Штодзённая газэта San Francisco Chronicle за адзін дзень падскочыла
ў цане ў 8 тысяч разоў. Верагодна, гэта фінансавы рэкорд усіх часоў і народаў,
але рэдактар і журналісты з гэтае прычыны ня толькі ня радуюцца, але прыносяць
прабачэньні і тлумачэньні чытачам. За асобнік, які я звычайна купляю за
25 цэнтаў, сёньня просяць 2000 даляраў – гэта нумар за 8 лістапада з загалоўкам
на ўсю паласу: “БУШ ВЫЙГРАЎ” – без клічніка, але з 5-ці сантымэтровымі
літарамі.
Як і супрацоўнікі San Francisco Chronicle, ноччу 7 лістапада разам з
усёй Амэрыкай і кандыдатамі я раскачваўся на арэлях CNN: “Гор выйграў у
Флярыдзе!.. Ніхто ня выйграў Флярыду!.. Буш першынствуе ў Флярыдзе!..”
Апоўначы пад бравурную музыку CNN абвясьціла наступным прэзыдэнтам Амэрыкі
Джорджа Буша. Апэратары паказвалі салют у сталіцы Тэхасу, панурыя, блізкія
да сьлёз твары ў Тэнэсі. Калі CNN паведаміла пра тэлефонны званок Гора
ў Тэхас і ягоныя віншаваньні Бушу, я, як і мільёны іншых амэрыканцаў, выключыў
тэлевізар. А рэдактар San Francisco Chronicle Джэры Робэрц аддаў загад
друкаваць ранішні выпуск. Газэта друкуецца ў розных друкарнях па паўвостраве
і дастаўляецца падпісчыкам да 6-й раніцы, прычым зь невялікімі прамежкамі
выходзяць некалькі адрозных выпускаў. Друкарскія станкі ўключыліся ў 12:09
і, калі было аддрукавана 28.938 экзэмпляраў (5% накладу), у 12:35 прыйшла
раптоўная каманда спыніць друк. Аднак спыніць адладжаны мэханізм дастаўкі
аказалася ня проста – на ногі былі пастаўленыя супрацоўнікі службы дастаўкі,
якія кінуліся па сьлядах грузавікоў – частку накладу ўдалося сабраць і
замяніць, але некаторыя падпісчыкі атрымалі па два гістарычныя нумары за
адзін день.
Апошні прэцэдэнт такога кшталту адбыўся ў 1948 годзе, калі Chicago Daily
Tribune выйшла з загалоўкам “Дуі перамог Трумэна”. У гісторыю амэрыканскай
журналістыкі ўвайшоў здымак Гары Трумана, які насамрэч перамог Дуі, з чыкагскай
газэтай у руках – гэты новы здымак, дарэчы, быў таксама зьмешчаны ў Chicago
Daily Tribune. Калі цяперашнія выбары выйграе Гор, ён зможа выбіраць для
здымка выданьне на свой густ: New York Times, Miami Herald, New York Post,
Boston Herald, Austin Daily ці San Francisco Chronicle. Але на момант,
калі я пішу гэты ліст, па-ранейшаму невядома, ці зможа падобная кампазыцыя
паўтарыцца перад фотакамерай.
Кожная амэрыканская газэта, ад сталічнай Washington Post да ўнівэрсытэцкай
Stanford Daily абавязкова друкуе папраўкі і ўдакладненьні. “Нашая палітыка
– папраўляць істотныя фактычныя памылкі альбо непраўдзівыя заявы,” – піша
San Francisco Chronicle у нумары, дзе тлумачыць, што адбылося ў ноч на
8 лістапада. У гэтым самым нумары – шэсьць паправак рознага характару.
Паведамляецца, што два згаданыя ў папярэдніх рэпартажах вулічныя рынкі
ўжо не працуюць, папраўляюцца ранейшыя лічбы галасаваньня мужчынаў і жанчынаў
(Гор больш папулярны сярод каліфарніек – 58%, а каліфарнійскія мужчыны
сымпатызавалі Бушу – 48%). Прызнаецца, што ў перадрукаваным з Washington
Post артыкуле няправільна называўся запас патронаў, што мелі маракі на
караблі Cole, які атакавалі тэрарысты – яны атрымалі па два магазіны для
сваіх 9-мм пісталетаў. Нейкая спадарыня Спок была памылкова прадстаўленая
як доктар Спок, нябожчык, а ў энтамалягічнай карэспандэнцыі пра жукоў публіку
няправільна інфармавалі пра сямейныя сувязі вінаграднай блыхі – аказваецца,
гэта бясшкодны сваяк скарпіёна. Хто б мог падумаць.
Амэрыканскага палітыка Гэнры Клея сёньня памятаюць не за тры ягоныя
беспасьпяховыя спробы выйграць прэзыдэнцкія выбары, а за заяву, што лепш
мець рацыю, чым Белы Дом. Прызнаваць свае памылкі ня дужа прыемна. У беларускай
прэсе звычайна толькі пастановы суду ці пагрозы вялікіх фінансавых стратаў
прымушаюць выданьні прыносіць прабачэньні ці друкаваць абвяржэньні. Нежаданьне
і няўменьне прызнаваць памылкі шкодзіць перш за ўсё тым, хто іх робіць,
бо не дазваляе эфэктыўна і своечасова іх выпраўляць. Гэтая хвароба, на
якую пакутуюць, зразумела, ня толькі журналісты, у беларускім выпадку пераважна
спадчынная і паходзіць з часоў, калі так званыя “памылкі” і “адхіленьні”
папраўляліся выключна ў турмах і лягерах. Амэрыканцы да сваіх памылак ставяцца
больш дзелавіта і лагодна: дакладнасьць для прэсы, сьцьвярджае мясцовая
журналісцкая мудрасьць, тое ж самае, што цнатлівасьць для лэдзі – з тою
розьніцай, што газэта заўсёды можа пасьля надрукаваць абвяржэньне.
Ужо два тыдні як ўся Амэрыка апынулася ў школе на ўроку канстытуцыі,
які праходзіць у жанры дэтэктыўнага раману. Амаль незаўважаным застаўся
гістарычны візыт Біла Клінтана ў Віетнам, пад час якога, нягледзячы на
адсутнасьць афіцыйных паведамленьняў, дзясяткі тысячаў віетнамцаў выйшлі
на вуліцы Хошыміну – былога Сайгону, вітаць амэрыканскага прэзыдэнта. Нацыянальнай
сэнсацыі – абраньню першай лэдзі ў сэнат – на тэлеэкране адведзена менш
часу, чым мініятурнай дзірачцы, якую на сьвятло разлядаюць у падліковых
камісіях.
Пакуль вядуць свае дыскусіі палітычныя камэнтатары, спрачаюцца юрысты,
выступаюць з ацэнкамі канстытуцыйныя экспэрты, у Флярыдзе працягваецца
палітычны карнавал на вуліцы. Варта прыхільнікам Гора патрапіць са сваімі
плякатамі у тэлекамеры, як адразу наперад выскокваюць рэспубліканцы са
сваімі карыкатурамі і адозвамі. Сакратар штату рэспубліканка Кэтрын Гэрыс,
якая вынесла спрэчную пастанову спыніць ручны падлік галасоў, спазнала
на сабе ўсю моц публічных жарсьцяў. Па горадзе носяць надзіманую гумавую
ляльку з фотапартрэтам Гэрыс і зьняважлівымі надпісам, гарвардзкі прафэсар
юрыспрудэнцыі публічна ахрысьціў яе прайдзісьветкай, а газэта Washington
Post прысьвяціла цэлы артыкул бязьлітаснаму разбору ейнай касмэтыкі і “мультфільмавых”
вейкаў. Прыхільнікі Гэрыс, у сваю чаргу, параўноўваюць яе зь біблейскай
царыцай Эстэр, якая запабегла забойству габрэеў, букеты кветак з усёй Амэрыкі
завалілі прыёмную, штодзень гучаць сотні тэлефонных званкоў і прыходзяць
пасланьні ў падтрымку па электроннай пошце.
У краіне няма канстытуцыйнага крызысу – свабода вулічнай палітыкі якраз
гарантаваная першай папраўкай да канстытуцыі; паводле нацыянальнага апытаньня,
праведзенага на гэтым тыдні, больш за 80 % амэрыканцаў гатовыя цалкам прызнаць
легітымнасьць новага прэзыдэнта, хто б ён ня быў.
Тым часам у мінулую нядзелю ў царкве мястэчка Талягасы, дзе разгортваюцца
гэтыя падзеі, пастар прамаўляў казаньне пад назовам “Дзякуй Богу, усё амаль
скончылася”. Напачатку сьвятар падняў бюлетэнь, паглядзеў на дзірачку,
а потым абвесьціў, што ён ня мае значэньня. “Я ня ведаю, хто стане прэзыдэнтам.
Мне ўсё роўна. Але я ведаю, хто кіруе працэсам – Божа Ўсемагутны. І ён
царствуе і ён накіроўвае час і гісторыю ў свой, вядомы адно яму спосаб.
Няважна хто выйграе, Буш ці Гор, я буду маліцца за абодвух – усім патрэбная
малітва, але гэтым двум больш за астатніх,” – сказаў сьвятар. “Амінь,”
– дружна адгукнуліся чатыры тысячы вернікаў.
Калі Аврам Лінкольн чарговы раз прайграў прызыдэнцкія выбары, журналісты
спыталіся, як ён сябе адчувае. “Як хлопчык, што у цемры стукнуўся пальцам
нагі аб цьвёрды вугал”, – адказваў Лінкольн, – “быццам ужо дастаткова дарослы,
каб ня плакаць, але занадта баліць, каб сьмяяцца”. Драму сёлетніх прэзыдэнцкіх
выбараў спачатку напоўніцу, верагодна, адчуе той, хто прайграе. Потым прыйдзе
чарга пераможцы – і яна, на думку многіх, можа зацягнуцца на чатыры гады.
На гэтым тыдні амэрыканцы адзначаюць ці ня самае сваё вялікае сьвята
– Дзень падзякі. У нядзелю, пасьля заканчэньня службы ў сымпатычнай мясцовай
царкве непадалёку ад Стэнфарда, мы са знаёмымі амырыканцамі павезьлі падарункі
сям’і імігрантаў з Мэксыкі. Імёны маіх даўніх каліфарнійскіх сяброў, журналісткі
Мішэль Картэр і авіяпілёта Майкла Вэнтурына добра ведаюць беларускія дзеці
– ахвяры Чарнобыля. Яны ня раз прыяжджалі ў Беларусь разам з пастарам Полам
Морам з праграмай City Hope, пасьля Мішэль наведвала рэдакцыі беларускіх
незалежных газэтаў у якасьці экспэрта-дарадцы, а зараз яе царква ў Бэльмонце
зьяўляецца сталым апекуном новага радыяцыйнага шпіталю для дзяцей Чарнобыля
пад Менскам.
Мэксыканцы, якім мы завезьлі некалькі скрынак кансэрваў, цукерак і рознага
кухоннага рыштунку, зь цяжкасьцю зводзяць канцы з канцамі. У двух пакоях
месьціцца тры сям’і, сьцены завешаныя карцінкамі з каляровых часопісаў
і каталіцкімі абразамі, поўна розных танных сурвэтак, рамачак, іншай драбязы,
якая, як і ў шмат якіх беларускіх хатах, закліканая стварыць уражаньне
ўтульнасьці, але выдае перш за ўсё беднасьць. Гаспадыню завуць Мэрылін,
ёй каля 20-ці гадоў, і яна ні слова не гаворыць па-ангельску. Муж, Іхлехіо,
крыху старэйшы, працуе на будоўлях. Раніцай на іх вуліцу прыязджае грузавік,
сыгналіць, прараб набірае сабе рабочую сілу на дзень – і паехалі. За гадзіну
цяжкай фізычнай працы плацяць 6 даляраў. Яны наўрад ці галасавалі на гэтых
выбарах – хутчэй за ўсё таму, што прыехалі нелегальна.
А вось іхная дачка Эспэранца, якая нарадзілася ў Амэрыцы паўгады таму,
ня толькі забясьпечвае цяпер легальнасьць знаходжаньня бацькам, але, паводле
амэрыканскай Канстытуцыі, і сама можа недзе ў сярэдзіне ХХІ стагоддзя стаць
прэзыдэнтам ЗША. “Эспэранца” перакладаецца як надзея. Праўда, паводле аднаго
апытаньня грамадзкай думкі, хаця амэрыканскія маці па-ранейшаму хочуць,
каб іхнае дзіця калі вырасьце, стала прэзыдэнтам – але тры з кожных чатырох
пры гэтым супраць таго, каб дзеці займаліся палітыкай.
Псыхолягі сьцьвярджаюць, што дзеля таго, каб засвоіць нейкае правіла
ці зразумець выснову, неабходна паўтарыць яе шэсьць разоў. Калі аднаму
кандыдату ў прэзыдэнты сказалі, што яго падтрымліваюць усе ўдумлівыя амэрыканцы,
ён сказаў, што гэтага мала, бо патрэбная большасьць. Праблема зь цяперашнім
урокам дэмакратыі ў тым, што яго выкладаюць адразу два выкладчыкі, якія
супрацьлегла ацэньваюць сытуацыю. Але рыса якую неўзабаве падвядзе трэцяя
улада – суд – будзе канчальнай. Да наступных выбараў, зразумела.
Аляксандар Лукашук,
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард
Гувэраўскі інстытут, Стэнфард