Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ХТО БУДЗЕ ПАСТАЎЛЯЦЬ ГАЗ БЕЛАРУСІ?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

18 красавіка мусяць завершыцца пастаўкі ў Беларусь расейскага газу празь недзяржаўныя кампаніі-пастаўшчыкі. Беларускі ўрад разьлічваў да гэтага часу заключыць новую дамову з былым асноўным пастаўшчыком — дзяржаўным канцэрнам “Газпром”, але пагадненьне дагэтуль не падпісанае. Прычым, паводле намесьніка міністра энэргетыкі Беларусі Аляксандра Сівака, да 18 красавіка яно наўрад ці будзе падпісанае:

(Сівак: ) “Пакуль я не магу назваць дакладнага дня, калі будзе завершаны асноўны кантракт з “Газпромам”.

Ці азначае гэта, што Беларусь зноў, як 18 лютага, застанецца бяз газу? Аляксандар Сівак гэта выключае. Ён перакананы, што да заключэньня кантракту з “Газпромам” удасца пратрымацца за кошт новай дамовы зь недзяржаўнымі пастаўшчыкамі газу. Прыкладам, зь фірмамі “Ітэра”, “Транснафта” ці іншымі. Урад спадзяецца атрымаць кароткатэрміновы крэдыт на пастаўку ад іх чарговай невялікай партыі газу аб’ёмам прыблізна 500–600 мільёнаў кубічных мэтраў. Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі выключае магчымасьць таго, што ўрэшце ня ўдасца дамовіцца з “Газпромам”:

(Сівак: ) “Ужо перажылі самае складанае. І ня толькі мы, але і расейскі бок. Быў вельмі складаны момант. Мяркую, ніхто ня пойдзе на яго паўтор”.

Нагадаем, усяго Беларусі на год трэба 18 мільярдаў кубамэтраў газу, зь іх толькі 8 мільярдаў могуць паставіць незалежныя пастаўшчыкі, а астатняе плянуецца атрымаць ад “Газпрому”. На 1 красавіка незалежныя пастаўшчыкі ўжо паставілі ў Беларусь 5,7 мільярда кубамэтраў газу, але па коштах, вышэйшых за газпромаўскія. Далейшыя пастаўкі ў Беларусь такога газу могуць прывесьці да фінансавых стратаў, якія не заплянаваныя бюджэтам.

Тое, што электраэнэргетыка Беларусі таксама пацерпіць страты з прычыны падвышэньня коштаў на газ, прызнае і намесьнік генэральнага дырэктара канцэрну “Белэнэрга” Сяргей Мелехавец. Паводле яго, прыйдзецца перагледзець пляны экспарту беларускай электраэнэргіі ў краіны Эўропы. Таму што расейскі газ, зь якога вырабляецца беларуская электраэнэргія, даражэе значна хутчэй, чым растуць кошты на электраэнэргію на заходнім рынку. А летам гэтага году, калі энэргакомплекс краіны будзе праводзіць прафіляктычныя рамонтныя работы, прыйдзецца купляць частку энэргіі з Расеі альбо Літвы. Гэта таксама дадатковыя страты, прызнаў Сяргей Мелехавец зь “Белэнэрга”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG