Урад Беларусі падвысіў з 1 красавіка тарыфную стаўку першага разраду з 35 да 38 тысяч рублёў. Базавая велічыня павялічылася з 17500 да 19 тысяч рублёў. Як адзначыў для Радыё Свабода былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў, гэта вельмі нязначнае падвышэньне:
(Сасноў: ) “І яно, можа, толькі перакрые інфляцыйны рост з пачатку году. Таму ніякіх сур’ёзных уплываў на эканоміку краіны ці на дабрабыт людзей ня будзе”.
(Карэспандэнтка: ) “А што тычыцца розных выплатаў, якія залежаць ад памеру базавай велічыні…”
(Сасноў: ) “Дык інфляцыя і тыя выплаты зьела, што былі з пачатку году. Таму іх трэба неяк трошкі аднавіць, што й робіцца”, — мяркуе былы міністар працы Беларусі Аляксандар Сасноў.
Доктар эканамічных навук прафэсар Барыс Жаліба мяркуе, што ў сувязі з гэтым павелічэньнем гаварыць аб падвышэньні ўзроўню жыцьця людзей не выпадае:
(Жаліба: ) “Паводле афіцыйнай статыстыкі, за студзень і люты рост рэальных даходаў насельніцтва склаў толькі 1,1% пры заданьні 8–9%. А рэальныя заробкі ў гэтыя месяцы з улікам росту цэнаў у параўнаньні, скажам, са сьнежнем мінулага году паменшыліся на 5 даляраў. І таму невыпадкова ўрад вымушаны проста (можа і раней, чым плянаваў) абвесьціць аб пераглядзе адзінай тарыфнай сеткі й базавай велічыні. Але калі ўлічыць інфляцыю альбо якую частку заробку мы аддаем на паслугі жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, то весьці размовы аб павелічэньні ўзроўню нашага жыцьця, як і раней у такіх выпадках перагляду, няварта”.
А паводле экспэрта аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Яраслава Раманчука, дзейная ў краіне практыка павелічэньня базавай велічыні й тарыфнай стаўкі сьведчыць пра тое, што альбо ў краіне вялікая інфляцыя, альбо ў бюджэце ёсьць шмат грошай, і ўрад бярэ на сябе абавязак павялічыць заробкі бюджэтнікаў.
(Раманчук: ) “Паколькі ў бюджэце грошай больш не зьявілася, то я мяркую, што прычына ў тым, што гэта ёсьць спробай індэксаваць заробкі з прычыны інфляцыі. Таксама мы ведаем, што базавая велічыня зьяўляецца асновай для вылічэньня розных штрафаў і пакараньняў. І гэта аўтаматычна прыводзіць да таго, што колькасьць штрафаў, якія будуць зьбіраць розныя дзяржаўныя структуры, павялічыцца. Нейкіх рэвалюцыйных альбо значных зьменаў у структурах прыбыткаў хатніх гаспадарак я не прадбачу, таму што гэта робіцца дзеля таго, каб фармальна сказаць, што мы таксама трымаем руку на пульсе й дбаем аб дабрабыце нашых бюджэтнікаў”.