Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦЫТАТЫ МІНУЛАГА – 6 КАСТРЫЧНІКА


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі

“Звязда”, 1923 год:

“Наш тэатар, па сутнасьці яшчэ далёка не акадэмічны, а хутчэй мужыцкі, — тэатар, які пакуль што ня мае ніводнага “вядомага” імя, — менавіта як мужыцкі, народны ён выклікаў непасрэдныя пачуцьці любві і захапленьня з боку Масквы. Ён змушаны быў даць каля дзясятку спэктакляў. Прыйшлося і ўпершыню пераступіць парог крамлёўскае заставы і паставіць у крамлёўскім тэатры “На Купальле” і “Машэку”. Тысяча спачатку цікаўных, потым бурліва настроеных рабочых, чырвонаармейцаў. Уся аўдыторыя праводзіла нашу трупу да выйсьця з Крамля. Сакрэт посьпеху, як мы думаем, у тым, што наш тэатар мае здаровае мужыцкае сэрца”.

“Камунар Магілёўшчыны”, 1933 год. Пра конкурс на найлепшы распаўсюд дзіцячага друку:

“Кожнай базе былі даны канкрэтныя лічбы. У выніку праведзенай масава-растлумачальнай работы мы дабіліся значыных посьпехаў. Так, напрыклад, на газэту “Юнгер Ленінец” замест 590 экзэмпляраў па кантрольнай лічбе здана падпіска на 735 экзэмпляраў, на “Піянэр Беларусі” замест 3300 экзэмпляраў — 4079. Засталася нявыкананай пакуль кантрольная лічба падпіскі на “Іскры Леніна” і замест 500 экзэмпляраў выпісана толькі 423. Задача адстаючых піянэрбаз безадкладна ўзяцца за ліквідацыю адставаньня і шляхам разгортваньня соцспаборніцтва паміж атрадамі дабіцца 100%-га ахопа вучняў і піянэраў падпіскай на дзіцячы друк, змагаючыся за атрыманьне пераходнага сьцяга, дабіцца выкананьня лёзунга — кожнаму піянэру, вучню — газэту”.

“Народная газэта”, 1993 год. Зварот апазыцыі БНФ да кіраўніцтва Беларусі:

“Апазыцыя Беларускага Народнага фронту ў Вярхоўным Савеце Рэспублікі Беларусь ухваляе рашучыя дзеяньні прэзыдэнта Расеі спадара Ельцына па ліквідацыі чарговага фашысцка-камуністычнага мяцяжу ў Маскве. Мы выказваем спачуваньне родным і блізкім нявінна забітых людзей у Расеі, асуджаем камуністычных і фашысцкіх забойцаў. Мы патрабуем ад Савету Міністраў Беларусі тэрміновых захадаў: увесьці дакумэнтальны і мытны кантроль на межах Беларусі з Расеяй (…), забараніць дзейнасьць камуністычных і праімпэрскіх партый і арганізацый (ПКБ-КПБ-КПСС, ДСПС, Саюз афіцэраў, Славянскі сабор “Белая Русь”). Мы лічым неабходным паставіць пытаньне перад Вярхоўным Саветам аб пазбаўленьні дэпутацкіх паўнамоцтваў Генадзя Казлова, Мікалая Скарыніна, Аляксандра Лукашэнкі, Івана Трусава, Мікалая Грынёва, якія выступілі супраць незалежнасьці Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG