“Нягледзячы на аптымістычныя прагнозы і паведамленьні пра тое, што пагадненьне ўжо дасягнутае на найвышэйшым узроўні, беларусы не змаглі падпісаць гадавы кантракт з “Газпромам”, бо Менск адмовіўся плаціць за газ паводле кошту, які запрапанавала расейскі канцэрн”, – піша “Rzeczpospolita” ды падае словы прэсавага сакратара “Газпрому” Купрыянава, які адзначыў, што Беларусі хопіць газу толькі да паловы наступнага тыдня.
Маскоўскі карэспандэнт “Rzeczypospolitej”паведамляе, што паводле інфармацыі, якія атрымала газэта, беларусы і расейцы вядуць перамовы адразу ў справе двух кантрактаў – аб пастаўках газу ў Беларусь і аб транзыце расейскага газу праз Беларусь на Захад.
Паводле газэты, “Газпром” быў гатовы заплаціць Беларусі за транзыт такія самыя грошы, як плаціць Украіне, але ўзамен дамагаўся, каб “Белтрансгаз” разьлічваўся за расейскі газ па такіх самых коштах, які і ўкраінскія пакупнікі – гэта значыць па 50 даляраў за тысячу кубічных мэтраў. Менск прапаноўваў толькі 46 даляраў і 68 цэнтраў.
Далей “Rzeczpospolita” ізноў падае словы прэсавага сакратара “Газпрому” Купрыянава: “Не разумею ранейшага аптымізму “Белтрансгазу”, бо беларускі бок прапаноўвае нам ня рынкавыя варункі, якія мы папросту ня можам прыняць”.