Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ВЫЙГРАЕ АД ПАШЫРЭНЬНЯ ЭЎРАЗЬВЯЗУ: МЫТЫ СКАРАЧАЮЦЦА ЎДВАЯ


Юры Сьвірко, Менск

Аляксандар Міхневіч на прэсавай канфэрэнцыі казаў пра старыя сувязі, якія Беларусь мае з суседзямі. На тэрыторыі новых сябраў Эўрапейскага Зьвязу пражывае каля 700 тысячаў беларусаў, заявіў спадар Міхневіч і зазначыў, што досьвед эўрапейскіх беларусаў будзе выкарыстоўвацца гэтаксама, як досьведам замежных палякаў скарысталася Польшча. Менск бачыць у пашырэньні Эўразьвязу пэўныя плюсы.

(Міхневіч: ) “Да пазытыву я магу аднесьці тое, што сёньня Эўрапейскі Зьвяз у старым фармаце займаў у агульным таваразвароце нашай краіны долю 18%. З уліваньнем туды новых краін доля Эўразьвязу складзе каля 35%. То бок пасьля Расейскай Фэдэрацыі гэта будзе наш найбуйнейшы гандлёвы партнэр”.

Аляксандар Міхневіч паведаміў, што беларускія экспэрты прааналізавалі сытуацыю й прыйшлі да высновы, што мытны тарыф Эўразьвязу пасьля 1 траўня значна палепшыцца – мыты для прадукцыі зь Беларусі скароцяцца прыблізна ўдвая.

Паводле спадара Міхневіча, у гандлі з Польшчай Беларусь разьлічвае на выйгрыш памерам 16 мільёнаў даляраў. Аднак беларускім экспарцёрам давядзецца плаціць дадатковыя мыты Літве на суму больш за 2 з паловай мільёны даляраў. Такая ж нявыгадная сытуацыя з Латвіяй і Эстоніяй.

Як сказаў намесьнік міністра, беларускія нафтапрадукты, трактарная і сельгаспадарчая тэхніка атрымаюць больш лёгкі доступ на рынак Эўразьвязу. Але на аўтамабілі ў Польшчы мыта павялічыцца, таму трэба шукаць іншыя шляхі, і МАЗ ужо стварае супольнае прадпрыемства з польскімі партнэрамі. Зборка беларускіх трактараў у Польшчы ўжо была наладжаная раней – яна застанецца, але будуць і наўпроставыя пастаўкі.

Беларускае МЗС адзначае, што для Эўразьвязу вельмі важная экалягічная бясьпека, стандартызацыя й сэртыфікацыя тавараў.

(Міхневіч: ) “Вядома, мы павінны будзем, пранікаючы сваёй прадукцыя на рынкі Эўропы, адпавядаць яе стандартам, яе дырэктывам. Дырэктывы гэтыя распаўсюджваюцца на дзьве вялікія групы тавараў – найперш на харчовыя тавары й на прамысловыя тавары”.

Паводле спадара Міхневіча, Эўразьвяз у беларускай харчовай прадукцыі зацікаўлены, бо яна больш чыстая ў экалягічным пляне й менш хімізаваная. Што да прамысловай прадукцыі, дык бакі дамовіліся, што ня будзе дадатковай праверкі для беларускіх тавараў, якія маюць адпаведны сэртыфікат.

Пасьля 1 траўня антыдэмпінгавыя мыты пашырацца на ўсе 25 краіны, і для прагназаваліся страты памерам 100 мільёнаў даляраў. Найперш гэта тычылася беларускіх калійных угнаеньняў, але Менск дамогся, каб прыканцы траўня быў выдадзены новы рэглямэнт Эўразьвязу з новай тарыфнай квотай, ня меншай за старую. Застаюцца праблемы з квотамі на тэкстыль – аб’ём беларускіх паставак складае каля 100 мільёнаў даляраў.

(Міхневіч: ) “Эўразьвяз заявіў нам: так, эканамічна ніякай пагрозы тыя аб’ёмы экспарту тэкстылю, якія ёсьць, для Эўропы не ўяўляюць, але вось палітычна мы з вамі ня вельмі блізкія, таму мы спрабуем праз тэкстыль падзейнічаць на вашую палітычную лінію. Мы ім тлумачылі гэтак: вы дзейнічаеце не на нашую палітычную лінію, а пазбаўляеце працы 130 тысячаў жанчын, якія працуюць у лёгкай прамысловасьці, і пры такім падыходзе штосьці добрае на адрас Эўразьвязу наўрад ці яны скажуць”.

Спадар Міхневіч паведаміў, што ў сярэдзіне сакавіка Эўрапейскі Зьвяз выдаў новы рэглямэнт, які даў Беларусі ільготы наконт тэкстылю на паўтара месяца – да 1 траўня. Потым зноў пачнуцца перамовы. Менск пагражае ўвесьці свае санкцыі супраць тэкстылю з пашыранага Эўразьвязу, хаця й кажа, што ня хоча гандлёвай вайны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG