Рэжысэра Валерыя Панамарова, аўтара экранізацыі аповесьці Васіля Быкава
“На чорных лядах”, не пусьцілі на кінафэстываль краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй
Эўропы ў польскай Зялёнай Гуры.
Яшчэ 1 чэрвеня генэральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” Вячаслаў
Шанько атрымаў афіцыйнае запрашэньне ад прэзыдэнта кінафоруму пана Кавалы
на ўдзел у фэстывалі двух беларускіх рэжысэраў: Вячаслава Нікіфарава і
Валерыя Панамарова.
Але калі справа дайшла да зацьверджаньня кандыдатураў у міністэрстве
культуры, прозьвішча Панамарова са сьпісу было выкрасьленае. У Зялёну Гуру
накіраваўся Вячаслаў Нікіфараў са стужкаю “Рэйнджары з атамнай зоны”.
Валеры Панамароў, які пяць год таму экранізаваў аповесьць Васіля Быкава,
застаецца непажаданай асобаю для Міністэрства культуры. Намесьнік міністра
Юры Цьвяткоў, які кіруе беларускім кіно, заявіў: “Калі гэтую стужку ўбачыць
шырокі глядач, увесь сьвет узьненавідзіць наш народ”.
Вось што з гэтае нагоды сказаў рэжысэр Валеры Панамароў:
“Асноўная прэтэнзія, якую чыноўнікі закідваюць вось ужо пяць год на
адрэсу Васіля Быкава і, адпаведна, маю – стужка ўбівае клін у “дружбу паміж
рускім і беларускім народамі”. Вось чаму фільм дагэтуль пыліцца ў фондах
і наогул існуе толькі адна ягоная копія.
Ёсьць адмысловы загад не падпускаць Панамарова да фільматэкі, не даваць
мне стужку. Я да гэтага часу ня маю магчымасьці перакласьці яе на тую ж
расейскую мову, каб расейцы самі далі ацэнку, ці ёсьць у сюжэце нейкі палітычны
клін”.
Гаварыў Валеры Панамароў.
Стужцы, агульны працяг якой складае толькі гадзіну й 7 хвілінаў, за
гэтыя гады накавана было перажыць шмат нягодаў. Многія памятаюць, зь якім
скандалам была сарваная прэм’ера фільма ў кінатэатры “Москва”, калі літаральна
за дзьве гадзіны да пачатку было абвешчана, што стужка як быццам скрадзеная.
З тае пары жыцьцё быкаўскай экранізацыі ўступіла ў фазу падпольных праглядаў.
Пасьля некалькіх паказаў, зарганізаваных беларускім ПЭН-цэнтрам, відэакопіі
разьехаліся ў Амэрыку, Аўстралію, Францыю, Нямеччыну ды іншыя краіны. Двойчы
меў намер набыць стужку расейскі канал НТВ. Значна пазьней Панамароў даведаўся,
што на імя кіраўніцтва “Беларусьфільма” дасылаліся афіцыйныя запрашэньні
на фэстывалі ў Таронта й Берлін.
Але адносіны мясцовых уладаў заставаліся ранейшымі: фільм “На чорных
лядах” непажаданы да прагляду ані за межамі, ані ў межах краіны. Кажуць,
кінаначальства зараз заяўляе, што нібыта аніякіх “Чорных лядаў” няма, і
нічога падобнага на “Беларусьфільме” не здымалася.
Сапраўды, няма матэрыялу – няма праблемы.
На кінафэстывалі ў Зялёнай Гуры стужка Валерыя Панамарова павінна была
ўдзельнічаць у намінацыі “рэтраспэктыва” ў шэрагу асаблівых дасягненьняў
за апошнія 10 год. Такой пашаны ўдастойваюцца адзінкі.
Ігар Карней, Менск
Самае папулярнае
1