Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галасы стагодзьдзя - Мінулы век у памяці сучасьнікаў


У свае часы, недзе напачатку 90-х, мы з сяброўкамі стварылі такі фальклёрны гурт, называўся ён “Голас”. Я шмат езьдзіла па вёсках і запісвала песьні.

Ну а самы мой першы вопыт запісу фальклёры быў ня вельмі ўдалы. Ён адбыўся, калі я скончыла першы курс. Я вучылася на гістарычным факультэце ўнівэрсытэта, і якраз на першым курсе мы ўжо здавалі такую дысцыпліну, як этнаграфія – яна займалася вывучэньнем матэрыяльнай і духоўнай культуры народу.

Пасьля першага курсу, пасьля іспытаў я вырашыла запісаць фальклёр, сьпевы ад маёй бабці. Трэба сказаць, што мая бабка была вельмі сьпеўная кабета, у яе быў вельмі добры, проста шыкоўны голас. Яна ведала шмат песьняў. І вось мы з бацькам разам (гэта была ягоная маці) паехалі пад Ліду ў вёску, каб запісаць песьні. Запісалі недзе адну ці дзьве песьні, як прыйшла яе малодшая сястра Антаніна. Яны селі ўдвох, і першая ж песьня, якую яны сталі ўзгадваць разам, – яна называлася “Там, дзе Кася валы пася” – адразу з ёй сталі нейкія дзіўныя рэчы адбывацца. Яны пачынаюць гаварыць пра Касю, пра валоў, і раптам выскокваюць нейкія галубы, а валы зьнікаюць, толькі пачынаюць згадваць пра галубоў, і раптам зьяўляюцца нейкія рыбкі. І вось яны гэтую песьню круцяць, верцяць, і ўсё ня могуць згадаць. Круцілі-вярцелі яны гэтую песьню можа гадзіну, калі ня болей. Усе стаміліся, сёстры страшна перасварыліся паміж сабой, і ўрэшце мая бабка ня вытрымала і на Антаніну закрычала:

– Ды дзе ж тая Кася валы пася?

І Антаніна махнула рукой і сказала:

– А халера яе ведае.

І так вось закончылася гэтая гісторыя, нічога я больш не запісала. Застаўся толькі прыемны ўспамін пра маю бабку, пра яе сястру Антаніну, пра няўдалую такую спробу запісу песьні:

Там дзе Кася
Валы пася,
Там дзе Кася
Валы пася
Села Кася прыдрамала,
Села Кася прыдрамала
Стада валоў пацярала.

Ірына Бобер, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG