Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫНОЎНІКАМ ЗАБАРАНІЛІ МЕЦЬ ДОЛЮ Ў КАМЭРЦЫЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯХ


Юлія Шарова, Менск

Забарона для чыноўнікаў займацца камэрцыяй запісаная яшчэ ў “Законе пра дзяржаўную службу”, апошняя рэдакцыя якога выйшла летам мінулага году. У ім, у прыватнасьці, сказана, што дзяржаўны службовец абавязаны перадаць у даверчае кіраваньне пад гарантыю дзяржавы акцыі альбо долі, якія яму належаць. Новае ў прэзыдэнцкім указе тое, што цяпер чыноўнікі абавязаныя перадаць свае акцыі менавіта “Беларусбанку”. На думку экс-кіраўніка галоўнага дзяржаўна-прававога ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Аляксандра Пласкавіцкага, такая норма зусім не спрыяе барацьбе з карупцыяй і супярэчыць міжнароднай практыцы.

(Пласкавіцкі: ) “Дзяржслужбоўцы і ў Нямеччыне, і ў Злучаных Штатах, і ў Англіі, і ў іншых краінах, якія лічацца цывілізаванымі, перадаюць у даверчае кіраваньне свае долі на час дзяржаўнай службы. Але калі гэта робіцца манапольна, і кіраваньне можа ажыцьцяўляць толькі “Беларусбанк”, то я лічу, што тут прэзыдэнт бярэ пад кантроль маёмасныя правы ўсіх дзяржаўных службоўцаў. Дзяржслужачыя перастаюць быць грамадзянамі вольнымі, а робяцца паднявольнымі васаламі адной асобы”.

Спадар Пласкавіцкі лічыць, што гэта можа прывесьці да ўзмацненьня карумпаванасьці ў самім “Беларусбанку”, які цяпер атрымае істотныя рычагі ўзьдзеяньня на чыноўнікаў. Таму, на ягоную думку, чарговы ўказ можна расцэньваць як паказальны нарматыўны акт.

(Пласкавіцкі: ) “Я лічу, што наагул гэтае патрабаваньне папулісцкае па сэнсе сваім. Такіх службоўцаў няшмат, але пішацца пра гэта ўказ. Гэта разьлічана на тых простых людзей, якія ня ведаюць, ці шмат такіх чыноўнікаў, таму будуць думаць, што прэзыдэнт працягвае барацьбу з карупцыяй”.

Паводле былога супрацоўніка адміністрацыі прэзыдэнта, на пачатку 1990-х гадоў прыблізна палова чыноўнікаў мелі свае долі ў камэрцыйных арганізацыях, але потым сытуацыя істотна зьмянілася. Цяпер дзяржслужбоўцы нячаста адважваюцца нават апасродкавана ўдзельнічаць у бізнэсе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG