Гэтую інфармацыю, атрыманую непасрэдна зь міністэрства, агучыла падчас прэсавай канфэрэнцыі дырэктар фэстывалю Марына Раманоўская, адзначыўшы таксама, што бюджэтныя грошы на леташні фэстываль былі атрыманыя са спазьненьнем на 3 месяцы.
Пры гэтым сп. Раманоўская падкрэсьліла, што ў сёлетнім фэстывалі плянуе ўзяць удзел надзвычай вялікая колькасьць беларускіх выканаўцаў, сярод якіх харэаграфічны калектыў Унівэрсытэта культуры, праект выпускнікоў Акадэміі мастацтваў, фальклёрны тэатр «Госьціца» і шэсьць харэаграфічных студыяў з абласных цэнтраў. З-за адсутнасьці фінансаваньня з боку дзяржавы, сёлетні юбілейны,15-ты фэстываль будзе праводзіцца галоўным чынам на спонсарскія сродкі, ахвяраваныя некалькімі прыватнымі віцебскімі фірмамі.