Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры тарпэды


30 студзеня 1945 году, прыкладна а дзявятай гадзіне вечара капітан савецкай падводнай лодкі С-13, адэсіт, алькаголік і весялун Аляксандар Марынэска адным гераічным махам адправіў на той сьвет 4600 уцекачоў і параненых, у тым ліку амаль 3000 дзяцей, некалькі тысяч іншых пасажыраў, а апрача таго 750 нямецкіх матросаў і афіцэраў. Гэта па самых сьціплых падліках. Карабель «Вільгельм Густлёф», атакаваны субмарынай, праз гадзіну пайшоў на дно.

«Das war’s — вось і ўсё», — толькі і прамовіў капітан «Вільгельма Густлёфa», пачуўшы першы выбух — і меў рацыю. Так скончылася апошняе плаваньне былога пасажырскага ляйнэра таварыства «Kraft durch Freude», а затым плывучага шпіталя, казармы, інтэрнату для падводнікаў, ваеннага судна і санітарнага транспарту. Так пачаўся шлях да славы Аляксандра Марынэска, якога незадоўга да атакі якраз зьбіраліся выгнаць з флёту за п’янства і амаральныя паводзіны і аддаць пад трыбунал. Тры тысячы дзяцей, уцекачы і параненыя — сапраўды, гэта была Атака стагодзьдзя. За што?

Адказы на гэтае пытаньне савецкія падводнікі падрыхтавалі загадзя.

Першая тарпэда, выпушчаная па «Густлёфу», мела на сваім баку надпіс «За радзіму!». За якую радзіму адправіў на дно 3000 дзяцей і пару тысяч параненых капітан 3-га рангу Марынэска, сказаць цяжка. Магчыма, за родную Адэсу, яшчэ нядаўна акупаваную, але, на жаль, не нямецкімі дзецьмі і ўцекачамі, а румынамі. Ці, можа, за Талін, Нарву і Палдыскі, месцы, дзе пачыналася ягоная вайсковая кар’ера? Толькі вось што спатрэбілася адэсіту Марынэска ля эстонскіх берагоў? Наўрад ці эстонцы яго сюды клікалі. Ён быў тут акупантам, нічым не адрозным ад румына ў Адэсе ці немца пад Масквой.

На другой тарпэдзе было напісана «За савецкі народ». Спадзяюся, у адрозьненьне ад нас, Аляксандар Марынэска ведаў, што гэта такое, і мог без запінкі, у рэдкую хвілінку цьвярозасьці, адбарабаніць вызначэньне гэтага панятку. Цікава, а вось тыя самыя эстонцы — гэта савецкі народ? Ці фіна-вугорскі? І навошта таму савецкаму народу спатрэбіліся 3000 дзяцей? Дзеля якіх рытуальных мэтаў?

Трэцяя тарпэда, кажуць, была аздобленая надпісам «За Ленінград». І тут таксама не паспрачаешся: Ленінград — гэта вам ня Менск які-небудзь, ня вёска, спаленая нацыстамі, і не Салавецкі лягер. Гэта ж горад-сымбаль. Горад Леніна. А Ленін — гэта такое баство, якому і 3000 дзяцей на раз будзе мала. Гэта нам няясна, чаму за блякаду Ленінграду трэба тапіць параненых, а ня тых, хто кінуў горад паміраць ад голаду за ідэю, а Марынэска і яго экіпаж ведалі.

Чацьвертая тарпэда была за Сталіна. Толькі яна чамусьці захрасла і ня выпусьцілася, давялося абясшкоджваць. Хаця толькі на ёй быў надпіс, які сапраўды меў нейкі сэнс.

Празь дзесяць дзён пасьля атакі на «Густлёфа» Марынэска з камандай топяць яшчэ адзін санітарны карабель. Проста ім вельмі патрэбны быў подзьвіг. Хаця б нейкі заваляшчы.

Дыскусіі наконт таго, ці мела гэтая атака ваенную мэтазгоднасьць і ці ня варта прызнаць яе нарэшце злачынствам, не сьціхаюць дагэтуль. Ці мог уявіць сабе Аляксандар Марынэска, будучы герой гэтага іхнага саюзу эстонцаў і адэсітаў, што нейкі немец, да таго ж былы эсэсавец Гюнтэр Грас, напіша пасьля ягонай сьмерці пасквіль на савецкіх падводнікаў? І назаве гэта чыста па-фашысцку: Траекторыя, панімаеш, краба...

А я думаю пра тое, што на кожнай тарпэдзе, што Марынэскавай, што любой іншай, дарэчны быў бы толькі адзін надпіс.

Soldaten sind Mörder.
Soldaten sind Mörder.
Soldaten sind Mörder.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG