Так сталася ў маім жыцьці, што мае дзяды калісьці паехалі шукаць іншую
долю на Ўкраіну. І там засталіся мае цёткі, якія выйшлі замуж за ўкраінцаў,
і мае стрыечныя сёстры – украінкі, яны заўжды прыяжджалі да нас у Беларусь,
любілі прыяжджаць, яны адчувалі, што яны ўсё ж бліжэй да Беларусі, але
я лічыў, што і я павінен зьезьдзіць хоць адзін раз да іх.
І некалькі гадоў таму, можа гэта было ў 92-93 годзе, я паехаў на Ўкраіну.
Прыехаў ў вёсачку – гэта Палтаўшчына, цэнтар краіны, гэта тыя гогалеўскія
месцы. Калі я чытаю тыя творы, я перажываю, што тады адчуў. Я прыехаў у
невялічкую вёсачку, пастукаў у самы першы дом, каб спытаць, дзе ж жывуць
мае сёстры, і мне адчыніла хворая на нагу (бо яна кульгала) старэнькая
жанчына.
Я сказаў: “Добры дзень у хату”, назваў прозьвішча і спытаўся, як мне
знайсьці іх дом. Яна доўга на мяне глядзела, вісела доўгая паўза, а пасьля
яна спытала: “А вы не з Беларусі?”. “З Беларусі,” – зьдзівіўся я адкуль
яна ведае. Яшчэ пасьля паўзы яна выдыхнула: “А вы ня сын Антона?” Кажу:
“Так”. Яна хуценька сказала мне дзе мае жывуць, вывела на вуліцу і паказала
кіёчкам, куды мне ісьці.
Я прыйшоў да сясьцёр, забыўся на гэтую жанчыну, бо была вельмі радасная
сустрэча, абдымкі, мы пачалі размаўляць. А ўвечары сталі зьбірацца людзі.
І калі ўсе сабраліся, прыйшла і гэтая бабуля. Яна села ў куточак, і ўсю
размову, колькі мы там не размаўлялі, яна не сказала ні слова. Яна ўсё
так пільна на мяне глядзела, возьме насоўкаю выцера вочы, і я, бачучы гэты
погляд, каб не заўважыла яна, пытаўся ў сястры:
– Вольга, скажы, што гэта за жанчына, чаму яна так глядзіць?
Яна кажа:
– Дык гэта ведаеш, калі твой бацька быў малады, калі ён прыяжджаў да
нас – гэта было гадоў 40 назад – яна кахала яго, гэтая жанчына.
І тады я паглядзеў на яе ўжо іншымі вачыма. Я бачыў, што па яе твары
прабягае нейкі цень, потым яе празрыстыя вочы наліваліся сьлязьмі, і мяне
скаланула: тады я зразумеў, што яна ўва мне бачыць майго бацьку, таго маладога.
Яна як бы вярнулася ў сваю маладосьць…
І ўжо я ня памятаю, што ў мяне пыталі мае родныя, пра што мы размаўлялі.
Я таксама глядзеў на яе. На тую пару мой бацька ўжо памёр, і я зразумеў,
што ягонае жыцьцё як бы працягваецца. Я даю гэтай жанчыне ўбачыць сваю
маладосьць, убачыць майго маладога бацьку.
Прайшло некалькі гадоў, і я зноў прыехаў. Тая жанчына, на вялікі жаль,
памерла. Прайшло столькі гадоў, а я яе памятаю.
У гэтым сэнсе чалавечае жыцьцё працягваецца і пасьля сьмерці, а па-другое,
мы самі не разумеем, наколькі маем сувязь зь іншымі. Я жыў і ня ведаў пра
яе, а вось нейкімі ніткамі я быў зьвязаны зь ёй.
Можа быць, яна перажыла за той вечар усё сваё жыцьцё.
Сяргей Антончык
Самае папулярнае
1