Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вежа ў тумане


...Ён хацеў назваць гэтую кнігу «Крэпасьць», а назваў — «Татарская пустэльня»: і адразу гучнейшы зрабіўся тупат нябачных капытоў, і з расколін у гарах падняўся туман, і вартавыя на вежы насунулі ніжэй свае каскі. Ён напісаў пра чаканьне пагрозы, пра яго сэнс, яго бясконцасьць і яго бессэнсоўнасьць. Ён перанёс час туды, дзе яму самае месца — у горы на самай мяжы.

28 студзеня 1972 году ў Міляне памёр Дзіна Буцаці, як на мой погляд: адзін з шасьці найвялікшых італійскіх пісьменьнікаў дваццатага стагодзьдзя, аўтар раманаў, апавяданьняў, п’есаў, драмаў і вершаў. Ён меў прызнаньне і атрымліваў прэміі — але якая прэмія можа параўнацца з той узнагародай, якую Буцаці атрымаў з Аргентыны: Борхэс уключыў «Татарскую пустэльню» ў сваю знакамітую «Бібліятэку». Ён... Але ж «агласіце ўвесь сьпісак!» — аглашаю: Звэва, Буцаці, Кальвіна, Манганэлі, Ляндольфі, Эка.

У біяграфіі Буцаці, небагатай на крутыя павароты і каскадзёрскія трукі лёсу (зрэшты, толькі такі чалавек і мог напісаць «Пустэльню»), зьдзіўляюць найперш тры факты. І першы зь іх — палітычны. Большасьць ягоных найлепшых рэчаў была напісаная за фашысцкім рэжымам, у сьвеце, фактычна, прыдуманым Кафкам — і Буцаці без асаблівых праблем здолеў іх апублікаваць. У Італіі ніхто не паліў ягоных кніг, ня ўносіў іх у чорныя сьпісы і не пазбаўляў аўтара грамадзянства — што, між іншым, яшчэ раз даказвае недарэчнасьць прынятага ў нас ужываньня тэрміну «фашызм», бо пры ўсёй адыёзнасьці рэжыму Мусаліні ставіць яго побач з гітлераўскім нацызмам усё ж ня надта карэктна. Калі б Буцаці так жыў і пісаў у Нямеччыне трыццатых-саракавых, яго не марудзячы запісалі б у entartete Kunst і як мінімум засунулі ў канцлягер. Буцаці ніхто не выганяў з працы, ён адслужыў у войску і нават пабыў акупантам у Паўночнай Афрыцы — і адзін бог ведае, што рабілася ў ягонай душы, пакуль Мусаліні не заняў сваё законнае месца ў пекле. Буцаці сам быў вежай — і гэта дапамагло яму выжыць.

Факт другі, ня менш цікавы. Зусім маладым чалавекам Буцаці пайшоў працаваць журналістам у рэспэктабэльную «Corriere della Sera» — і працаваў там, бадай, усё жыцьцё, амаль да самае сьмерці. Можна толькі здагадвацца, якой мусіць быць журналістыка, зь яе канвэерамі, дэдлайнамі і непазьбежным дагаджаньнем публіцы, каб ня толькі не сапсаваць, але зьберагчы талент Буцаці — кафкіянскі талент містыка, думаньніка і чараўніка.

І трэцяе: Буцаці, бадай, усе шэсьцьдзесят шэсьць адпушчаных яму гадоў быў са сваёй маці, ніколі не расстаючыся зь ёй надоўга. Маці, сама дачка вядомага некалі італьянскага пісьменьніка, разумела яго і падтрымлівала — што ў сусьветнай літаратуры зь яе душадзёрнымі канфліктамі бацькоў і дзяцей бывае вельмі нячаста. І калі чытаеш цяпер, напрыклад, пра ўзаемную любоў Мішэля Ўэльбэка і ягонай маман, узьнікае пачуцьцё нейкай прыкрай недарэчнасьці і нават гідлівасьці — прыклад Буцаці прымушае хутчэй забыцца на гэта, столькі сьвятла было ў ягонай ціхай любові. Ня менш, чым у Рамэна Гары.

У Буцаці ня знойдзеш стылістычных выкрутасаў і грувасткіх вобразаў, і пры гэтым ён пісаў пра складаныя рэчы. Меў асаблівую зброю — вельмі адмысловую інтанацыю, якую немагчыма імітаваць. І ўмеў быць розным. Казка «Нашэсьце мядзьведзяў на Сыцылію» — таксама пра інвазію, пра тую, якая ўжо адбылася, і хто б мог падумаць, што гэта стварыў той самы аўтар, які падарыў нам «Пустэльню». «Сем вестуноў» і «Сем паверхаў», як і большасьць апавяданьняў Буцаці — прыпавесьці пра тупік, у які заганяе сябе чалавек. Заганяе сам. Але і ў гэтых тэкстах за вонкавай безвыходнасьцю заўсёды ёсьць дзьверы ў сад, той самы, сад тысячы розных сьцяжынаў. І вось ты стаіш перад імі і адчуваеш: нешта здарылася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG