Шматпакутная радыёчастата 101,2 FM, адабраная ўладамі
тры гады таму ў незалежнай радыёстанцыі “101,2”, зноў мяняе фармат вяшчаньня.
Пачынаючы з гэтага тыдня, на гэтай хвалі гучыць толькі музыка.
Тры гады на частаце 101,2 вяшчае афіцыйны ворган “Беларускага Патрыятычнага
саюзу моладзі” й Дзяржаўнага камітэту ў справах моладзі – радыё “Стыль”.
І ўвесь гэты час ягоная дзейнасьць суправаджаецца шматлікімі скандаламі.
Сёлета ў сакавіку заснавальнікі чарговы раз правялі кадравыя перастаноўкі.
Дырэктар станцыі Сяргей Шпілеўскі быў пераведзены ў мастацкія кіраўнікі.
На вакантную пасаду прэтэндавалі праграмны дырэктар радыё “Бі-Эй” Уладзімер
Грыб і дырэктар фірмы “Рэкард-сэрвіс” Аляксандар Казлоў. Нягледзячы на
тое, што Грыб нават звольніўся з ранейшае пасады, дырэктарам прызначылі
далёкага ад радыё Казлова. Стаўка была, напэўна, на тое, што толькі чалавек
бізнэсу здолее накіраваць сюды грашовыя плыні.
Але Казлоў таксама пачаў з рэвалюцыяў. Канчаткова быў звольнены былы
дырэктар Шпілеўскі ды ягоная заступніца Натальля Шакура. Наступным крокам
быў намер разабрацца з малагадовымі ды-джэямі. Паводле Казлоўскага, векавая
планка слухачоў мусіла была падскочыць ад 18 да 35 гадоў. Дыяпазон “Стылю”
мусіў быў стаць галоўнай офіснай кнопкаю бізнэсмэнаў.
Але сымбіёз “Альфа-радыё” і “Радыё Рокс” не атрымаўся: нечакана для
ўсіх Казлоў звольніўся на ўласнае жаданьне. Ягонае месца заняў няўдачнік
першага дырэктарскага конкурсу Ўладзімер Грыб, які паабяцаў амаль 10-разовае
падвышэньне заробкаў супрацоўнікам.
Але, пачынаючы з гэтага тыдня, вядучыя з эфіру “Стылю” зьніклі навогул.
Музычныя нумары гучаць у рэжыме “нон-стоп”.
Варта нагадаць, што першапачаткова на хвалях 101,2 працавала аднайменнае
беларускае радыё. Напрыканцы жніўня 96-га году Міністэрства сувязі без
папярэджаньня спыніла дзейнасьць “Радыё 101,2”. У якасьці аргумэнту было
сказана, што эксплюатацыя перадатчыка перашкаджае ўрадавае сувязі.
Сапраўдны падтэкст расправы высьветліўся пад час выступу Аляксандра
Лукашэнкі на форуме БПСМ’у. Тады ён сказаў літаральна наступнае: “Ані “101,2”,
ані іншым праводзіць антыдзяржаўную палітыку за дзяржаўныя грошы дазволена
ня будзе”. Тая акалічнасьць, што радыё існавала за кошт гранту фонду Сораса,
пад увагу не бралося.
У хуткім часе на гэтай частаце пачало вяшчаць радыё “Стыль”. Радыйны
ворган БПСМ’у й Дзяржаўнага камітэту ў справах моладзі ўрадавае сувязі
чамусьці больш не перашкаджаў. Магчыма, таму, што куратарам новае станцыі
стаў віцэ-прэм’ер Замяталін.
Але праект аказаўся сырым: арыентацыя на падлеткаў толькі адбівала імпэт
патэнцыйных слухачоў. Адпаведным чынам павялі сябе й ды-джэі: радыйнай
нормаю сталі непрыстойныя жарты. Прывабіць падобнымі манэрамі рэклямадаўцаў
немагчыма.
Хутка й рэйтынг, і якасьць вяшчаньня рэзка ўпалі. Заробкі вядучых зьнізіліся
да $30-40. Апошні год на “стыльных” хвалях панаваў развал. Зьніклі аўтарскія
праграмы. Ды-джэі блыталіся ва ўласных каламбурах. Дастаткова было зламацца
друкарцы – і навіны ў эфір не выходзілі тыднямі. З-за неакрэсьленага фармату
пачаўся зыход кадраў.
Што тычыцца цяперашніх гаспадароў радыё з БПСМ’у й Дзяржаўнага камітэту
ў справах моладзі, дык яны на гэты конт захоўваюць упартае маўчаньне.
Ігар Карней, Менск
Самае папулярнае
1