Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЦЬКІ ЎСЁ ЧАСЬЦЕЙ АДМАЎЛЯЮЦЦА АДДАВАЦЬ СЫНОЎ У ВОЙСКА


Ігар Карней, Менск

Напярэдадні чарговай прызыўной кампаніі жыхарка пасёлку Арэхаўск Аршанскага раёну, маці забітага жаўнера Віктара Данішкіна Галіна Крывіна накіравала ліст з 65 подпісамі бацькоў патэнцыйных навабранцаў у Міністэрства абароны і галоўнакамандуючаму ўзброенымі сіламі Лукашэнку. У сваім звароце спадарыня Крывіна напісала: “Калі вам трэба — забівайце нас, маці, але забіваць нашых сыноў мы вам больш не дазволім”.

Усьлед за гэтым у сілавыя ведамствы была накіраваная заява ад жыхаркі Менску Галіны Еўлаш, якая папярэдзіла вайсковых чыноўнікаў, што разумее ступень адказнасьці, але не аддасьць свайго сына у беларускае войска, пакуль дзяржава не забясьпечыць поўнай гарантыі ягонай бясьпекі.

А літаральна днямі Радыё Свабода атрымала яшчэ адзін ліст адчаю. Маці забітага 10 гадоў таму жаўнера Аляксандра Альфяровіча зьвяртаецца ўжо не да вайсковых начальнікаў, а да журналістаў, дыпляматаў, кіраўнікоў дзяржаваў, зацікаўленых у міры і спакоі на плянэце. Марыя Альфяровіч, чый сын быў забіты 10 год таму, зьбіраецца працягваць змаганьне цяпер ужо дзеля таго, каб трагічны лёс ейнага сына не напаткаў лёсы іншых беларускіх хлопцаў. Спадарыня Альфяровіч кажа: як толькі дзяржаве неабходна забраць чалавека ў войска, адказныя за мабілізацыю генэралы адразу ж спасылаюцца на 57-ы артыкул Канстытуцыі. Але, пазбавіўшы прызыўніка жыцьця, дзяржаўныя чыноўнікі вельмі хутка дыстанцыюцца ад адказнасьці.

(Альфяровіч: ) “Я сустрэлася з Аляксандрам Лукашэнкам на зьезьдзе дзелавых колаў і папрасіла яго расьсьледаваць забойства трох жаўнераў, якія загінулі ў Лідзе цягам месяцу ў вайсковай частцы 19764. Прэзыдэнт паабяцаў паставіць гэтую справу пад свой кантроль, але да сёньняшняга дня нічога ня высьветлена. Ён проста мяне падмануў. У 2002 годзе мяне выкінулі з прыёмнай прэзыдэнта. У 1996 годзе ён выдаў указ пра звароты грамадзянаў, і перапіска з усімі намі была спыненая. Ні адна справа дагэтуль не расьсьледаваная. З таго моманту, як я сустрэлася з Лукашэнкам, мяне пачалі перасьледаваць. Вось бачыце, якая ў нас улада. Хіба такой уладзе можна давяраць нашых сыноў? А цяпер я падымаю ўсіх мацярок Беларусі стаць на абарону сваіх сыноў. Толькі мы можам абараніць сваіх сыноў ад крымінальных чыноўнікаў, ад крымінальнай дзяржавы”.

Статыстыка Мінабароны сьведчыць, што колькасьць сьмяротных выпадкаў у войску штогоду складае каля ста чалавек, і гэта без уліку ўнутраных, памежных і чыгуначных войскаў, якія не падпарадкоўваюцца Міністэрству абароны. Практычна ў кожным лісьце, падпісаным бацькамі жаўнераў, называюцца прычыны такой ганебнай сытуацыі. Апроч поўнай страты аўтарытэту армейскіх прафэсіяў, немалую адказнасьць нясуць і афіцэры, якія ў экстрэмальных умовах прызваныя быць настаўнікамі і старэйшымі таварышамі.

“Жаўнер для афіцэра — ніхто”, — канстатуе жыхарка Арэхаўску Галіна Крывіна. Ейнага сына Віктара пачалі шукаць за два месяцы да дэмабілізацыі. Прыехалі з паказальнай часткі імя Заслонава, наладзілі ператрус у хаце, вінавацілі маці, што тая дзесьці хавае сына. Урэшце аказалася, што Віктар больш за два месяцы правісеў на адным з дрэваў за сотню мэтраў ад штабу часткі. А маці атрымала толькі ягоны шкілет…

Сотні падобных выпадкаў вымусілі аб’яднацца бацькоў, якія ўжо страцілі сваіх сыноў і тых, хто не хацеў бы экспэрымэнтаваць на ўласным досьведзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG