Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАМПАНІЯ “ІТЭРА” НЕ ЗЬБІРАЕЦЦА БУДАВАЦЬ ГАЗАПРАВОДУ Ў АБЫХОД БЕЛАРУСІ


Юлія Шарова, Менск

Расейскае інтэрнэт-выданьне Gazeta.ru паведаміла сёньня пра тое, што кампанія “Ітэра” плянуе сёлета пабудаваць дадатковы газаправод у Прыбалтыку. Кошт праекту сягае 30–40 мільёнаў даляраў, штогод па ім будуць транспартаваць каля 300 мільёнаў кубамэтраў газу ў балтыйскім кірунку. У артыкуле “Расейскі газ абыдзе Лукашэнку” таксама падкрэсьліваецца, што гэтыя захады зьвязаныя з жаданьнем расейцаў пусьціць паліва ў абыход беларускай газатранспартнай сыстэмы.

Прэсавы сакратар галаўной кампаніі “Ітэра” Яўгені Астапаў сказаў, што праект будаўніцтва яшчэ аднаго адгалінаваньня сапраўды існуе, аднак ня варта трактаваць гэтую навіну як “паўтарэньне газавай вайны”.

(Астапаў: ) “Гэты газаправод, калі ён будзе пабудаваны, прызначаны дзеля таго, каб павялічваць пастаўкі газу ў краіны Балтыі. Але ні ў якім разе ён не разглядаецца як абыходны шлях, каб не транспартаваць газ празь Беларусь”.

Прадстаўнік “Ітэры” таксама зьвярнуў увагу на вельмі невялікія аб’ёмы паліва, якое будзе транспартавацца праз новае адгалінаваньне. Паводле прадстаўніка “Ітэры”, на транзыт празь Беларусь гэта не паўплывае.

Gazeta.ru таксама піша пра праект раскансэрвацыі рэзэрвовага латвійскага газаправоду і будаўніцтва газавымяральнай станцыі на літоўска-латвійскай мяжы. Гэтым у хуткім часе зоймецца літоўская кампанія “Летувос дуёс” сумесна з “Газпромам”. Але кіраўнік упраўленьня сувязяў з грамадзкасьцю “Летувос дуёс” Сігіта Юркунене цьвердзіць, што тут пра газавую вайну гаворка таксама ня ідзе.

(Юркунене: ) “Трэба вельмі добра зразумець, што гэты шлях празь Беларусь у нас самы галоўны. Так ёсьць ужо шмат гадоў, патрэбныя гэтыя рэзэрвы і іх можна забясьпечыць толькі праз гэты газаправод, празь Беларусь. А газавымяральная станцыя на літоўска-латвійскай мяжы — гэта толькі для аварыйных сытуацыяў, альбо тады, калі ўзімку бывае патрэбна шмат прыроднага газу і для Калінінграду, і для Літвы”.

Паводле спадарыні Юркунене, праекты раскансэрвацыі латвійскага газаправоду й будаўніцтва газавымяральнай станцыі плянаваліся ўжо даўно, і толькі выпадкова так супала, што ажыцьцяўляць іх будуць менавіта сёлета.

Эканаміст Яраслаў Раманчук таксама ня лічыць, што расейцы сур’ёзна могуць займацца пошукамі альтэрнатыўных шляхоў транзыту газу ў Эўропу. На думку экспэрта, калі бы расейцы хацелі гэта зрабіць, то даўно скарысталі магутнасьці ўкраінскае газатранспартнай сыстэмы.

(Раманчук: ) “Я ня думаю, што бакі ўжо падышлі да той крытычнай рысы, калі пачынаюцца такія захады, каб перакрыць Беларусь ад газу. Я думаю, што гэта будзе яшчэ працягвацца. Проста не разумею пазыцыю беларускага боку, які ня вырашыў для сябе, якую энэргетычную палітыку ён зьбіраецца праводзіць у дачыненьні да Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG