Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ РЭАЛЬНЫЯ ПАГРОЗЫ РАСЕІ СКАРАЦІЦЬ ТРАНЗЫТ ГАЗУ ПРАЗЬ БЕЛАРУСЬ?


Юлія Шарова, Менск

Паводле расейскага інтэрнэт-выданьня, у нядзелю ў Кіеве адбыліся перамовы паміж старшынём кампаніі “Нафтагаз Украіны” Юрыем Бойкам і кіраўніком польскай дзяржаўнай кампаніі “PGNiG” Марэкам Касоўскім. Гаворка ішла пра пашырэньне прапускной магутнасьці ўкраінскіх сетак у польскім кірунку. У артыкуле “Лукашэнка ў аблозе”, у паасобку, гаворыцца пра тое, што на крызысе ва ўзаемадачыненьнях “Газпрому” і Беларусі Ўкраіна і Польшча могуць зарабіць. Вядома, што, напрыклад, украінцы ў якасьці аплаты за экспарт расейскага газу адбіраюць паліва для сваіх патрэбаў. З ростам транзыту зьявіцца магчымасьць браць болей газу і ня толькі цалкам забясьпечваць ім сябе — Украіна зможа болей перапрадаваць яго на Захад, піша расейская Інтэрнэт-газэта.

Украінскія экспэрты ня думаюць, што сытуацыя выглядае менавіта такім чынам. Як сказала аглядальнік Натальля Прутка, пра ўзмацненьне ўкраінскай газатранспартнай сыстэмы размова вядзецца даўно. Ёсьць праект будаўніцтва новага газаправоду “Ужгарад-Пскоў”, які цяпер і ажыцьцяўляецца.

(Прутка: ) “Расея плянуе павялічыць экспарт газу ў краіны Заходняе і Ўсходняе Эўропы, паколькі спажываньне там будзе ўзрастаць. Даўно ідзе пошук дадатковых рэзэрваў. І, уласна, ня толькі Расея плянуе павялічваць экспарт, але й краіны Азіі таксама плянуюць нарошчваць экспарт. І я мяркую, што гэта ніяк не зьвязана з тым канфліктам, які адбыўся паміж “Газпромам” і беларускай газавай гаспадаркай”.

Украінская журналістка таксама зьвярнула ўвагу на тое, што перамовы паміж кіраўнікамі “Нафтагаз Украіны” і “PGNiG” адбыліся ня ў гэтую нядзелю, а значна раней — украінскія газавікі распаўсюджвалі адпаведны прэс-рэліз яшчэ на мінулым тыдні. Аднак расейская прэса чамусьці падае гэтую падзею як даволі сьвежую навіну.

Дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны Аляксандар Гудыма таксама ня думае, што ўкраінска-польскія перамовы не зьвязаныя з жаданьнем Расеі транспартаваць газ у абыход Беларусі.

(Гудыма: ) “Ня думаю, што перамовы зайшлі далей, чым яны ёсьць, каб гаворка ішла пра нейкія канкрэтныя крокі што да будаўніцтва абыходных газаправодаў на шкоду эканоміцы Беларусі. Я мяркую, што гэта выключна манэўры палітычнага ўплыву на прэзыдэнта Лукашэнку і на беларускі ўрад”.

Парлямэнтар таксама сказаў, што ва ўкраінскіх палітычных і дзелавых колах няма адзінага меркаваньня наконт карысьці ці шкоды ад будаўніцтва ўкраінска-расейскага газаправоду. Дэпутат патлумачыў гэта асаблівасьцямі сыстэмы разьлікаў за транзыт газу. Калі газ ідзе па ўкраінскіх сетках, якія на сто адсоткаў належаць дзяржаве, то Ўкраіна атрымлівае стоадсоткавую аплату за транзыт. Калі ж газ будзе транспартавацца па трубе, якая будзе належаць украінцам толькі напалову, то гэта адразу ж адаб’ецца на прыбытках з транзыту.

Прыкладна тая ж праблема можа ўзьнікнуць у Беларусі, калі газаправод “Ямал-Эўропа” давядуць да ладу: Расея ўжо заявіла, што гэта — ейная ўласнасьць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG