Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ІРАКУ ЗНАЙШЛІ ЧАРГОВАЕ МАСАВАЕ ПАХАВАНЬНЕ


Аляксей Знаткевіч, Прага

Чарговае масавае пахаваньне, якое знайшлi ў Іраку – гэтым разам каля гораду Басра – падобнае да папярэднiх, пiша газэта “The New York Times”. Неглыбокая траншэя, дзе трупы былi крыху прысыпаныя зямлёй. Верагодна, што ў магiле целы прыкладна 120 мусульманаў-шыiтаў, якiх расстралялi за ўдзел у паўстаньнi супраць рэжыму Садама Хусэйна, пасьля забойства шыiцкага сьвятара Мухамэда Садзiка аль-Садра.

Мясцовы пастух бачыў, як 25 сакавiка 1999 году ў пустыню на грузавiках завезьлi людзей i расстралялi каля гэтай траншэi. Некаторыя сваякi зьнiклых цяпер пазналi парэшткi сваiх блiзкiх – у асноўным, па адзеньнi. “Гэта быў мой брат, ён пайшоў на паўстаньне i не вярнуўся”, – кажа 20-гадовы Алi Хасан журналiсту “The New York Times”. Усё, што засталося ад брата – гэта дзiравы чэрап i рассыпаны шкiлет ў рэштках адзеньня.

Сем’i загiнулых, што сабралiся каля магiлы, крытыкавалi Злучаныя Штаты i Брытанiю за тое, што тыя не дапамагаюць у пошуках масавых пахаваньняў i пакараньнi вiнаватых. Амэрыканскiя i брытанскiя вайскоўцы кажуць, што ня маюць на гэта рэсурсаў, пiша “The New York Times”.

Сваякi загiнулых кажуць, што гатовыя самi пакараць вiнаватых. “Мы хочам справядлiвасьцi, – сказаў журналiсту 22-гадовы Мустафа Ібрагiм. – Калi яны ня знойдуць адказных, мы знойдзем iх самi”.

Тым часам Злучаныя Штаты робяць зьмены ў часовай iрацкай адмiнiстрацыi. Адказная за аднаўленьне рэгiёну Багдаду Барбара Боўдзiн найблiжэйшымi днямi вернецца ў ЗША. З Іраку адклiканы i шэраг iншых чыноўнiкаў. Крынiцы ў адмiнiстрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша таксама пацьвердзiлi журналiстам, што празь некалькi тыдняў Ірак пакiне i кiраўнiк часовай адмiнiстрацыi адстаўны генэрал Джэй Гарнэр.

Як пiша “The New York Times”, усе гэтыя зьмены выклiканыя ўсё большым гвалтам i парушэньнямi грамадзкага парадку ў Іраку, чаму цяперашняя адмiнiстрацыя ня здолела даць рады. Сёньня над Багдадам вiселi хмары чорнага дыму, бо рабаўнiкi падпалiлi былы цэнтар тэлекамунiкацыяў, верагодна, каб адцягнуць увагу ад тых, хто ў прылеглым раёне займаўся ўгонам машынаў. На iншым баку гораду сотнi людзей рабавалi былы палац Садама Хусэйна, зь якога нядаўна сышлi амэрыканскiя войскi.

У Багдадзе амаль штогадзiну чуваць стрэлы, пiша “The New York Times”, – звычайна гэта крымiнальнiкi страляюць у iншых крымiнальнiкаў; сямейныя кляны зводзяць старыя рахункi; часам iракцы страляюць па амэрыканскiх вайскоўцах. Багдад дагэтуль ня мае дзеяздольнай палiцыi. Экспэрты кажуць, што для змаганьня са злачыннасьцю амэрыканскай адмiнiстрацыi трэба мець добры кантакт зь мясцовым насельнiцтвам, але пакуль адмiнiстрацыя нават ня мае дастаткова квалiфiкаваных перакладчыкаў.

Усе гэтыя праблемы цяпер давядзецца вырашаць новаму галоўнаму адмiнiстратару Іраку, Полу Брэмэру, якi сёньня прыбыў у Багдад. Адразу па прыбыцьцi, Брэмэр заявiў журналiстам:

(Брэмэр: ) “Каалiцыйныя сiлы прыйшлi сюды ня дзеля таго, каб калянiзаваць Ірак. Мы прыйшлi, каб скiнуць дэспатычны рэжым. Мы гэта зрабiлi. Цяпер нашая задача – дапамагчы iрацкаму народу вярнуць кантроль над уласным лёсам, дапамагчы iрацкаму грамадзтву адбудаваць падмурак асабiстых свабодаў, павагi да закону i павагi адно да аднога”.

У Ірак таксама вярнуўся i лiдэр мусульман-шыiтаў Мухамэд Бакiр аль-Хакiм, якi правёў 23 гады ў выгнаньнi ў Іране. У горадзе Аль-Нэджэф яго вiталi сотні тысяч прыхiльнiкаў. Выступаючы ўчора перад натоўпам у горадзе аль-Насырыя, аль-Хакiм заклiкаў замежныя войскi пакiнуць Ірак i дазволiць iрацкаму народу самому сфармаваць новы ўрад. Рух “Вярхоўная рада iсьлямскай рэвалюцыi ў Іраку”, якi ўзначальвае аль-Хакiм, выступае за iсьлямскi рэжым, як у суседнiм Іране. Аднак сам аль-Хакiм нядаўна заявiў, што Іраку патрэбная дэмакратыя, а не тэакратыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG