Самы важны, самы істотны, самы амэрыканскі напой – гэта ня пэпсі і ня
кока-кола, ня піва і ня віскі, ня чай і ня кава, і нават у Каліфорніі –
гэта не каліфарнійскае віно. Такое, прынамсі, маё асабістае ненавуковае
назіраньне. У першы ж дзень на выязьдзе з аэрапорту Сан-Францыска я пабачыў
рэклямны шчыт, які паведамляў, што гэты напой можна набыць на наступных
адным мільёне 650 тысячах прыпынкаў па ўсёй Амэрыцы. Потым з тэлеэкрану
мяне пачалі штодня пытаць, ці я ўжо выпіў сваю шклянку. Асаблівую настойлівасьць
пры гэтым праяўлялі вусатыя мужчыны рознага ўзросту – яны таксама пільна
глядзяць з глянцавых вокладак часопісаў. Каб адказаць на ўсе пытаньні пра
гэты напой, працуе бясплатная тэлефонная лінія – 24 гадзіны на дзень, сем
дзён на тыдзень. Інтэрнэт прапануе ня толькі безьліч зьвестак, рэцэптаў
і парадаў, але і адпаведныя кампутарныя гульні.
Прызнаюся, я даўно ўжо не аматар гэтага напою, але вырашыў купіць і
пакаштаваць – аднак гэта аказалася зусім ня так проста, як я думаў. І не
таму, што яго няма ў продажы – фактычна, якраз наадварот.
У малочным аддзеле крамы – а гаворка менавіта пра малако – стаяць дзясяткі
розных гатункаў у розных упакоўках розных памераў. На выбар тлустасьць
– 1%, 2%, 2,5% і гэтак далей; зь вітамінамі А, Д, С, В і мінэраламі ў розных
камбінацыях; побач немалочнае малако – соевае, рысавае.
“Малако – найлепшая крыніца кальцыю, самы надзейны сродак супраць астэапарозу
(слабых костак), ад якога пакутуюць мільёны амэрыканак”; “Штодня пі тры
шклянкі!” – усё гэта сталыя заклікі малочнай індустрыі, якая і праводзіць
кампанію “малако на вусах”, калі знакамітасьці фатаграфуюцца зь белай палоскай
пад носам. Палоска, застаецца толькі ад тлустага малака, а амэрыканцы хочуць
быць Fat Free – свабоднымі ад тлушчу. Дзеля гэтага сёлета ў Каліфорніі
на паліцах зьявіўся новы гатунак – у малако бяз тлушчу дадаюць аўсяны экстракт
– на 20 цэнтаў даражэй, але смак і гушчыня як у цэльнага малака. Калі верыць
рэкляме, зразумела.
Кожнае дзеяньне, вучыць фізыка, выклікае супрацьдзеяньне. Так сёлета
здарылася з папулярным рэклямным лёзунгам “Got Milk?”—“Ты выпіў малако?”
У Стэнфардзкім унівэрсытэцкім гарадку стаяць круглыя тумбы, куды вешаюцца
розныя абвесткі, рэкляма – сёлета на іх зьявіліся ўлёткі з надпісам “Got
Beer?” – “Ты выпіў піва?”
Кампанію праводзіла арганізацыя “Людзі за этычнае абыходжаньне з жывёламі”.
ЛЭАЖ абвінавачвае малочную індустрыю ў негуманных адносінах да кароваў.
Маўляў, каровы даюць малако дзеля тых самых мэтаў што і людзі – каб карміць
сваіх бэйбіз. Неэтычныя фэрмэры штучна асемяняюць кароваў, каб тыя пастаянна
даіліся быццам машыны, цялятаў бяздушна забіраюць ад маці і робяць зь іх
біфштэксы. Для старых кароваў няма дамоў адпачынку, дзе дажыць свой век
– іх таксама вязуць на бойню.
“Піце не малако, а піва!” – заклікаюць “Людзі за этычнае абыходжаньне
з жывёламі” і прыводзяць цэлы стос аргумэнтаў, чаму піва лепшае за малако.
Аргумэнты мне падаліся пераканаўчымі, я нават перапісаў некалькі: у піве
няма халестэролу, а ў кожным кубку малака – 20 мг, у піўным куфлі – мінімум
паўграма карыснай клятчаткі і ажно 3 грамы комплексных вугляводаў, у малацэ
– нуль; піва ня ўтрымлівае гармоны і антыбіётыкі, у малацэ ня толькі поўна
ўсякіх пестыцыдаў, там ёсьць гармон росту rBGH, ад якога ў мужчыны могуць
вырасьці грудзі.
Кажуць, піўная кампанія мела шалёны посьпех ва ўнівэрсытэтах – але вельмі
хутка “Людзі за этычнае абыходжаньне з жывёламі” мусілі зрываць сваю агітацыю.
У справу ўмяшалася трэцяя сіла, арганізацыя, якая называецца “Маці супраць
п’янай язды”. “Маці” запатрабавалі неадкладна спыніць піўную прапаганду,
як шкодную і нелегальную – у Амэрыцы алкаголь, у тым ліку піва, дазволена
піць толькі пасьля дасягненьняя 21-гадова ўзросту.
“Людзі за этычнае абыходжаньне з жывёламі” апраўдваліся тым, што ўся
іх кампанія – толькі пародыя, але мусілі здымаць старыя і вывешваць новыя
абвесткі. На гэты раз з выявай сымпатычнага цяляці і надпісам – “Чарлі
прапаў бязь вестак – апошні раз бачылі як плакаў, калі забіралі ад маці
на фэрме і грузілі ў машыну – уратуйце яго жыцьцё”. Апроч таго, ЛЭАЖаўцы,
каб загладзіць віну, паслалі “Маці супраць п’янай язды” ахвяраваньне –
чэк на 500 даляраў. “Маці” заявілі, што ня могуць прыняць грошы ад асобаў,
якія нахабна прапагандуюць сьмерць на дарозе, і вярнулі чэк; абаронцы жывёлаў
адказалі, што ад малака гіне больш людзей, чым ад піва, бо малако спрыяе
захворваньням сэрца і артэрыяў, раку, астме, алергіі, насмарку і ўвогуле
ўсім хваробам апроч “карпальнага тунэльнага сындрому”. Я потым пацікавіўся
загадкавым сындромам: аказалася, гэта калі з рук усё валіцца ці, напрыклад,
цяжка завязаць снуркі на чаравіках. Тут малако хіба, сапраўды, невінаватае.
Малочна-піўная баталія – толькі пэрэфэрыйны эпізод вайны паміж малочнай
індустрыяй і рознымі грамадзкімі арганізацыямі, заклапочанымі экалёгіяй,
выкарыстаньнем гарманальных прэпаратаў, бясьпечным харчаваньнем. Справу
слухаюць у судах, дыскусія выплеснулася на старонкі прэсы, віруе ў Інтэрнэце,
але яўных пераможцаў быццам няма. Паводле статыстыкі, малако утрымлівае
сваю пазыцыю нумар два сярод амэрыканскіх напояў (26%), удвая саступаючы
ў папулярнасьці шыпучым ліманадам (52%), але стала апярэджваючы піва (22%)
і каву (21%).
Але пераможцы ўсё ж ёсьць – гэта перш за ўсё публіка, якая цяпер больш
і лепш паінфармаваная, і – каровы.
На пакеце амэрыканскага малака на маім стале намаляваная карова, якая
ўсьміхаецца – і далібог, ёй ёсьць ад чаго радавацца. Працытую надпіс на
ўпакоўцы: ”Мы дбаем пра дбрае самаадчуваньне нашых кароваў. Яны пасьвяцца
на палетках, дзе не ўжываюцца пестыцыды і хімікаліі, маюць прасторныя і
цёплыя хлявы, у іх рацыёне толькі арганічна вырашчаны корм. Нашы фэрмэры
практыкуюць водара- і музыкатэрапію”. Адным словам, зусім так, як на Беларусі
утрымліваюць свойскую жывёлу. Традыцыйная дудка ў пастушка – тая ж музыкатэрапія...
Праўда, арганічных фэрмаў у Амэрыцы пакуль менш за 1% – але іх колькасьць
імкліва расьце разам з попытам на менавіта такі сэртыфікаваны прадукт.
Першы кардонны пакет для малака з плястыкавым пакрыцьцём зьявіўся ў
1932 годзе, плястыкавая бутэлька – у 1964-м. Да таго малако кансэрвавалі
ў бляшанках – іх, дарэчы, выдатна ведалі ў Беларусі ў 20-я гады. Ня выключана,
што некаторых нашых слухачоў-гараджанаў проста не было б на сьвеце, калі
б не амэрыканскае малако, якое яны ці іхныя бацькі, дзядулі ці бабулі атрымлівалі
ў галодныя пасьлярэвалюцыйныя гады. Тады ў Беларусі дзейнічала АРА – Амэрыканская
арганізацыя дапамогі дзецям. Беларускія дзеці амэрыканскае малако выпівалі,
а бляшанкі не выкідалі – гэта быў каштоўны інвэнтар у гаспадарцы.
Асобныя несьвядомыя элемэнты амэрыканскае малако кралі і прадавалі на
сталічных рынках. У архіве Гувэраўскага інстытута тут у Каліфорніі я знайшоў
справаздачы пра малочную аблаву на менскіх рынках, якую ўвесну 1922 году
праводзіла ЧК-ГПУ: чырванаармейцы ачаплялі тэрыторыю, і чэкісты правяралі
ня толькі ўсе прылаўкі і паліцы на прадмет гандлю гуманітарнай дапамогай,
але і абшуквалі пакупнікоў. Канфіскат вярталі на склады АРА, прадаўцоў
забіралі з сабою – тады, праўда, не растрэльвалі – НЭП. Рынак адрэагаваў
на новую кан’юнктуру імгненна – назаўтра на прылаўках стаялі тыя ж бляшанкі,
але без этыкетак – паспрабуй дакажы, што гэта амэрыканскае малако. Дзелавітыя
янкі нанесьлі ўдар у адказ – пачалі ставіць гумовыя пячаткі на накрыўках.
Прадпрымальныя гандляры сталі змываць штампы газай – але гуманітарны бізнэс
хутка выдыхся: без арыгінальнай этыкеткі прадаць тавар аказалася значна
цяжэй.
Прыгожая каляровая этыкетка была, зразумела, на ангельскай мове. У Беларусі
у тыя часы вывучалі французскую і нямецкую мовы, ангельская была амаль
зусім невядомая. Калі супрацоўнікам місіі АРА надакучыла адказваць на пытаньні,
што ж менавіта напісана на бляшанцы, яны арганізавалі курсы – праз паўтары
гады ангельскую мову ў Менску вывучала ўжо дзьве тысячы чалавек.
Увогуле, этыкетка – суворая рэч. Я нядаўна купляў красоўкі і калі прымяраў
пару адной папулярнай фірмы, мой знаёмы – дарэчы, ня сябар арганізацыі
“Маці супраць п’янай язды” – цалкам сур’ёзна спытаўся, чаму я хачу павялічыць
дзіцячую сьмяротнасьць ў Тайляндзе.
Пра гэта – у наступным лісьце з Каліфорніі.
Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард