Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбітаму ў міліцыі пагражае 10 гадоў турмы

абноўлена

Васіль Сарочык
Васіль Сарочык

Інфармацыйна-асьветная ўстанова «Плятформа» правяла прэсавую канфэрэнцыю з удзелам Васіля Сарочыка, зьбітага супрацоўнікамі міліцыі Ленінскага раёну Менску.

Юрысты і праваабаронцы заяўляюць, што катаваньнямі ў спадара Сарочыка вымагалі прызнаньня ў злачынстве, якое караецца пазбаўленьнем волі да дзесяці гадоў.

Ахоўнік аўтастаянкі Васіль Сарочык кажа, што зьбіцьцём, зьдзекамі і пагрозамі ў Ленінскім райаддзеле міліцыі дамагаліся, каб ён прызнаўся ў крадзяжы мармуровай пліты коштам сем тысяч даляраў. На аўтастаянцы яе пакінуў прыватны прадпрымальнік па прозьвішчы Безручонак, у якога Васіль Сарочык працаваў раней. Сваё затрыманьне і зьбіцьцё пацярпелы лічыць помстай спадара Безручонка, зь якім у яго склаліся канфліктныя адносіны:

«Гэтая сьледчая Багданоўская казала мне таксама, што я пакраў акумулятары на аўтастаянцы, зьліваў з машын салярку, ускрываў кіёскі — вось усе гэтыя паклёпы бяздоказныя гэты Безручонак ёй выклаў, бо мы варагуем зь ім два гады. Бо калі мяне гэтая Багданоўская дапытвала, то ён зь ёй увесь час трымаў сувязь».

Васіль Сарочык. Сьляды ад кайданкаў
Васіль Сарочык. Сьляды ад кайданкаў


Кіраўнік «Плятформы» Андрэй Бандарэнка кажа, што праваабарончая арганізацыя ўпершыню спатыкаецца са сьведчаньнем таго, што ў катаваньнях затрыманых удзел бярэ жанчына. Што ж тычыцца зьбіцьця людзей у міліцэйскіх пастарунках, і ў прыватнасьці ў Ленінскім райаддзеле, то гэты факт далёка ня першы. Гаворыць Андрэй Бандарэнка:

«Кабінэт 235 і Ленінскі райаддзел міліцыі фігуруюць не ў адным выпадку зьбіцьця людзей. Нам вядомыя некалькі такіх прыкладаў, і мы знайшлі гэтых людзей. Але ў гэтым выпадку факт яшчэ больш абуральны, бо ў катаваньнях удзельнічалі ня проста супрацоўнікі міліцыі, а жанчына. Як мы называем, кабінэт 235 — тэрыторыя катаваньняў Ленінскага РУУС».

Андрэй Бандарэнка, Васіль Сарочык, Мікіта Ліхавід
Андрэй Бандарэнка, Васіль Сарочык, Мікіта Ліхавід


Праваабаронцы заяўляюць, што паводле абвінавачаньняў, выстаўленых на словах Васілю Сарочыку, яму пагражае да дзесяці гадоў турмы. Але затрыманьне і допыт праводзіліся без складаньня пратаколу і без захаваньня многіх іншых працэсуальных нормаў. Зараз па гэтых фактах праводзіцца праверка, вынікам якой могуць быць два варыянты далейшых падзеяў, кажа кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак:

«Могуць адмовіць у завядзеньні крымінальнай справы з тае прычыны, што, маўляў, ён сам сябе прыкаваў да батарэі і біўся галавой. Альбо распачаць крымінальную справу — адно з двух рашэньняў мусяць прыняць. Я лічу, што ўладам пара спыніць гэтую заганную практыку адмаўляць у завядзеньні крымінальных спраў у выпадку відавочнага парушэньня законнасьці. І калі б усе беларусы гэтак жа дамагаліся сваіх правоў, то мы б ужо ў іншай краіне жылі».

У гэтай справе праваабаронцы таксама маюць намер зьвярнуцца з запытам да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча.

Васіль Сарочык пра зьбіцьцё ў міліцыі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:44 0:00
Наўпроставы лінк
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG