Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ МОЖНА СКАРЫСТАЦЬ ДОСЬВЕД ЭЎРАПЕЙСКІХ КРАІНАЎ ПРЫ АЦЭНЦЫ “БЕЛТРАНСГАЗУ”?


Натальля Судлянкова, Прага

“За чэскі “Трансгаз” урад Чэхіі атрымаў болей за 4 мільярды эўра, а калі зыходзіць зь цяперашняга курсу, дык гэта блізу 5 мільярдаў даляраў”, – сказаў кіраўнік аддзелу карпарацыйных фінансаў чэскай філіі АБН “Амробанку” Іржы Грбачак. Менавіта Іржы Грбачак кіраваў групай, якая выступіла кансультантам чэскага ўраду пры прыватызацыі “Трансгазу”.

Сам працэс прыватызацыі пачынаецца з выбару кампаніі-кансультанта. Гэта адзін з асноўных момантаў прыватызацыі. Чаму? Тлумачыць аналітык газэты “Беларускі рынак” Тацяна Манёнак.

(Манёнак: ) “Гэты аб’ект мае стратэгічнае значэньне, таму трэба, каб гэтая ацэнка была незалежнай і справядлівай. Таму прыватызацыйныя органы ці ўрад звычайна зьвяртаюцца да незалежных аўдытарскіх кампаніяў, якія маюць рэпутацыю ў сьвеце і праводзяць звычайна тэндар і, зыходзячы з прапанаваных умоваў, выбіраюць кансультанта, які праводзіць ацэнку гэтай кампаніі. І зыходзячы з гэтай ацэнкі, інвэстары мяркуюць, ці будуць яны ўдзельнічаць у прыватызацыі таго ці іншага аб’екту або ня будуць”.

Ацаніць прадпрыемства з улікам ягонага будучага разьвіцьця – задача зусім ня простая. Пра што ідзе гаворка, калі мы чуем “ацэнка Белтрансгазу”? Працягвае дацэнт факультэту міжнароднай эканомікі Міхась Залескі:

(Залескі: ) “Па-першае, вывучэньне рынкавага кошту. Але вывучаецца кошт не якой-небудзь камізэлькі. Гэта маёмасны комплекс, які ўключае ў сябе і трубу, і грамадзянскія пабудовы, і інфраструктуру вакол яе. Далей – фінансавыя ўкладаньні. Дэбіторская запазычанасьць – гэта тое, што павінныя гэтаму прадпрыемству, і крэдыторская – тое, што віннае яно. Па-трэцяе – трэба паглядзець нематэрыяльныя актывы, тое, што зьвязанае зь ягонай інтэлектуальнай уласнасьцю, з уваходжаньнем у іншыя фірмы. Потым мы кажам, што гэта будзе акцыянэрнае таварыства. І тут кансалтынгавая кампанія павінна вызначыць, які будзе рынкавы кошт гэтых акцыяў. Пры тым, што ў Беларусі рынку акцыяў няма”.

Кансультанты акрамя правядзеньня ацэнкі прадпрыемства звычайна даюць ураду краіны парады ў пытаньні аптымальных паводзінаў у працэсе прыватызацыі. У Чэхіі сам працэс выбару кансультантаў заняў некалькі месяцаў. З 11 прэтэндэнтаў быў абраны банк “АБН Амро”. Славацкаму ўраду свае паслугі прапанавалі 8 кансультацыйных кампаніяў.

Сытуацыя з “Белтрансгазам” прынцыпова адрозьніваецца ад звычайна прынятых у сьвеце. Клясычнай схемы прыватызацыі ня будзе. Ня будзе конкурсаў прапановаў і заявак кансультантаў.

(Манёнак: ) “Цяпер ідзе ўзгадненьне паміж нашым урадам і расейскім “Газпромам”, хто будзе праводзіць ацэнку. Расейскі “Газпром” прапанаваў тры сусьветнавядомыя кампаніі “PriceWaterhouseCoopers”, “Deloitte & Touche” ды “Ernst & Young”. Беларускі бок прапанаваў “Райфайзэнбанк”. Аднак намесьнік старшыні “Газпрому” сказаў, што беларусы прапанавалі малавядомую фірму. Хутчэй за ўсё кансультацыйная кампанія будзе абраная з тых трох”.

(Залескі: ) “Узровень цэнтралізацыі ўлады такі, што вызначае зрэшты адзін чалавек, якая будзе кампанія. Таму й сапраўднага выбару няма”.

“Белтрансгаз” – гэта амаль 7 тысячаў кілямэтраў магістральных газаправодаў, 7 кампрэсарных станцыяў і два падземныя сховішчы прыроднага газу. Расейскі бок ацэньвае маёмасьць Белтрансгазу на 600 мільёнаў даляраў, беларускі – на 5 мільярдаў.

Даўжыня чэскіх газаправодаў, як унутраных, так і транзытных – амаль 4 тысячы кілямэтраў, на трасе пабудаваныя шэсьць кампрэсарных станцыяў. Калі параўнаць зь беларускай сыстэмаю, дык беларуская значна больш магутная. Здавалася б, што й каштаваць павінна была б даражэй. Аднак гэта не відавочна.

Што ўплывае на ацэнку газатранспартных кампаніяў? На гэтае пытаньне адказвае кіраўнік праекту прыватызацыі чэскага “Трансгазу” Іржы Грбачак:

(Грбачак: ) “Фактараў, якія ўплываюць на ацэнку, вельмі шмат. Апрача складу газатранспартнай кампаніі, уплывае таксама тэхнічны стан, геаграфічнае становішча, прыбытковасьць сыстэмы і г. д. Калі чэская ўлада прадавала “Трансгаз”, дык разам з магістральнымі трубаправодамі прадаваліся таксама й 8 дыстрыбутарскіх кампаніяў. Гэта рэгіянальныя кампаніі, якія дастаўляюць газ да канкрэтных спажыўцоў”.

Колькі дыстрыбутарскіх кампаніяў у Беларусі? Ці ёсьць яны там увогуле?

(Манёнак: ) “У Беларусі функцыі дастаўкі газу да спажыўцоў ажыцьцяўляе арганізацыя “Белпаліўгаз”. Пра продаж гэтай структуры гаворка пакуль увогуле ня ідзе”.

Яшчэ адзін важны чыньнік ацэнкі – прыбытковасьць сыстэмы. “Белтрансгаз” у 2002 годзе атрымаў блізу 50 мільёнаў даляраў. Чэскі “Трансгаз” – у чатыры разы болей.

Чэскі “Трансгаз” самастойна праінвэставаў 20 мільёнаў даляраў у разьвіцьцё сваёй вытворчасьці. Беларускі ўрад заяўляе, што беларуская сыстэма патрабуе інвэстыцыяў у памеры 1 мільярд даляраў.

Аднак, апрача гэтага фактару, у краінах, дзе адсутнічае рэальны газавы рынак і канкурэнцыя, важны ўплыў на фармаваньне цаны газатранспартнай сыстэмы – гэта наяўнасьць або адсутнасьць нейкага энэргетычнага камітэту – незалежнай структуры, якая вызначае кошт газу на рынку. Працягвае Іржы Грбачак:

(Грбачак: ) “У краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы газатранспартныя кампаніі звычайна зьяўляюцца манапалістамі на рынку. Таму там вельмі важная прысутнасьць такой структуры – энэргетычнага камітэту. Рашэньні менавіта гэтага камітэту вызначаюць, наколькі прыбытковай будзе кампанія. Камітэт імкнецца знайсьці правільныя й прымальныя цэны для ўсіх удзельнікаў рынку”.

У Чэхіі такі энэргетычны камітэт быў створаны ў 2000 годзе. Гэта дзяржаўная незалежная структура, якая мае ў краіне такія самыя пазыцыі, як, напрыклад, галоўная фінансавая ўстанова – Народны банк – або як мытны камітэт. Задачы энэргетычнага камітэту тлумачыць яго прэсавы сакратар Ярміла Легнерава:

(Легнерава: ) “У першую чаргу – гэта абарона інтарэсаў спажыўцоў перад жаданьнем энэргетычных кампаніяў падвышаць кошт энэргіі. Потым – кантроль за якасьцю энэргіі. Таксама камітэт падтрымлівае нармальную канкурэнцыю паміж дастаўцамі як электраэнэргіі, так і газу. Адна з нашых задачаў – забясьпечыць стабільнасьць цэнаў. Камітэт для гэтага працуе з энэргетыкамі й дапамагае ім зьменшыць выдаткі на дастаўку. Такім чынам, энэргетычны камітэт рэгулюе кошт газу, электраэнэргіі, а таксама цеплавой энэргіі ў рэспубліцы”.

Уся дзейнасьць гэтага камітэту падпарадкоўваецца спэцыяльнаму “Закону аб энэргіі Чэскай Рэспублікі”. Аналягічны закон прыняты ў Славаччыне. Дарэчы, Эўразьвяз таксама пільна сочыць за дзейнасьцю нацыянальных энэргетычных камітэтаў.

У Беларусі цэны вызначае міністэрства эканомікі, а дакладней міністэрства эканомікі па загаду кіраўніцтва краіны.

(Залескі: ) “У нас ёсьць камітэт, які займаецца цэнаўтварэньнем. Ён мае права вызначаць цэны на такія рэсурсы як газ, нафта беларускага паходжаньня. Ёсьць кошт газу на ўваходзе. І ён вызначаецца двума бакамі – “Газпромам” і беларускім урадам. А далей пачынае працаваць тое, што закладзена ў нашу беларускую канцэпцыю цэнаўтварэньня, якую ўхваліў у свой час сам прэзыдэнт. Падыход да кошту ідзе не па рынкавых мэтадах, не галіновы нават, гэта падыход, які дыктуецца рэвалюцыйнай мэтазгоднасьцю. Там, дзе ёсьць напружанасьць пэўная, там мяняецца пэўным чынам і кошт. Ён мяняецца дырэктыўна праз выкарыстаньне такога мэханізму, як міністэрства эканомікі”.

На працэс прыватызацыі стратэгічных прадпрыемстваў, апрача чыста эканамічных, уплываюць таксама і палітычныя фактары. Чэскі “Трансгаз” зацікавіў 14 кампаніяў з розных краінаў сьвету. Некаторыя экспэрты выказвалі меркаваньне, што ўрад ня мае права прадаваць настолькі важнае прадпрыемства як “Трансгаз” аднаму інвэстару. Менавіта паводле гэтай лёгікі дзейнічаў славацкі ўрад, які прадаў газатранспартную сыстэму адразу тром інвэстарам, сярод якіх былі француская і нямецкая газавыя кампаніі, а таксама расейскі “Газпром”.

Сярод тых прадпрыемстваў, якія праявілі зацікаўленасьць ува ўдзеле ў прыватызацыі чэскага “Трансгазу”, былі расейскі “Газпром”, нямецкі “Рургаз”, францускі “Газ дэ Франс” ды іншыя кампаніі. Дарэчы, паводле зьвестак чэскай газэты “Рэспэкт”, сярод удзельнікаў тэндэру былі адразу тры фірмы, якія прадстаўлялі інтарэсы расейскага “Газпрому”. Сам працэс прыватызацыі выклікаў шматлікія спрэчкі паміж палітыкамі, журналістамі ды эканамістамі Чэхіі.

Найбольш актыўна выступаў цяперашні галоўны рэдактар тыднёвіка “Рэспэкт” Томаш Немачак. Ягоная фраза: “Трансгаз” прадамо каму заўгодна, толькі не “Газпрому”, – стала для некаторых чэскіх палітыкаў лёзунгам прыватызацыі.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Немачак, чаму “Трансгаз”, на Вашую думку, нельга было прадаваць “Газпрому”?

(Немачак: ) “У першую чаргу таму, што ў дзяржаўных або паўдзяржаўных структурах, а “Газпром” менавіта такое прадпрыемства, перапляліся эканамічныя й палітычныя інтарэсы ды ўплыў. Таму яны могуць быць інструмэнтам расейскай імпэрскай палітыкі”.

Цяперашні міністар прамысловасьці й гандлю Чэхіі Мілан Урбан ня лічыць сытуацыі настолькі небясьпечнай:

(Урбан: ) “Я ніколі б не дапусьціў такога выказваньня. Наадварот, я думаю, што існуюць іншыя аб’екты магчымых расейскіх інвэстыцыяў у Чэскай Рэспубліцы, іншыя прадпрыемствы пойдуць на прыватызацыю, а ад гэтай улады такога выказваньня ніколі ніхто не пачуе”.

Апошняе слова ў прыватызацыі “Трансгазу” сказаў антыманапольны камітэт Чэхіі. “Трансгазу” былі выстаўленыя некалькі ўмоваў. Асноўнае сярод іх тое, што “Трансгазу” забаронена цягам 5 гадоў набываць ва ўласнасьць акцыі электрычных кампаніяў. Мяркуецца, што такім чынам улада прадухіляе магчымае стварэньне суцэльнага манапаліста на чэскім энэргетычным рынку.

Паводле канчатковых вынікаў тэндэру, чэскі “Трансгаз” купіла нямецкая кампанія “РВЕ”, заплаціўшы 4 мільярды 100 мільёнаў эўра.

Дарэчы, 14.5 мільёнаў эўра атрымаў АБН “Амробанк” за пасьпяховае правядзеньне прыватызацыі. Новы гаспадар набыў 97% акцыяў чэскай газатранспартнай сыстэмы. 3% акцыяў засталіся ў дзяржаўнай уласнасьці.

“Трансгаз” застаецца манапалістам у транзыце расейскага газу праз тэрыторыю Чэхіі спажыўцам у Нямеччыне ды іншых эўрапейскіх краінах. Гэты транзыт забясьпечвае сёмую частку ўсіх прыбыткаў чэскага “Трансгазу”, і менавіта гэтыя прыбыткі дазволілі паступова перавесьці чэскую камунальную гаспадарку на аплату рэальнай цаны газу.

Вернемся да “Белтрансгазу”. Ці можна скарыстаць чэскі й славацкі вопыт ацэнкі газатранспартных сыстэмаў у беларускіх умовах?

(Залескі: ) “Тут параўноўваць з рынкавымі ўмовамі нельга, таму што мы маем сыстэму антырынкавую па сваёй сутнасьці”.

Тым ня меней, вопыт іншых краінаў вывучаць трэба. Беларусь – усходнеэўрапейская краіна, якая, канечне, можа паспрабаваць прайсьці сваім шляхам. Але заўсёды трэба памятаць словы “жалезнай лэдзі” Маргарэт Тэтчар: “Трэці шлях – гэта шлях у трэці сьвет”. І гісторыя пакуль гэтыя словы не абвергла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG