Само жыцьцё прымушае людзей расплачвацца валютай за набытыя кватэры ці аўтамабілі, пераважна ў валюце пазычаюць вялікія сумы, але юрыдычнай сілы такія апэрацыі ня маюць, бо прыватныя апэрацыі з валютай законам забароненыя. Адвакат Вера Страмкоўская, якая прафэсійна знаёмая з канфліктамі між даўжніком і ягоным крэдыторам, ведае выпадкі, калі суды сканфіскоўвалі на карысьць дзяржавы валюту, якую чалавек патрабаваў спагнаць з даўжніка. Менавіта гэта і прымусіла яе кліентаў зьмяніць тактыку.
(Страмкоўская: ) “Людзі знаходзілі выйсьце ў тым, што ў сваіх расьпісках ці заявах у суд пазначалі не валюту як сродак плацяжу, а беларускія грошы паводле курсу на час апэрацыі. Гэта былі такія хітрыкі людзей”.
Шмат грамадзянаў, якія пацярпелі ад судовай канфіскацыі, зьвярнуліся ў Канстытуцыйны суд. І хаця асобныя грамадзяне ня могуць ініцыяваць працэсаў у Канстытуцыйным судзе адносна парушэньня іх правоў, гэта можа зрабіць суд на ўласную ініцыятыву, што нядаўна і адбылося. Быў праведзены працэс, на якім Канстутуцыйны суд вырашыў, што палажэньні Крымінальнага кодэксу аб забароне людзям прыватна ўдзельнічаць у фінансавых і маёмасных угодах з выкарыстаньнем валюты супярэчаць асноўнаму закону. Заканадаўцу рэкамэндавана прывесьці нормы законаў і дзейную судовую практыку ў адпаведнасьць з Канстытуцыяй. Што гэта азначае для простага грамадзяніна? Ці можа ён ужопазычаць суседу грошы ў далярах ды не баяцца, што суд потым іх сканфіскуе?
Вера Страмкоўская раіць усё ж дачакацца рашэньня Вярхоўнага суду аб зьмене практыкі выкарыстаньні палажэньняў закону, а потым дачакацца зьмены заканадаўства, што можа заняць яшчэ большы час. Аднак, што такія зьмены непазьбежныя, адвакатка не сумняецца.
(Страмкоўская: ) “Мяркую, што ў дзяржаве, дзе пастаўленае пытаньне аб умацаваньні нацыянальнай валюты, хутка ня будзе і пытаньня аб магчымасьці апэрацыяў з валютай”.
Дарэчы, у некаторых судах ужо заплюшчваюць вочы на пэўныя апэрацыі грамадзянаў з валютай. Гэтак, у справе пра махлярства з “Габэленам веку”, паводле якой была асуджаная Марыя Дзялун, сьведкі на працэсе пацьвярджалі, што пазычалі абвінавачанай менавіта даляры ЗША. Суд, які асудзіў Марыю Дзялун за махлярства, забавязаў яе вярнуць грошы людзям.
Што да беларускага парлямэнту, то тэарэтычна зьмяніць закон дэпутаты могуць на красавіцкай сэсіі. Аднак яго трэба паставіць на парадак дня, які збольшага ўжо складзены. А калі гэта ня ўдасца, то канчаткова легалізаваць прыватныя апэрацыі з валютай зможа толькі новы парлямэнт пасьля восеньскіх выбараў.