Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ПАДАРАЖЭЮЦЬ ТАВАРЫ Ў ПОЛЬШЧЫ ПАСЬЛЯ ДАЛУЧЭНЬНЯ ДА ЭЎРАЗЬВЯЗУ?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Вялікая колькасьць беларусаў, асабліва тых, што жывуць у заходняй частцы краіны, ужо даўно прызвычаіліся да больш танных і якасных польскіх тавараў. Не сакрэт, што некаторыя беларускія сем’і дазваляюць сабе больш-менш прыстойна харчавацца ў значнай ступені, дзякуючы польскім шынкам, грыбам ды ёгуртам. Дык ці павысяцца кошты ў польскіх крамах адразу пасьля далучэньня Польшчы да Эўразьвязу і ці варта сьпяшацца рабіць запасы?

Паводле падлікаў экспэртаў Нацыянальнага банку Польшчы, пасьля 1 траўня, прыкладна 33% тавараў патаньнеюць. Сярод іх – мука, хлеб, макароны, курынае мяса, масла, алей, цытрусавыя, кава і гарбата, алькагольныя напоі, вопратка для дарослых, хатняя тэхніка, тэлевізары, ужываныя аўтамабілі і касмэтыка.

Падаражэць павінны прыкладна 15% тавараў. Сярод іх – рыс, сьвініна, малако, рыба, бананы, цукар, цыгарэты, дзіцячае адзеньне, будаўнічыя матэрыялы.

Ня зьменяцца цэны на паліва, газу, лекі, сокі, мыючыя сродкі.

Гаворыць старшыня Нацыянальнага банку Польшчы прафэсар Лешэк Бальцэровіч.

(Бальцэровіч: ) “Магчымае падвышэньне коштаў закране адносна невялікую групу тавараў. Агулам цэны падвысяцца ня больш чым на 1%. Таму ажыятажны попыт на некаторыя тавары ўзьнік практычна на пустым мейсцы. Чым больш людзі гавораць пра падвышэньне коштаў, тым больш рэальным яно становіцца, бо некаторыя несумленныя фірмы карыстаюцца з гэтага і неабгрунтавана пачынаюць прадаваць свае прадукты даражэй. Такія бізнэсоўцы будуць пакараныя”.

Між тым, варта адзначыць, што, прыкладам, падвышэньне коштаў папулярных у Беларусі польскіх будаўнічых матэрыялаў насамрэч не азначае, што беларусы павінны будуць плаціць за іх больш. Бо ў дадзеным выпадку кошт падвышаецца з-за падвышэньня падатку на дададзеную вартасьць на гэты від тавараў, а падатак, як вядома, вяртаецца замежным грамадзянам на мяжы.

Калі падсумаваць, дык атрымаецца, што паводле эканамістаў з польскага Нацбанку, большасьць з тых тавараў, якімі цікавяцца ў Польшчы беларусы, павінны або патаньнець, або іхныя цэны павінны застацца на цяперашнім узроўні.

У сваю чаргу тыя, хто кажа, што падаражэе значна большая колькасьць тавараў, спасылаюцца на досьвед увядзеньня ў краінах Эўразьвязу эўра замест нацыянальных валютаў. Тады эканамісты таксама пераконвалі, што ў сувязі зь пераходам на іншую валюту, цэны не падвысяцца, аднак, як паказаў час, гэтыя прагнозы ў большасьці выпадкаў былі памылковыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG