў. Абслугоўвае на дзень 2 тысячы пакупнікоў. Кажа, што напрыканцы працоўнага тыдня невыносна хочацца спаць. Аднак думкі пра летнія патрэбы сваіх дваіх дзяцей (адзеньне, аздараўленьне, добрая ежа ды вітаміны) прымушаюць трымацца, як гавораць, зубамі за сваё працоўнае месца. Вось яе аргумэнты:

(Спадарыня: ) “Іншага выйсьця няма, бо на дзяржаўнае прадпрыемства не пойдзеш. І заробкі малыя, і там паўсюды скарачэньні, таму выпадае працаваць тут. Гэта адзінае месца, дзе можна зарабіць больш-менш”.

Найбольшыя нагрузкі на працы зараз у сялянаў, якія пачалі сеяць. У сэзон яны маюць магчымасьць зарабіць больш грошай. Якімі сумамі можна заахвоціць сялянаў?

Вядомы на Магілёўшчыне фэрмер з Чэрыкаўскага раёну Мікалай Марачкін гаворыць, што трэба плаціць селяніну тры сотні даляраў, каб заахвоціць яго працаваць. У ягонай гаспадарцы сярэдні заробак – 120 даляраў (нядрэнна, аднак яшчэ далёка ад ідэалу), і пад час пасяўных і ўборачных кампаніяў Марачкін імкнецца заробак не даваць, каб не справакаваць людзей на запой.

Спадар Мікалай гаворыць, што пакуль ня будзе беспрацоўя і чаргі за варотамі яго гаспадаркі, іншага выйсьця, акрамя як не даваць грошы, проста няма, і ніякія заахвочваньні не дадуць вынікаў.

Аднак адная справа – дысцыпліна працы, а іншая – працягласьць працоўнага дня. Тэарэтычна селянін не павінен працаваць ад золку да захаду, аднак дзеля добрага ўраджаю сёньня ўсё ж вымушаны гэта рабіць. Чаму – вось меркаваньне Мікалая Марачкіна.

(Марачкін: ) “Тэхнікі добрай няма, яна псуецца. Таму, калі трэба тэрмінова завершыць сяўбу, выпадае прадукцыйнасьць працы павялічваць у два разы, і гэта толькі за кошт чалавечага фактару, што людзі перапрацоўваюць”.

Як уратавацца ад наступстваў доўгага працоўнага дня, празьмерных нагрузак? Ёсьць, напрыклад, зьвесткі, што інфаркт – гэта прафэсыйнае хвароба працаголікаў, так лічаць японскія спэцыялісты. А магілёўскія мэдыкі лічаць самым сур’ёзным наступствам доўгай і напружанай працы сындром хранічнай стомленасьці: галаўны боль, агульная млявасьць, апатыя, нежаданьне нешта рабіць, і самае небясьпечнае – зьніжэньне імунітэту і высокая ўспрымальнасьць да розных хваробаў, ня толькі інфэкцыйных, але і сардэчна-сасудзістых.

Аднак, нягледзячы на такія сур’ёзныя праявы сындрому хранічнай стомленасьці, наўрад ці пацыенты беларускіх паліклінікаў могуць атрымаць лісток непрацаздольнасьці з такім дыягназам. Таму трэба ратавацца самастойна. Перш за ўсё – адпачываць і пераключаць увагу. Шпацыр, музычныя перапынкі, дыхальныя практыкаваньні, а таксама і вытворчая гімнастыка, якая зьнікла як перажытак савецкіх часінаў, аднак насамрэч вельмі карысная. А вось пра самае галоўнае ў барацьбе з перагрузкамі скажа магілёўскі доктар-нэўрапатоляг Васіль Аўраменка.

(Аўраменка: ) “Канечне, асноўнае на мой погляд, гэта сон, дастатковы сон. Можна працаваць і 16 гадзінаў, і болей, але сон павінен быць дастатковы. Недасыпаньне нават больш шкоднае за інтэнсіўную працу. Калі вы не даспалі ноччу, і санлівасьць, млявасьць існуе, знайдзіце час днём. 15 хвілін, але нават такі непрацяглы дзённы сон можа значна дадаць сілаў, вярнуць энэргію і аднавіць працаздольнасьць”.

І я хацела б завершыць парадай немцаў, якія далёка не ўсе, канечне, працуюць толькі 38,5 гадзінаў на тыдзень, калі трэба зарабіць грошай. Перапынкі ў працы – гэта вельмі важна, паводле іх. Аднак самае галоўнае – каб праца падабалася, прыносіла задавальненьне, тады не страшныя ані інфаркт, ані сындром хранічнай стомленасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG