Прэм’ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын нечакана адклаў свой рабочы
візыт у Адэсу, дзе ён павінен быў сустракацца са сваімі ўкраінскім і малдаўскім
калегамі для абмеркаваньня ўзаемнага таваразвароту і транзыту.
Украінскі і малдаўскі прэм’ер-міністры сустракаліся ў Адэсе без Уладзімера
Ярмошына, але ўсё яшчэ чакалі яго сёньня ўвечары. Віктар Юшчанка, прэм’ер-міністар
Украіны спэцыяльна тэлефанаваў у Менск. Яму патлумачылі, што ўзьніклі чыста
тэхнічныя праблемы, і Ярмошын усё ж прыляціць.
Яшчэ а палове пятай ва ўрадзе Беларусі казалі, што Ярмошын усё ж паляціць
у Адэсу. Самалёт яго ўжо чакаў у аэрапорце, але раптам было прынятае рашэньне
аб пераносе тэрмінаў гэтага візыту. Прэсавы сакратар савету міністраў паведаміў
Радыё Свабода, што прычынаю гэтага раптоўнага рашэньня стала няўзгодненасьць
гэтых дакумэнтаў, і перш за ўсё, па транспартным калідоры, якія б гарантавалі
дастаўку грузаў у Беларусь і з Беларусі. Іван Знаткевіч упэўнены, што візыт
адбудзецца, але пазьней, калі гэтая няўзгодненасьць будзе пераадоленая.
Дарэчы прэм’ер міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын гаворачы на гэтую
ж тэму, сказаў літаральна наступнае: “…хахлы нас будуць абіраць на мяжы”,
і гэты сказ быў перададзены па беларускім тэлебачаньні. Іван Знаткевіч
патлумачыў, што Ярмошын гэтак пажартаваў, разумеючы пад хахламі ўпартых
людзей, гэта значыць ён падабраў такі сынонім, а ў беларускага тэлебачаньня
хапіла розуму перадаць гэта на ўсю краіну. Знаткевіч паведаміў Радыё Свабода,
што пакуль ніякай нэгатыўнай рэакцыі на гэты выраз з украінскага боку не
было.
Валер Каліноўскі, Менск
Самае папулярнае
1