Ці ўмеюць сабакі з Мэксыкі праходзіць праз аўтаматычныя дзьверы? – Адказ
на гэтае пытаньне ўплывае на прэзыдэнцкія выбары ў Амэрыцы.
Так, прынамсі, лічыць адна газэта, якая абвінаваціла папулярнага сьпевака,
знаёмага аднаго з кандыдатаў у прэзыдэнты, у тым, што той паддаў нагой
сабаку, пры гэтым спаслаўшыся на ягонае нацыянальнае паходжаньне. Сьпявак
апраўдваўся, што шнаўцэр, які належаў ягонай сяброўцы, прывезены з Мэксыкі
і ня ведае, як праходзіць праз аўтаматычныя дзьверы ў гатэлі, таму сьпявак
і прытрымаў яго нагой. Журналіст пазваніў у Мэксыку, у будаўнічую фірму,
і пацікавіўся, як у краіне справы з аўтаматызацыяй уваходаў-выхадаў. Прэзыдэнт
фірмы запэўніў, што ў Мэксыцы дзьверы адкрываюцца і закрываюцца аўтаматычна
ўжо гадоў дваццаць. Значыць, заключыў экспэрт, і мэксыканскія сабакі могуць
мець досьвед у праходжаньні праз такія дзьверы – калі, канешне, сабака,
які пацярпеў пры выхадзе з гатэлю, не паходзіў зь якога-небудзь маленькага
мястэчка.
Сэнс абвінавачаньня – кандыдыт у прэзыдэнты сябруе з асобамі з шавіністычнымі
поглядамі, якія ўважаюць мэксыканскіх сабак за недаразьвітых. Што самае
цікавае – на сёлетніх выбарах публікацыя сапраўды магла каштаваць кандыдату
ў прэзыдэнты голасу амэрыканскіх мэксыканцаў.
Выбарчая кампанія Эль Гора і Джорджа Буша была напружана-сумнай. Я глядзеў
выступы прэтэндэнтаў, рэклямныя ролікі і трое тэлевізійных дэбатаў. Пасьля
дэбатаў я ведаю, за каго прагаласаваў бы сам – за Джыма Лэрэра, тэлежурналіста,
якога абодва прэтэндэнты запрасілі на ролю вядучага.
Прэса даўно ўважаецца за чацьвертую ўладу ў Вашынгтоне. Сёлета я быў
на вячэры для радыё- і тэлежурналістаў, на якую Белы дом традыцыйна запрашае
прэсу раз на год. Біл Клінтан ня толькі выступіў з прамовай, якую госьці
ня раз перапынялі дружным сьмехам і воплескамі, але і дэманстраваў зробленыя
ў Белым доме тры рэклямныя відэаролікі, пародыю на выбарчыя абвесткі. Мне
больш за астатнія спадабаўся сюжэт, у якім Клінтан агітаваў галасаваць
за Эль Гора – на экране быў толькі Біл Клінтан у розных ракурсах, і голас
за кадрам, які належаў таксама Клінтану, казаў, які ён разумны, прыгожы.
Апошні кадр – галасуйце за Эль Гора, бо ёсьць 22-я папраўка да канстытуцыі.
22-я папраўка абмяжоўвае прэзыдэнцтва двума тэрмінамі. Папулярнасьць Клінтана
пасьля 8 гадоў небывалага эканамічнага росквіту настолькі высокая, што
ён мог бы перамагчы абодвух цяперашніх прэтэндэнтаў.
Зь іншага боку, тое, што падаецца сумным, вынік якраз напружанасьці
і адказнасьці за любое слова, – як у выпадку з мэксыканскім сабакам. Адразу
пасьля тэледэбатаў, напрыклад, на экране зьяўлялася ацэнка так званай “каманды
праўды” – экспэрты ў студыі правяралі ўсе факты, якімі апэравалі Буш і
Гор, і адзначалі памылкі, перабольшваньні і няслушнасьць некаторых заяваў.
У іншай студыі ўжо чакала група выбаршчыкаў, якія ня вырашылі за каго галасаваць
і цяпер адказвалі, як на іх паўплывалі дэбаты. Затым сваю думку выказвалі
вядучыя палітычныя камэнтатары, экспэрты і палітыкі. Кожнае слова, заява,
інтанацыя і нават рух па пляцоўцы кандыдатаў у прэзыдэнты прыдзірліва ацэньвалася
– ў Белы Дом дзьверы ні перад кім не адкрываюцца аўтаматычна.
Роля журналістаў у выбарчай кампаніі рэзка ўзрасла у апошні тыдзень
– сэнсацыяй стала телеперадача пра тое, што губэранатар Буш быў затрыманы
і аштрафаваны паліцыяй за язду ў нецьвярозыым стане – 24 гады таму – і
не паведаміў пра гэта раней сам.
Як ўплывае такая інфармацыя на паводзіны выбаршчыкаў, што прыходзяць
сёньня на выбарчыя ўчасткі, стане вядома ўжо гэтай ноччу.
У розных амэрыканскіх штатах галасуюць па-рознаму. У Пэнсыльваніі выбаршчыкі
галасавалі рычагом – у кабіне іх столькі, колькі кандыдатаў, адзін агульнапартыйны
– можна адразу прагаласаваць за кандыдатаў адной партыі, калі нехта не
падабаецца, можна ўручную павярнуць іх назад.
У Каліфорніі бюлетэнь уяўляе сабой кардонную картку памерам 20 на 8
см., разгалінаваную на пранумараваныя квадрацікі. Тут практыкуюць кампостэрнае
галасаваньне – прабіваюць дзірку ў квадраціку. Калі раптам памылка ці картка
парвалася, яе можна замяніць.
У Амэрыцы няма паняцьця мінімальнай яўкі выбаршчыкаў – усе справы вырашаюць
тыя, хто зацікаўлены іх вырашаць і зарэгістраваўся ў якасьці выбаршчыка.
Толькі 600 студэнтаў у Стэнфардзе галасуюць сёньня. Большасьць амэрыканскай
моладзі ігнаруе палітыку – толькі адзін з кожных трох маладых амэрыканцаў
галасаваў на выбарах 1996 году, амэрыканцы ва ўзросьце 18-25 гадоў зьвяртаюць
на нацыянальныя палітычныя справы ўтрая менш увагі за старэйшых. Папуплярны
маладзёвы часопіс Experience (www/experience.com), адрасаваны маладым пррафэсіяналам,
лічыць што хаця моладзь не галасуе, гэта не азначае, што яна абыякавая
– сёньня дабрачыннай працай займаюцца на 16% больш маладых людзей, чым
дзесяць гадоў таму.
Прычына – выдатны эканамічны стан краіны, рэкордна нізкае беспрацоўе,
адсутнасьць зьнешнепалітычных крызысаў ці войнаў. Цэнтральныя тэмы сёньняшніх
выбараў – пэнсійнае забесьпячэньне, рэформа школы, ахова здароўя, – натуральна,
менш цікавяць маладых.
Сёлета у Амэрыцы дзевяць афіцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, але толькі
два рэальныя прэтэндэнты – і шанцы Гора і Буша, паводле апытаньняў, выглядаюць
як фактычна роўныя. Таму да апошняй гадзіны ішла агітацыя за яўку выбаршчыкаў,
значэньне мае кожны голас. Апошняя абвестка, якую я атрымаў па электроннай
пошце, паведамляе: з прычыны нашмат большай, чым чакалася, яўкі выбаршчыкаў
і нястачы месца, просім толькі рэспубліканцаў прыходзіць галасаваць 7 лістапада,
а дэмакратаў – на наступны дзень. Праз хвіліну быў нанесены ўдар у адказ
– з адваротным раскладам. Кожны выбірае свае жарты.
Выбары ў Амэрыцы – далёка ня жарты. Дэмакратыя пры блізкім поглядзе
даволі працаёмістая і канкрэтная справа. Каліфарнійцы сёньня ня толькі
абіраюць прэзыдэнта, але і сэнатараў, кангрэсмэнаў, судзьдзяў, сябраў розных
камісіяў – усяго 12 асобаў з 38 прэтэндэнтаў.
У штаце Мэйн сёньня вырашаюць ці дазволіць эўтаназію, а на Алясцы –
марыхуану, а ў суседнім са Стэнфардам мястэчку Санівэйл – ці праводзіць
флюярызацыю пітной вады. У Каліфорніі праходзіць таксама рэфэрэндум ці,
дакладней, некалькі рэфэрэндумаў. Выбаршчыкі павінны ўхваліць ці адхіліць
восем заканадаўчых прапановаў, якія будуць законамі штату, праводзяцца
таксама лякальныя рэфэрэндумы – тут і выпуск каштоўных папераў для будаўніцтва
дамоў ветэранаў, і абмежаваньне грашовых ахвяраваньняў на палітычныя партыі
і кандыдатаў, і прапанова выкарыстоўваць прыватныя кампаніі для будаўніцтва
грамадзкіх аб’ектаў, перамены ў барацьбе з наркотыкамі, зьмены ў канстытуцыю
штата ў справе падаткаў. Бурную палеміку выклікае, напрыклад, увядзеньне
школьных ваўчараў – гэта калі бацькі будуць атрымліваць 4000 даляраў і
самі вырашаць, у якую школу аддаць дзіця і грошы
Увядзеньне школьнага ваўчара можа каштаваць падаткаплацельшчыкам ад
0 да 1 мільярда ста мільёнаў штогод ці, наадварот, даць 3 млрд эканоміі
– у залежнасьці ад таго, колькі дзяцей пяройдуць з публічных у прыватныя
школы.
Гэтыя зьвесткі можа знайсьці на 100 старонках афіцыйнай брашуры, якую
выбаршчыкі атрымалі напярэдадні, мностве абвестак, улётак, іншых прапагандысцкіх
ды інфармацыйных матэрыялах. Тут у архівах Гувэраўскага інстытуту захоўваюцца
матэрыялы прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году ў Беларусі. Ёсьць цэлая тэчка
матэрыялаў графа Прушынскага, праграмы кандыдатаў, улёткі Зянона Пазьняка.
Адну зь іх я ўпершыню пабачыў толькі ў Каліфорніі – яна выпушчаная па-руску
і называеца “Чаго Зянон ня будзе рабіць” – ня будзе разганяць калгасы,
ня будзе нікого высяляць зь Беларусі, ваяваць з суседзямі, разрываць эканамічныя
сувязі з Расеяй – але першым стаіць абяцаньне нікога сілком не прымушаць
гаварыць па-беларуску.
У архіве ёсьць і паэма Ведзьмака Лысагорскага “Лука Мудзішчаў – прэзыдэнт”,
дзе згадваецца афіцыйны візыт у Сярэднюю Азію:
“Ён не вучыў узьбецкай мовы,
Яна ж ня з тых “вялікіх двух”,
Яе ня ведаюць каровы,
Не карыстаецца пастух”. Дарэчы, пра каліфарнійскі дапаможнік выбаршчыка на 100 старонках – у суседнім штаце Нэвада ён удвая меншы. Прычына – у Каліфорніі дзьве афіцыйныя мовы, таму тэкст надрукаваны па-ангельску і па-гішпанску. Можна таксама атрымаць матэрыялы па-японску і па-кітайску. Сёлета ў верасьні белае насельніцтва Каліфорніі ўпершыню аказалася ў меншасьці – выхадцы з Азіі, Мэксыкі, Ціхаакаіянскіх астравоў складаюць ўжо большую палову каліфарнійцаў. Ідэя ўлёткі Зянона Пазьняка – галасаваць за Беларусь можна на ўсіх мовах. Так сёньня галасуюць за Каліфорнію. Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард
Яна ж ня з тых “вялікіх двух”,
Яе ня ведаюць каровы,
Не карыстаецца пастух”. Дарэчы, пра каліфарнійскі дапаможнік выбаршчыка на 100 старонках – у суседнім штаце Нэвада ён удвая меншы. Прычына – у Каліфорніі дзьве афіцыйныя мовы, таму тэкст надрукаваны па-ангельску і па-гішпанску. Можна таксама атрымаць матэрыялы па-японску і па-кітайску. Сёлета ў верасьні белае насельніцтва Каліфорніі ўпершыню аказалася ў меншасьці – выхадцы з Азіі, Мэксыкі, Ціхаакаіянскіх астравоў складаюць ўжо большую палову каліфарнійцаў. Ідэя ўлёткі Зянона Пазьняка – галасаваць за Беларусь можна на ўсіх мовах. Так сёньня галасуюць за Каліфорнію. Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард