Як паведаміў БелаПАН афіцыйны прадстаўнік Упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў, сабраныя доказы не пацьвярджаюць, што падазраваныя супрацоўнікі міліцыі ўчынілі дзеяньні, якія крымінальна караюцца.
У той жа час, адзначыў ён, «устаноўлены парушэньні міліцыянтамі Крымінальна-працэсуальнага кодэксу пры правядзеньні працэсуальных дзеяньняў». Таму да іх прымененыя меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня.
Аб катаваньнях у дачыненьні да Сарочыка, вартаўніка аўтастаянкі, якая знаходзіцца на вуліцы Малініна ў Менску і належыць УП «Рамэн», паведаміла праваабарончая інфармацыйна-асветніцкая ўстанова «Плятформа». На сайце «Плятформы» быў размешчаны відэазапіс аповяду пацярпелага. Затым ён паўтарыў свой аповяд на прэс-канфэрэнцыі.
Інцыдэнт адбыўся сёлета 14 лістапада. Па словах Сарочыка, у пункт аховы аўтастаянкі прыйшлі два супрацоўнікі праваахоўных органаў, адзін зь якіх быў у цывільным. Не прад’яўляючы дакумэнтаў і нічога не тлумачачы, яны загадалі вартаўніку накіравацца ў Ленінскі РУУС. Каля гадзіны Сарочык знаходзіўся ў памяшканьні дзяжурнай частцы, а затым яго адвялі на допыт. Пазьней высьветлілася, што допыт праводзіла опэрупаўнаважаная Ленінскага РУУС Багданоўская Жана.
Па словах Сарочыка, опэрупаўнаважаная надзела на яго кайданкі і стала зьбіваць, патрабуючы прызнацца ў крадзяжы надмагільных пліт, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама саляркі і акумулятараў з машын. Акрамя таго, ад вартаўніка спрабавалі дамагчыся прызнаньня ў тым, што ён пэрыядычна рабаваў кіёскі на рынку.
Пэнсыянэр паспрабаваў растлумачыць, што ня ведае, пра што ідзе гаворка, але пасля гэтага пабоі толькі ўзмацніліся. Як сьцвярджае Сарочык, яго білі нагамі і дубінкамі па галаве і целе, да зьбіцьця пэрыядычна падлучаліся іншыя супрацоўнікі РУУС. Катаваньні суправаджаліся нецэнзурнай лаянкай і пагрозамі забойства. Калі пажылы чалавек губляў прытомнасьць, яго прыводзілі ў пачуцьцё, абліваючы халоднай вадой.
Усё гэта доўжылася прыкладна шэсьць гадзінаў, але ніякага прызнаньня ад Сарочыка міліцыянты не атрымалі. У выніку ў дачыненьні да яго склалі нейкі дакумэнт, які пэнсыянэр падпісаў, будучы ўжо ня ў стане яго прачытаць, і адпусьцілі дадому.
Зь міліцыі Сарочык адправіўся ў 10-ю гарадзкую клінічную бальніцу, каб зьняць пабоі, але там ад яго запатрабавалі накіраваньне з РУУС. Тады зьбіты вартаўнік зьвярнуўся з заявай у пракуратуру Ленінскага раёну Менску і ў ІПУ «Плятформа» з просьбай аб дапамозе. «Плятформа», у сваю чаргу, паінфармавала аб тым, што здарылася, Генпракуратуру, МУС і Сьледчы камітэт. Пракуратура накіравала матэрыялы ў Ленінскі раённы аддзел СК, які праводзіў праверку, затым працу працягнула ўпраўленьне Сьледчага камітэту па Менску.
У канцы лістапада зьявілася інфармацыя, што на Сарочыка пачаўся ціск з боку міліцыі. Яму тэлефанавалі прадстаўнікі Ленінскага РУУС, на аўтастаянцы, дзе ён працуе, спрабавалі пабываць некалькі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў. Праваабаронцы лічаць, што міліцыянты хацелі прымірыцца з пэнсыянэрам.
12 сьнежня МУС і СК афіцыйна заявілі, што асноўная задача сьледзтва па справе аб перавышэньні ўлады супрацоўнікамі Ленінскага РУУС — «правядзеньне незалежнага расьсьледаваньня і ўсталяваньне ісьціны».
13 сьнежня была абвешчана: сьледзтва прызнала падазраванымі ў зьдзяйсьненьні злачынства па ч. 3 арт. 426 КК чатырох службовых асобаў Ленінскага РУУС.
11 сьнежня былі праведзены працэдуры апазнаньня. Па іх выніках, а таксама на падставе іншых матэрыялаў крымінальнай справы сьледзтвам былі прынятыя працэсуальныя рашэньні аб прызнаньні супрацоўнікаў міліцыі падазраванымі. Мера стрыманьня ў дачыненні да іх не абіралася.
У статусе падазраваных знаходзіліся оперупаўнаважаны Жанна Багданоўская і трое супрацоўнікаў-мужчын, якіх апазнаў Сарочык.
Цяпер крымінальная справа ў дачыненьні да супрацоўнікаў Ленінскага РУУС Менску, удзельнікаў інцыдэнту з вартаўніком аўтастаянкі Васілём Сарочыком, спынена.