Раней малдаўскія прадпрымальнікі, якія гандлююць нафтапрадуктамі дамовіліся абмінаць тэрыторыю Беларусі, каб не мець праблемаў з мытнікамі. А якія яшчэ тавары небясьпечна правазіць праз тэрыторыю Беларусі?
Практыка паказала, што амаль усе. Вось, напрыклад, у малдаван канфіскавалі 60 тонаў рыбы ў Пінску. Рыбу везьлі з Каўнаса ў Кішынёў. Казахі пазбавіліся 17 аўтамабіляў прадстаўнічага клясу – іх тут канфіскавалі і раздалі ў аблвыканкамы. Украінцам не пашчасьціла з цукрам, мэбляй і нержавейнай стальлю. Расейскія аўтаперавозчыкі згубілі тут і аўдыё-відэатэхніку, і прадукты харчаваньня, і аўтамабільныя запчасткі, і тканіны, і шмат яшчэ якіх тавараў на даволі вялікія сумы.
Цяпер многія кіроўцы праяжджаюць лішнія 1 000 кілямэтраў уздоўж мяжы, абы толькі абмінуць беларускую мяжу.
У адным толькі Менску адчыніліся і працуюць 18 спэцыялізаваных крамаў, дзе гандлююць канфіскатам. Можна сабе ўявіць, колькі чалавек не атрымалі свае тавары, заплаціўшы за іх грошы.
Даволі часта людзі закладаюць свой дом, усю маёмасьць, бо перакананыя, што разьлічацца са сваёй дзяржавай і будуць мець свой даход, калі тавар прыйдзе згодна з кантрактам. Але… Няма хіба ніводнай амбасады ў Менску, дзе б не спрабавалі вырашыць пытаньне з мытнікамі і судамі.
Расейскі амбасадар увогуле назваў Беларусь краінай карсараў. Адмыслоўцы кажуць, што ў выніку такой палітыкі Беларусь можа пазбавіцца грошай за транзыт, бо ўсе перавозчыкі папросту пачнуць абмінаць Беларусь.
Варта заўважыць, што многія беларускія прадпрыемствы маюць запазычанасьці ў тых краінах, чые тавары канфіскуюць беларускія мытнікі. Гэта яшчэ больш абурае прадстаўнікоў замежных фірмаў. Напрыклад, прадпрыемства “Белая Русь” павінна заплаціць 230 тысяч даляраў малдаўскім фірмам. Апроч таго “Аграпрам” вінны 218 300 даляраў за пастаўкі насеньня кукурузы. Амаль столькі ж за сьвежую садова-гародніную прадукцыю і за кансэрваваную. Шмат мусяць заплаціць і ўкраінскім фірмам за насеньне, алей і цукар. Яшчэ больш грошай Беларусь павінна заплаціць расейскім прадпрыемствам.