Цягам прэсавай канфэрэнцыі кіраўнік Цэнтральнага банку Расеі Сяргей Ігнацьеў ды старшыня беларускага Нацыянальнага банку Пётра Пракаповіч зрабілі шэраг заяваў што да ўвядзеньня расейскага рубля на тэрыторыі Беларусі.
Перш за ўсё, варта адзначыць вынікі самога паседжаньня. Кіраўнікі цэнтральных банкаў Эўраазіяцкай эканамічнай супольнасьці ўхвалілі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне арганізацыі інтэграванага валютнага рынку краінаў ЭўрАзЭс, а таксама аб супрацоўніцтве ў сфэры банкаўскага рэгуляваньня й нагляду ў межах эканамічнай супольнасьці. Было падпісанае пагадненьне й аб стварэньні міждзяржаўнага цэнтру падрыхтоўкі кадраў.
Цяпер гэтыя дакумэнты будуць накіраваныя ў інтэграцыйны камітэт ЭўрАзЭс. Рашэньні Рады кіраўнікоў цэнтральных банкаў маюць рэкамэндацыйны характар. Асноўная задача Рады – каардынацыя дзеяньняў банкаў краінаў-сябраў ЭўрАзЭс у галіне грашова-крэдытнай палітыкі.
На прэсавай канфэрэнцыі, што адбылася па выніках паседжаньня, кіраўнік Цэнтральнага банку Расеі Сяргей Ігнацьеў заявіў, што ўвядзеньне расейскага рубля ў якасьці адзінай валюты Беларусі й Расеі зь 1 студзеня 2005 году застаецца ўсё яшчэ рэальным, аднак часу вельмі мала, падкрэсьліў Ігнацьеў.
У сваю чаргу Пётра Пракаповіч заўважыў, што цягам бліжэйшага паседжаньня кабінэту міністраў саюзнай дзяржавы Беларусі й Расеі будзе прынятае канчатковае рашэньне што да тых пытаньняў, якія застаюцца нявырашанымі. На думку Пракаповіча, па кожным з пагадненьняў засталіся літаральна адно-два пытаньні. Нагадаю, што Менск патрабуе ад Расеі выплаты кампэнсацыяў за ўскосныя падаткі ў суме 700 мільёнаў даляраў, а таксама забесьпячэньня роўных цэн на энэрганосьбіты й скасаваньня мытнага кантролю.
Беларусь, як падкрэсьліў сёньня Пётра Пракаповіч, настойвае на тым, каб адразу вырашыць усе пытаньні стварэньня адзінай эканамічнай прасторы ды прыняць усе пагадненьні адначасова. “У былога расейскага ўраду былі крыху іншыя падыходы. Але мы спадзяемся, што цяпер падыходы ўрадаў дзьвюх краінаў наблізяцца” – адзначыў Пятро Пракаповіч.
Дзеля забесьпячэньня пераходу на расейскі рубель ў якасьці адзінай валюты Беларусь раней ужо заяўляла аб намеры ўвесьці жорсткую фіксацыю курсу нацыянальнай валюты да расейскага рубля з 1 ліпеня 2004 году.
Натальля Судлянкова распавядала пра вынікі паседжаньня кіраўнікоў цэнтральных банкаў краінаў-сябраў Эўраазіяцкай эканамічнай супольнасьці. Я дадам, што паралельна ідзе працэс ратыфікацыі дамоваў аб стварэньні Адзінай эканамічнай прасторы Расеі, Украіны, Беларусі й Казахстану. Раней законапраект аб ратыфікацыі гэтай дамовы Ўладзімер Пуцін перадаў у расейскую Дзярждуму, учора праект закону аб ратыфікацыі дамовы паступіў з украінскага кабінэту міністраў у Вярхоўную Раду.